Вы тут

Што здарыцца з зялёнай зонай пад вокнамi кватэр, побач з якімі рэканструююць краму?


Жыхары трох шматпавярховых дамоў у адным з двароў па вулiцы Савецкай у Рэчыцы вось ужо больш чым паўгода спрабуюць высветлiць лёс зялёнай зоны пад вокнамi iх кватэр. Пасля запланаванай рэканструкцыi крамы, што прыбудавана да жылога дома, ад дваровай тэрыторыi мала што застанецца, упэўнены мясцовыя жыхары.


Мацi чатырох дзяцей Алена Ляшчова iдзе на другi паверх дома ў сваю кватэру, што набыла ў складчыну з усёй раднёй для малодшай дачкi — цяпер i самой маладой мацi. Прапусцiўшы гасцей у кватэру, жанчына вядзе на кухню. Праз акно ўказвае на галоўны мiнус кватэры: гэта дах прыбудовы, якая праграваецца ў спякоту i «жарыць» у шкло яе акна. Да таго ж i вiд з кухнi — сцяна крамы.

Прыбудову зрабiў некалькi гадоў таму прадпрымальнiк, якi спачатку выкупiў кватэру на першым паверсе i вывеў яе з жылфонду. Потым узяў дазвол у Рэчыцкiм райвыканкаме, каб да сцяны сваёй «былой кватэры» прыбудаваць, так бы мовiць, адмысловы «флiгель». У гэтай прыбудове адкрылi краму бытавой хiмii. Менавiта пахi не давалi спакою жыхарам кватэры на другiм паверсе. Аднак летась да гэтага ж дома зноў сталi праяўляць iнтарэс iндывiдуальныя прадпрымальнiкi — як да магчымай гандлёвай кропкi.

— У кастрычнiку 2019 года мы атрымалi лiст з райвыканкама, што ў сувязi з будаўнiцтвам гаспадарчыя пабудовы ў нашым двары будуць знесены, — тлумачыць Алена Яўгенаўна. — Мы дамаглiся сустрэчы з прадпрымальнiкам, хоць дакладна нават не ведалi, гэта ён будаваць плануе, цi не. Ён нам паказаў план рэканструкцыi, а там такi размах!.. Наша кватэра, напрыклад, будзе абкладзена дахамi з усiх бакоў.

Алена Ляшчова ўжо не хавае эмоцыi i са слязамi на вачах працягвае расказваць, што адразу, як даведалiся пра будучую забудову, жыхары двухпавярховiка склалi калектыўны зварот у райвыканкам, прасiлi прыняць пад увагу, што ўмовы пражывання i карыстання дваровай тэрыторыяй будуць пагоршаны. Суседка Алены Яўгенаўны — Валянцiна Маўчанава — заклiкае нас выйсцi ў двор. Пачула, што будзе карэспандэнт i таксама просiць слова:

— Я ў гэтым двары нарадзiлася i вырасла. Да апошняга часу вось праз гэты праход, што заняла першая прыбудова да акна колiшняй кватэры, быў уваход у двор.

Яна гаворыць, што таксама звярталася ў раённую адмiнiстрацыю i пiсала, што праз брамку, якую зрабiлi для жыхароў iх дома з другога яго боку пасля першай рэканструкцыi, цяпер ходзяць усе, хто трымае курс да крамы. А яшчэ ж няма новай прыбудовы!

— У нас двор — быццам забягалаўка для распiцця напояў — зацiшак такi, якраз для вячэрнiх пасядзелак аматараў выцiць.

Жанчыны звяртаюць увагу: па плане, якi для iх раздрукаваў прадпрымальнiк, будучая прыбудова дойдзе якраз да вокнаў кватэры на першым паверсе i ўшчыльную — да ўваходных дзвярэй у пад'езд. Дарэчы, згодна з планам прыбудова — 200 квадратных метраў. Дзе яе размесцяць у гэтым сцiплым па памеры двары, жанчыны не могуць зразумець.

Тым часам Валянцiна Уладзiмiраўна працягвае: дом збудаваны ў 1958-м, некалi з пячным ацяпленнем, без ванных пакояў, балконаў, туалетаў. Умовы палепшылi ў 70-х гадах мiнулага стагоддзя.

— Нам у адным з адказаў пiсалi, што пасля рэканструкцыi нашага дома з'явiцца сацыяльны аб'ект, — узрушана суседка. — Але цi так гэта? У горадзе дастаткова месцаў, дзе можна пабудаваць краму цi нават гандлёвы цэнтр. Калi ласка, развiвайце прадпрымальнiцтва. Чаму гэта трэба рабiць у жылым доме, каб наогул пазбавiць людзей хоць малюсенькага, але свайго спакойнага двара?

I вось ужо ў двор, як на сход, высыпала яшчэ некалькi жанчын. Высвятляецца, гэта даўнiя актывiсты супраць ушчыльняльнай забудовы двара. Яны жывуць у суседнiм доме. Кажуць, што ў 2015 годзе дабiвалiся адмены будаўнiцтва гандлёвага пункта, што побач. Жанчыны ўказваюць на двухпавярховую краму, якая ўзвышаецца i стаiць ушчыльную да маленькай прыбудовы, што каля дома Алены Ляшчовай i Валянцiны Маўчанавай.

— Мы не можам нават уявiць, куды ў наш двор яшчэ можна ўпiхнуць тую «квадратуру», што прадпрымальнiк зацвердзiў у сваiм праекце, — абураецца цяпер Алена Ставiцкая. — Калi будавалi гэтую першую двухпавярховую краму пяць гадоў таму, то нам казалi, што ў двары будзе разваротная пляцоўка для аўтамабiляў. Але ў нас тут кругласутачная паркоўка выйшла. Мы акно не адкрываем нават у спякоту летам, бо тавар прывозяць разгружаць, потым паркуюцца наведвальнiкi.

Калi iх двор перажыве яшчэ адну перабудову, то пляцоўка пад разварот прасунецца далей уздоўж iх дома.

— Мы напiсалi лiст у райвыканкам з просьбай растлумачыць нам, што тут будзе адбывацца, як наогул перакрыюць двор i заезд у яго, калi новая забудова ўсё перакрые, — кажа Алена Аляксандраўна. — Я хадзiла асабiста, узялi мой тэлефон, абяцалi даць адказ, пакуль цiшыня.

Цяпер ужо другая жыхарка суседняга дома — Наталля Мiхальчанка — не вытрымлiвае i пачынае з горыччу расказваць, якi ўвогуле прывабны быў калiсьці iх агульны двор:

— Тут, дзе паставiлi першую двухпавярховую краму, быў кляновы сквер, а за нашым домам, насупраць гэтага маленькага старога двухпавярховiка — яблыневы сад. Калi пяць гадоў таму наш двор аблюбавалi для забудоў пад гандлёвыя пункты, мы ад нашага дома сабралi 90 подпiсаў супраць будаўнiцтва, ад суседняга дома 70. Звярталiся ў райвыканкам, аблвыканкам, нават пiсалi ў Мiнск. Адтуль далi на рэагаванне зноў Гомелю, i мы атрымалi адказ, што крама тут вельмi патрэбна гараджанам. Што было рабiць. Цяпер новая навала...

Да кагорты жанчын падыходзiць маладая дзяўчына. Маўляў, ведае, аб чым размова, таму не мае права абмiнуць спантанны сход i не выказаць сваё меркаванне. Кажа, што вырасла ў гэтым доме, двор заўсёды быў вельмi цiхi i ўтульны, цяпер — прахадны. Паставiлi плот i брамку для жыхароў дома, але яе часта ўзломваюць.

Некаторыя з жанчын прынеслi паперы з адказамi ад адмiнiстрацыi райвыканкама на iх калектыўныя звароты. Да апошняга часу ў мясцовых была надзея на рэакцыю ў межах грамадскага абмеркавання. Падчас яго многiя дасылалi свае лiсты з абурэннем наконт забудовы ў iх двары.

— Нас палохае i насцярожвае тое, што перад пачаткам грамадскага абмеркавання нам абяцалi правесцi прэзентацыю праекта новай прыбудовы да дома, — бярэ слова Алена Ляшчова. — Нiчога не зрабiлi, хоць прызначылi сустрэчу на май i пэўную дату вызначылi яшчэ ў канцы красавiка. 12 мая людзi сабралiся i, як кажуць, «пацалавалi дзверы», нiхто не папярэдзiў, што ўсё адмяняецца з-за эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi.

Мiж тым, як высветлiлася, сам прадпрымальнiк — суб'ект гаспадарання — растлумачыў па тэлефоне, што нават не ведаў аб негатыўным стаўленнi жыхароў да запланаванай забудовы ў двары. Па яго словах, усе дакументы ўзгоднены належным чынам, ёсць афiцыйнае рашэнне i дазвол на рэканструкцыю яго папярэдняга будынка, што ён узвёў памiж двухпавярховымi домам i крамай.

У Рэчыцкiм райвыканкаме сiтуацыю з будаўнiчымi планамi ў двары на цэнтральнай вулiцы растлумачыў намеснiк старшынi Яўген Юрчанка. Гэта за яго подпiсам жыхары пералiчаных двароў атрымалi адказы на свае звароты:

— Суб'ект гаспадарання, якi набыў кватэру на першым паверсе дома па вулiцы Савецкай, вывеў яе з жылфонду, потым падаў заяву на будаўнiцтва крамы. Цяпер уласнiк гандлёвага аб'екта плануе пашырацца i пабудаваць прыбудову.

Яўген Васiлевiч звяртае ўвагу на тое, што двор у цэнтры горада — гэта вельмi зручнае месца для развiцця гандлю. Тым больш што гэтыя дзве крамы, пабудаваныя побач з домам, — двухпавярховая з асартыментам абутку i маленькая з бытавой хiмiяй — карыстаюцца вялiкiм попытам у гараджан:

— Што датычыцца новай прыбудовы ў дваровай частцы, то пасля грамадскага абмеркавання будзе працаваць над гэтым пытаннем горадабудаўнiчы савет. Яго роля — улiчыць усе заўвагi-прапановы, вызначыць найлепшае рашэнне, каб усiм было зручна. У канчатковым варыянце будуць захаваны ўсе ўмовы для камфортнага асяроддзя, якiя, дарэчы, прапрацоўваюцца праектным iнстытутам.

Таксама прадстаўнiк Рэчыцкага райвыканкама звярнуў увагу на тое, што суб'ект гаспадарання прапанаваў за свой кошт зрабiць новую гаспадарчую пабудову для жыхароў дома, у якiм няма склепа. Бо падчас забудовы прыйдзецца знесцi стары драўляны хляўчук у цэнтры двара.

Жыхары вераць, што могуць яшчэ адстаяць свае правы, бо будаўнiцтва пагаршае ўмовы iх жыцця i карыстання агульнай дваровай тэрыторыяй. Мiж iншым, яны могуць скарыстаць сваё права падаць калектыўную iскавую заяву ў суд.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Кухня з вiдам на сцяну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».