Вы тут

6 чэрвеня Аляксей Дудараў адзначыць 70-годдзе


6 чэрвеня заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксей Дудараў адзначыць 70-годдзе. Да дня нараджэння драматурга сацыякультурны тэлеканал падрыхтаваў да эфіру кінастужкі і спектакль паводле яго сцэнарыяў і лібрэта, а таксама тэлепраграмы з яго ўдзелам.


Ужо сёння гледачы ўбачаць меладраму Ігара Дабралюбава «Восеньскія сны» па матывах п'есы Аляксея Дударава «Вечар». Суботні вечар прыхільнікі творчасці юбіляра змогуць правесці ў яго кампаніі — у праекце «Суразмоўцы» выйдзе інтэрв'ю з драматургам, а адразу пасля яго — паказ самай народнай камедыі «Белыя росы» Ігара Дабралюбава па сцэнарыі Аляксея Дударава. Фільм, зняты на «Беларусьфільме» ў 1983 годзе, паказаў, як працэс урбанізацыі руйнуе жыццёвы ўклад вясковага жыцця, а галоўныя героі — простыя людзі, якія на фоне перамен перажываюць свае ўласныя трагедыі.

Дарэчы, фільм у свой час стаў самым касавым у гісторыі беларускага кінематографа, сабраўшы ў кінатэатрах 36,1 мільёна гледачоў (пасля гэты рэкорд пабіў паказ карціны «Мяне завуць Арлекіна»), а часопіс «Экран» прызнаў «Белыя росы» найлепшай камедыяй года. Здымкі, нагадаем, праходзілі ў Гродне і на ўскраінах: дамы, дзе пражывалі героі фільма, знаходзіліся ў вёсцы Дзевятоўка, якая планавалася да зносу яшчэ з 1979 года: апошні дом быў знесены ў 2017-м, і там цяпер будуюцца шматпавярховікі. У масоўцы фільма здымаліся мясцовыя жыхары, якім плацілі па пяць рублёў за дзень.

...Сцэнарый да фільма Аляксей Дудараў напісаў у 30-гадовым узросце для конкурсу, які ў той час праводзіла кінастудыя «Беларусьфільм» (праект пераможцы адразу ішоў у кінавытворчасць). Пісаў ён па начах пасля спектакляў і рэпетыцый, бо працаваў тады акцёрам у Беларускім ТЮГу. Першапачаткова, па задумцы аўтара, усе тры браты былі блізнятамі. Але пазней з-за немагчымасці знайсці акцёраў з аднолькавай знешнасцю ад ідэі адмовіліся... Хапала розных перыпетый і ў пытанні падбору акцёраў на ролі. Так, напрыклад, увасобіць Фёдара Ходаса на экране жадалі Леў Дураў, Юрый Нікулін і Павел Кармунін, аднак ідэальна падышоў на вобраз Усевалад Санаеў — акцёр пасля атрымаў на Усесаюзным фестывалі ўзнагароду за найлепшую мужчынскую ролю. У ролі сына Васіля гледачы маглі б убачыць Яўгена Сцяблова, Валерыя Залатухіна ці кагосьці іншага, а дасталася яна Мікалаю Карачанцаву.

Калі прайсціся па некаторых эпізодах, таксама можна даведацца пра цікавыя рэчы. Памятаеце, як сабаку даюць пакаштаваць хлеб са спіртным? Той эпізод сцэнарыст узяў з уласнай армейскай біяграфіі. На шчасце, у абодвух выпадках жывёле такі эксперымент не пашкодзіў. І ў выпадку, калі герой Карачанцава залазіць на буслянку, не ўсё было проста. Як расказваў сам сцэнарыст фільма, акцёр баяўся вышыні, таму яго ледзь угаварылі на гэты эпізод, а здымалі Карачанцава адтуль ужо з дапамогай пажарнай лесвіцы. Саму птушку прывозілі з Гродзенскага заапарка, і ў штат здымачнай групы быў спецыяльна ўключаны арнітолаг. Некаторыя сцэны, што з'явіліся ў працэсе работы над фільмам, не трапілі з розных прычын у канчатковую версію «Белых рос». Напрыклад, у адным з варыянтаў фіналу Фёдар Ходас паміраў: ён браў Васеў гармонік і на досвітку, перабіраючы клавішы, заціхаў, назіраючы за бульдозерамі і трактарамі, якія накіроўваюцца зносіць вёску...

Застаўся і матэрыяльны след на памяць ад здымак кінастужкі. У маі 2018 года на месцы былой вёскі ўстанавілі драўляныя скульптуры герояў фільма — Фёдаса Ходаса, яго суседа Цімафея і сабакі Валета.

...Пасля паказу фільма «Белыя росы» праграма «Майстры і куміры» прапануе азнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі, звязанымі з творчым жыццём Аляксея Дударава. А завершыць вечар аповед Наталлі Бібікавай пра спектакль Купалаўскага тэатра «Вечар» у праекце «Тэатр у дэталях». У нядзелю гледачоў яшчэ чакае паказ балета «Вітаўт» Вячаслава Кузняцова ў пастаноўцы Вялікага тэатра Беларусі, лібрэта да якога напісаў Аляксей Дудараў.

Сказана:

— Баця, скажы: як пражыць, каб не прытаміцца? — Піць менш трэба.

— Людзі не языкамі павінны размаўляць. — А чым? — Душой! А калі ёй не атрымліваецца, то чаго языкамі дарэмна трапацца?

— Да чаго людзі дайшлі! Бабы дзяцей перасталі нараджаць! Хутка на вуліцу выйдзеш — павітацца не будзе з кім!

Алена ДРАПКО

Фота Белтэлерадыёкампаніі

Загаловак у газеце: Праверана часам і народнай любоўю

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.