Вы тут

Шэрынг ровараў, водарастваральныя фарбы, аздараўленне Свіслачы


Цягам апошніх гадоў у Мінску назіраецца тэндэнцыя зніжэння аб'ёмаў шкодных выкідаў у атмасферу, а экалагічная сітуацыя ў цэлым застаецца стабільнай. Немалую ролю ў гэтым адыгрывае дзейнасць гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, запэўніў яго старшыня Сцяпан ДУБНІЦКІ, які расказаў пра экалагічную палітыку сталіцы.


Больш ДМР

Мінск — не толькі буйны індустрыяльны цэнтр краіны, але і адзін з найпрыгажэйшых і найчысцейшых еўрапейскіх гарадоў. Дзеля захавання гэтага ў сталіцы прымаюцца ўсе меры, каб мінімізаваць узровень негатыўнага антрапагеннага ўздзеяння, расказаў старшыня камітэта прыродных рэсурсаў:

— Ва ўмовах высокай тэхнагеннай нагрузкі на наваколле, якую аказваюць прамысловыя прадпрыемствы і транспарт, цалкам прадухіліць негатыўныя наступствы гаспадарчай дзейнасці, вядома, немагчыма. Аднак палітыка Мінгарвыканкама і нашага камітэта, скіраваная на сбалансаванае развіццё гарадской інфраструктуры, ажыццяўляецца на аснове доўгатэрміновых экалагічных праграм і адпавядае прынцыпам нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2020 года. Стратэгія экалагічнай палітыкі горада закладзена і ў генеральны план развіцця сталіцы з прылеглымі тэрыторыямі ў межах перспектыўнай гарадской мяжы.

Кантрольная дзейнасць камітэта ў сферы абыходжання з адходамі накіравана на недапушчэнне захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), павелічэнне іх вымання з адходаў і эксплуатацыю палігонаў у адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі. Налета ўзровень вымання і перапрацоўкі ДМР павінен дасягнуць 30 %.

З мэтай прадухілення негатыўнага ўплыву адходаў на наваколле прадпрыемствам «Мінскводаканал», напрыклад, эксплуатуецца аб'ект па захаванні адходаў асадкаў збудаванняў біялагічных гаспадарча-фекальных сцёкавых вод. А арганізацыя «Гордарбуд» распрацавала перадпраектную дакументацыю па рэкультывацыі палігона «Паўночны».

Менш ПХБ

Летась падчас абследавання палігонаў «Трасцянецкі» і «Прудзішчы» камітэт знайшоў парушэнні пры захоўванні тут ДМР. Вінаватых асоб аштрафавалі больш чым на сем тысяч рублёў, а палігон «Прудзішчы» вывелі з эксплуатацыі. Камітэт таксама выдаў рэкамендацыі адносна эксплуатацыі палігона «Трасцянецкі», выкананне якіх запланавана на гэты год.

— За кошт павелічэння аб'ёмаў нарыхтоўкі асноўных відаў другаснай сыравіны летась выкарыстанне цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) склала 25,7 % ад утвораных, — паведаміў Сцяпан Дубніцкі. — Па выніках 2018-га паказчык вымання ДМР з ЦКА быў 14,7 %.

Каб не дапусціць забруджвання асяроддзя ўстойлівымі злучэннямі поліхларараваных біфенілаў (ПХБ), камітэт летась ажыццявіў 25 выбарачных праверак і 35 маніторынгаў суб'ектаў гаспадарання, якія працуюць з такімі адходамі. За 2016—2019 гады ў Мінску выведзены з эксплуатацыі 4603 адзінкі абсталявання, якое ўтрымлівае ПХБ. Гэта 73,6 % ад узроўню наяўнасці такога абсталявання ў 2015-м. У 2021 годзе па ўсёй краіне трэба вывесці з ужытку 50 % такога абсталявання ў параўнанні з лічбамі 2015-га.

Ровар і самакат супраць аўто

Летась аб'ём выкідаў забруджваючых рэчываў у атмасферу застаўся на ўзроўні мінулых гадоў — 18,3 тысячы тон. А мадэрнізацыя вытворчых працэсаў, змяненне сыравіны і матэрыялаў, якія ўжываюцца, і пераход на выкарыстанне водарастваральных фарбаў дазволілі знізіць выкіды арганічных лятучых злучэнняў у паветра і павысіць эфектыўнасць газачыставога абсталявання, паведаміў старшыня камітэта. Тым не менш Заводскі, Фрунзенскі і Партызанскі — раёны з найбольшай эмісіяй, а больш за 80 % выкідаў ствараюць мабільныя крыніцы — транспарт. Летась яны спрадукавалі 130,1 тысячы тон выкідаў. Аднак гэта на 5,5 тысячы менш, чым у 2018-м.

— Скарачэнне выкідаў абумоўлена абнаўленнем парка аўтатэхнікі, аптымізацыяй арганізацыі дарожнага руху,
большым выкарыстаннем грамадскага транспарта замест асабістага. А таксама — павышэннем якасці маторнага паліва, пераводам асабістых аўто на работу на кампрыміраваным звадкаваным газе і развіццём сеткі электробусаў, — растлумачыў Сцяпан Дубніцкі.

Усё больш папулярнымі становяцца ровары, многія перайшлі на самакаты. З вясны ў пракаце з'явіліся электраровары.

Зоны рэкрэацыі і батанічныя помнікі

Сталіца можа пахваліцца не толькі мерапрыемствамі па ахове экалогіі, але і выдатнымі помнікамі расліннага і жывёльнага свету.

За экалагічнай абстаноўкай у горадзе сочаць на пунктах назіранняў маніторынгу атмасфернага паветра ў прамысловых раёнах Мінска: на праспекце Незалежнасці і вуліцах Ціміразева, Каржанеўскага, Радыяльнай, Герояў 120-й дывізіі.

Яшчэ ў 2016-м зацверджаны мерапрыемствы па аздараўленні ракі Свіслач, яе прытокаў і прылеглай тэрыторыі. Яны прадугледжваюць стварэнне ачышчальных збудаванняў паверхневых сцёкавых вод, умацаванне берагавой лініі, уладкаванне ў прыбярэжнай зоне вела- і экасцежак, месцаў для рэкрэацыі і турызму. Гідрахімічны статус Свіслачы ацэньваецца як выдатны і добры.

На тэрыторыі горада існуе чатыры асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Гэта батанічны сад, парк камянёў, заказнікі Лябяжы і Сціклева. У 2017-м у Мінску з'явілася восем батанічных помнікаў прыроды мясцовага значэння: дубова-ліпавы масіў «Белая дача» з дрэвамі ўзростам 100—120 гадоў, «Векавая алея» і «Векавая дуброва» парка «Курасоўшчына», «Клёны Аляксандраўскага сквера» — два дрэвы, якім каля 140 гадоў, «Ясень Аляксандраўскага сквера», пасаджаны прыкладна ў сярэдзіне XІX стагоддзя, «Ліпа Губернатарскага саду», «Таполя-велікан», «Векавы дуб» у парку Горкага.

У сталіцы можна знайсці 35 відаў рэдкіх раслін і дзікіх жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Створана 11 экасцежак, найбольш папулярныя з якіх — «Горад птушак», «Каменная горка» і «Чыжоўка».

5 чэрвеня стартуе рэспубліканская акцыя «Раскажы пра сваю крыніцу», якую Міністэрства прыроды праводзіць пад лозунгам «Уладкуем малую радзіму». Кожны, хто жадае паўдзельнічаць, можа даследа-ваць і добраўпарадкаваць крыніцу і даслаць матэрыялы на конкурс у Цэнтральны навукова-даследчы ін-стытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.