Вы тут

Паляванне на прывіда, або як заахвоціць беларусаў вандраваць па Беларусі


Пагартала свае запісы і згледзела — роўна дваццаць тры гады назад, акурат пятага чэрвеня ў далёкім ужо 97-м мінулага стагоддзя мы ездзілі ў славутыя сёння Гальшаны з мэтай ні больш ні менш — калі не злавіць, дык хоць бы убачыць тамтэйшага прывіда. Тады ён толькі пачаў даваць пра сябе знаць, і двое маладых журналістаў вырашылі праверыць, ці ёсць там што сапраўды незвычайнае. Вырашылі нават пераначаваць у тым будынку, дзе прывід з'яўляецца. Начытаўшыся Караткевіча, рушылі ў мястэчка пад Ашмянамі. Настрой быў натхнёны і містычны, буйна красаваў бэз, а на небе акурат у той час (як, дарэчы, і сёлета) з'яўлялася жоўтая вялізная поўня... Калі, як не тады, і каму, як не нам, той прывід павінны быў аб'явіцца?


Фота: explore.by

Дарэчы, пра Гальшанскага прывіда ў той час толькі пачалі гаварыць, і быў ён з'явай абсалютна мясцовага маштабу. З'яўляўся не ў замку — тым, хто быў там, не трэба тлумачыць, чаму: ад колісь прыгожага палаца ў канцы дваццатага стагоддзя засталіся адны зусім не маляўнічыя руіны. Прывід жа абраў у якасці рэзідэнцыі будынак былога францысканскага кляштара, што ў цэнтры мястэчка, побач з барокавым касцёлам. У таўшчэзных сценах, у якіх было халаднавата нават у летнюю спёку, у той час адбывалася сапраўды нешта нявытлумачанае. Прынамсі, так нас пераконвалі супрацоўнікі мастацкай галерэі, якая ў той час размяшчалася там. Нібыта і святло само запальвалася, і цені нейкія незвычайныя па пакоях шугалі. А прыезджыя рэстаўратары ды мастакі, якіх у кляштары начаваць пакідалі, і зусім літаральна па столі хадзілі — ці то мроілася ім тое, ці то сапраўды пачуццё гравітацыі страчвалі, і прывід іх уніз галавой цягаў... Праўда, даверу іх сведчанні асабліва не выклікалі, бо творчыя людзі — самі ведаеце... карацей, невядома, што яны перад тым, як легчы спаць, курылі ці выпівалі...

Дзеля чысціні эксперымента мы нават кавы ў той дзень не пілі. З абсалютна чыстым сумленнем, цвярозымі мазгамі і шчырым намерам дакапацца да праўды мы накіраваліся ў той пакой, дзе прывід, якога ніхто не бачыў, найчасцей рабіў замах на душэўнае здароўе начлежнікаў. Вакол была цішыня, поўня ў вокны свяціла ва ўсю моц. Але... акрамя сапраўды нейкага незвычайнага шапацення ў адным з кутоў (цяпер дарослымі мазгамі думаю, што гэта хутчэй за ўсё астывала нагрэтая за дзень цэгла) ды нейкай шэрай імгненнай мітуслівасці пад столлю (зноў жа сёння думаеш: калі не спіш усю ноч ды нечага напружана чакаеш, і не такія «мухі» ў вачах прымрояцца) нічога не ўбачылі. Што не перашкодзіла напісаць вялікі рэпартаж з апісаннем усіх нашых прыгод і чаканняў, з перадгісторыяй містычнага пытання і з надзвычай цікавай і багатай на падзеі і людзей гісторыяй самога мястэчка, з паралелямі, што знайшлі ў «Чорным замку» Караткевіча. Карацей, кожнае слова ў тым рэпартажы была чыстая праўда, і, нягледзячы на тое, што прывід нам так і не з'явіўся, нічога выдумляць не давялося.

Пасля нашай публікацыі ў Гальшаны паехалі калегі-тэлевізійшчыкі. Не раз і не два здымалі там розныя забаўляльныя перадачы, рабілі містычныя сюжэты з нагоды. І мястэчка, і прывід (якога, наколькі я ведаю, так ніхто і не ўбачыў), і нават замак (хоць, паўтаруся, насамрэч у адносінах да вартых жалю парэшткаў палаца гэта гучна сказана) сталі імёнамі агульнымі, дакладней — агульнавядомымі. І хто ведае — ці мелі б мы сёння папулярны фестываль «Гальшанскі замак», які збірае мноства ўдзельнікаў і гасцей зблізку і здалёк і робіць мястэчка адным з цікавых турыстычных аб'ектаў, ці былі б распачатыя рэстаўрацыя і рэканструкцыя самога замка, калі б не тыя нашы публікацыі і тэлесюжэты. І — самае галоўнае — калі б не людзі, якім прыйшла ў галаву геніяльная ідэя ўспомніць мясцовую гісторыю, дадаць у яе трохі містыкі (праўдзівай ці не — на сёння ўжо, згадзіцеся, зусім няважна) і распіярыць яе рукамі ласых на сенсацыі журналістаў (а мы на нешта незвычайнае заўсёды ласыя, прафесія ў нас такая). Тая ж Часлава Францаўна Акулевіч — наш тагачасны гальшанскі «гід» — магла б, напэўна, лекцыі чытаць тым, хто вывучае турыстычны маркетынг.

Сёння з-за пандэміі турыстычная галіна на мяжы выжывання, і эксперты сцвярджаюць, што ўтрымаецца на рынку толькі той, хто зробіць стаўку менавіта на ўнутраны турызм для ўласных жа грамадзян. Менавіта на падобных мясцовых менеджараў, якія глыбока ведаюць гісторыю таго ці іншага паселішча, у тым ліку і мясцовыя легенды, і нават намёкі на гэтыя легенды, і гатовы праяўляць творчасць і фантазію, і трэба арыентавацца тураператарам, якія будуць запрашаць беларусаў вандраваць па Беларусі. Бо гэта замежніка прывязі куды ў пушчу ці на аграсядзібу, і ён, захоплена войкаючы, будзе слухаць птушак, гладзіць парасят ды есці дранікі з мачанкай. Наш жа чалавек ад такіх прапаноў сумна пазяхне (знайшлі дзіва — лес ды вёска, сваё такое маем, прычым бясплатна) і зноў завядзе: «Ах-ах, мандаліны! Ах-ах, мусоны! // А ў нас так шэра! А ў нас так нудна!» А вось калі яму прапанаваць тую ж аграсядзібу з прыгодамі, з містыкай, аздобленымі мясцовым каларытам, прыпраўленымі легендамі ды паданнямі, — вось гэта беларуса, бадай, і зачэпіць.

Адкуль жа, спытаеце, тых легендаў і паданняў набрацца? «Калі няма — можна прыдумаць», — так і просіцца адказ. Мо яно і так. Але калі зацікавіцца, пакапацца ў гісторыі, параспытваць месцічаў... Глядзіш, так пакрысе самі для сябе сваю невядомую Беларусь і адкрыем.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.