Вы тут

Міні-ГЭС на Іпуці ўведзена ў эксплуатацыю


Праз 121 год на месцы самай першай беларускай ГЭС пачала працаваць сучасная гідраэлектрастанцыя. Першая на тэрыторыі Гомельскай вобласці крыніца «зялёнай» энергіі пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю на рацэ Іпуць у Добрушы.


Прамысловы раённы цэнтр Гомельшчыны другі раз за гісторыю свайго існавання стаў сведкам сапраўды гістарычнай падзеі. Вядома, што менавіта ў Добрушы ў 1899 годзе з'явілася першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі гідраэлектрастанцыя. Зручнае месца для будаўніцтва ГЭС знайшлося тады амаль у цэнтры горада, на рацэ Іпуць. Водная артэрыя была прыдатна для гэтага, бо яшчэ на пачатку 70-х гадоў ХІХ стагоддзя на ёй пабудавалі дамбу. Такім чынам вырашалі праблему водазабеспячэння папяровай фабрыкі князя Паскевіча — аднаго з самых перадавых прадпрыемстваў свайго часу, якое не магло абыходзіцца без электрычнасці. Міні-ГЭС на Іпуці тады падарыла магчымасць асвятлення ў цэхах, запусціла станкі прадпрыемства.

Сучасная Добрушская міні-ГЭС з’явілася практычна на тым жа месцы, дзе працавала яе папярэдніца. Плюсы новай крыніцы «зялёнай» энергіі вядомыя: не патрабуе выкапнёвага паліва, не забруджвае навакольнае асяроддзе, не шкодзіць насельнікам ракі: рыба можа свабодна праходзіць праз турбіны.

Прадпрыемства — аб’ект інвестыцыйнага праекта, што рэалізаваны таварыствам «ДобГідраІнвест». Яшчэ ў 2016 годзе яно заключыла інвестдагавор з Гомельскім аблвыканкамам аб будаўніцтве міні-ГЭС на рацэ Іпуць. Заяўлены аб’ём інвестыцый тады быў каля мільёна долараў ЗША. Праектная магутнасць гідраэлектрастанцыі ацэньвалася ў 700 кВт⋅г, аднак пазней праект падкарэкціравалі і магутнасць турбін паменшылі.

Цяпер міні-ГЭС на Іпуці — трэцяя, што дзейнічае ў Беларусі, і першая — у Гомельскай вобласці. Такая невялікая колькасць тлумачыцца тым, што для работы падобных станцый неабходны перапад вады, але амаль усе рэкі ў нашай краіне роўныя. Неспрыяльным для работы гідраэнергетыкі лічыцца высокі ўзровень вады ў паводку ці наадварот — адсутнасць вады праз засуху, што больш актуальна ў апошнія гады.

— Дзесяць месяцаў у годзе ГЭС павінна працаваць. Але пры паводкавай сітуацыі электрастанцыя проста фізічна гэтага не зможа, прытым мінімальны ўзровень вады — 140 сантыметраў. Такі павінен быць перапад у гэтай рэчцы, — тлумачыць намеснік дырэктара ТАА «ДобГідраІнвест» Аляксандр Пахомаў. — У адваротным выпадку электраэнергія выпрацоўвацца не будзе. Напрыклад, электрастанцыя павінна выпрацоўваць 450 кВт⋅г, але ў анамальны год, такі як гэты, яна выпрацоўвае 300 — заканамерна, бо доўга не было дажджоў, зімой не было снегу. Вось пайшлі дажджы — бачым пад’ём па выпрацоўцы энергіі і перадачы яе ў сетку.

Добрушская міні-ГЭС працуе ў аўтаматычным рэжыме і дыстанцыйна кіруецца аператарамі з Віцебска. Дзяжурныя супрацоўнікі на месцы патрэбны на выпадак непрадбачаных сітуацый. Асноўнае абсталяванне выраблена ў КНР. Станцыя працуе ўсяго на тры турбіны, пры гэтым яна не самая маленькая сярод гідраэлектрастанцый Беларусі. Як усе айчынныя ГЭС, Добрушская станцыя нізканапорная, што абумоўлена раўніннай тэрыторыяй рэчышча.

Пусканаладачныя работы на аб’екце доўжыліся каля месяца. У выніку жыхары райцэнтра атрымалі і новыя рабочыя месцы.

— Праблем не было, але наладка праграмнага забеспячэння, аўтаматычнага кіравання, сам запуск, будаўнічыя работы — усё гэта было нялёгка, — расказвае галоўны энергетык ТАА «ДобГідраІнвест» Генадзь Белянкоў. — Мы нават працавалі да дзевяці-дзесяці вечара, бо трэба было ўводзіць аб’ект у эксплуатацыю, вось гэта было складана. А цяпер усё проста.

Галоўны энергетык засяроджвае ўвагу на нюансах работы станцыі:

— Спачатку вада паступае на лопасці турбіны, яна раскручваецца, далей праз падшыпнікавы вузел паступае на рэдуктар, пасля ідзе на генератар. Ён выпрацоўвае электрычны ток. У нас тры машыны, кожная разлічана на 150 кВт⋅г.

Што датычыцца магчымасцяў Добрушскай міні-ГЭС, то за гадзіну тут можна атрымаць 450 кілават электраэнергіі, якая потым пастаўляецца ў агульную сетку прадпрыемства «Гомельэнерга». Планаваная штогадовая выпрацоўка электрычнай энергіі на міні-ГЭС складае 2,4 мільёна кВт⋅г. Разліковы тэрмін акупнасці інвест-праекта — 5–7 гадоў.

Цяпер станцыя працуе ў штатным рэжыме. Праўда, пакуль толькі на 70 %.

Між тым попыт на чыстую энергію павышаецца. Напрыклад, толькі з Добрушскай міні-ГЭС кантракты на пастаўку энергіі заключаны ўжо на 10 гадоў наперад. Гэта пры тым, што да нядаўняга часу ў рэгіёне ўвогуле не было магчымасці задзейнічаць патэнцыял ветра- і гідраэнергетыкі.

Наогул укладаць сродкі ў «зялёную» энергетыку цяпер сусветная тэндэнцыя. Для Беларусі з яе водным багаццем шлях больш чым перспектыўны. Паводле ацэнак навукоўцаў, беларускія рэкі маглі б забяспечыць вытворчасць не менш чым 250 мегават электраэнергіі. Гэта тэхнічна даступны сёння рэсурс, аднак выкарыстаны ён пакуль менш чым на 10 %.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Энергетычная рэінкарнацыя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.