Вы тут

Як працуюць сельскiя сацыяльныя работнiкi падчас пандэмii


Загадчыца 2-га аддзялення хатняй сацыяльнай дапамогi Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна ШАСТАК спяшалася ў райцэнтр: «Ужо трэцi раз буду атрымлiваць сродкi аховы i дэзынфекцыi ў раённай арганiзацыi таварыства Чырвонага Крыжа, — кажа Таццяна Мiкалаеўна. — Ён нам вельмi дапамагае: маскi, пальчаткi, антысептык нашы супрацоўнiкi атрымлiваюць рэгулярна. Вядома, клапоцiмся i пра сваiх падшэфных, i пра супрацоўнiкаў».


Загадчыца аддзялення Таццяна Шастак забяспечвае сродкамi дэзынфекцыi сацыяльнага работнiка Наталлю Данiлюк.

Спецыфiка эпiдсiтуацыi

Таццяна Шастак узначальвае другое аддзяленне, якое знаходзiцца ў Дзiвiне, былым райцэнтры, а цяпер паўднёвым населеным пункце на мяжы з Украiнай. Сваiм клопатам сацыяльныя работнiкi гэтага аддзялення ахоплiваюць больш за 260 чалавек. Падшэфныя пражываюць у дзевяцi вёсках Дзiвiнскага i Павiццеўскага сельсаветаў.

У аддзяленнi зараз працуе 45 сацыяльных работнiкаў, якiя дапамагаюць састарэлым, хворым людзям. У рабоце гэтай службы на сяле ёсць свае асаблiвасцi, таму што падшэфныя жывуць часцей у вясковых хатах без зручнасцяў, з пячным ацяпленнем. Работы па iх абслугоўваннi больш, да таго ж трэба ўлiчыць, што адлегласць памiж дамамi, а то i населенымi пунктамi часта вельмi нават адчувальная. Таму сацработнiкi маюць меней падшэфных, чым iх гарадскiя калегi.

А цяпер i спецыфiка работы крыху змянiлася. Паводле слоў Таццяны Шастак, некаторыя падшэфныя, праiнструктаваныя гарадскiмi дзецьмi, не хочуць камунiкаваць са староннiмi людзьмi. Iм цяпер толькi прадукты i лекi дастаўляюць пад дзверы дома. Ёсць адмысловая сiстэма стасункаў, калi сацыяльны работнiк прыносiць пакет з прадуктамi, пакiдае на ганку, забiрае грошы за пакупку ў схованцы. Але такiх пенсiянераў меншасць. Большая частка, наадварот, сумуе па стасунках з людзьмi, бо родныя сталi наведваць радзей, унукаў не пускаюць пагасцiць да бабуль. А пажылым людзям хочацца пагаварыць, абмяняцца думкамi, пачуць пра вясковыя навiны. Даводзiцца падстройвацца.

Прыборка, абед i экскурсiя

Сацработнiк Наталля Данiлюк мае зараз сем чалавек на абслугоўваннi.

— У маёй рабоце амаль нiчога не змянiлася, — расказвае Наталля Уладзiмiраўна. — Мае бабулькi мяне не баяцца, у дом пускаюць, усю работу i па доме, i ў двары раблю, як раней. Ну i вядома, у магазiны, аптэку хаджу для iх. Адзiнае, што папрасiла зрабiць кожную з iх, пакласцi каля ўмывальнiка кавалак гаспадарчага мыла. Па-мойму, найлепшы антысептык з прывычных мыйных сродкаў. Калi прыходжу ў дом, найперш старанна мыю рукi з гэтым мылам i прыступаю да работы. Вядома, карыстаюся маскай. Работы хапае. Ну, напрыклад, адзiн з маiх падшэфных — 90-гадовы Афанасiй Мiкiтавiч Гапановiч, вядомы ў Дзiвiне чалавек. Настаўнiк-пенсiянер займаецца краязнаўчай работай, напiсаў некалькi кнiг пра нашу вёску. Усё жыццё Афанасiй Мiкiтавiч працаваў у школе. Дзецi жывуць далёка. Ужо даўно ветэран пражывае адзiн. Вядома, дзецi да сябе клiчуць. I ўжо нiбы збiраўся ў канцы мiнулага года пераехаць да дачкi ў Пiцер. Але паехаў, крыху пабыў там i запатрабаваў везцi дадому. Бо там сядзець у кватэры чалавеку, якi прывык хадзiць па зямлi, няхай сабе i ў сваiм двары, аказалася цяжкiм выпрабаваннем. Гэта яшчэ Афанасiй Мiкiтавiч прыехаў своечасова, да ўсялякiх ускладненняў сiтуацыi, каранцiнаў i перабояў з транспартам... Хаджу да яго тры разы на тыдзень, забiраю бялiзну памыць, добра, што ў нас у аддзяленнi ёсць пральня. У хаце прыбiраю, нешта абавязкова есцi прыгатую, — гаворыць Наталля.

Цяпер пажылы чалавек нiкуды не выходзiць самастойна. Але ж яму вельмi цiкава, як у Дзiвiне iдзе падрыхтоўка да абласных дажынак, бо ў пасёлку як нiколi шмат робiцца па добраўпарадкаваннi, рамонце, абнаўленнi. «Бачу, як цiкаўнаму па характары чалавеку хочацца пабачыць усё на свае вочы, пабываць у прывычных для яго мясцiнах. Часам пасаджу яго ў сваю машыну, правязу па асноўных аб'ектах, пакажу, дзе што абнаўляецца, вось дзядуля i задаволены», — усмiхаецца Наталля.

У доме зiмоўкi i ў замяшчальнай сям'i

Павел Брыштэн — адзiны мужчына ў жаночым калектыве дзiвiнскiх сацработнiкаў. Ужо пяць гадоў ён паспяхова працуе ў гэтай галiне, i кiраўнiцтва аддзялення атрымлiвае толькi падзякi ад яго падшэфных. Зараз на абслугоўваннi ў Паўла пяць бабулек, усе жывуць у вёсцы Павiцце.

— Мае падшэфныя мяне чакаюць, як i раней, — кажа Павел. — Кожнай трэба дапамагчы па дамашняй гаспадарцы, прынесцi неабходныя прадукты, тавары, лекi. Я iм удзячны яшчэ i за тое, што пажылыя людзi вельмi адказныя i паслухмяныя. У гэтую няпростую пару нiкуды не выходзяць з дому, лiшнi раз не сустракаюцца, нават на лавачцы блiзка не сядзяць. Ды i iншыя аднавяскоўцы захоўваюць сацыяльную дыстанцыю, не збiраюцца, як раней у чэргах у краме, iншых сацыяльных установах. Усё гэта i ёсць патрэбныя меры перасцярогi, пра якiя мы не стамляемся нагадваць пажылым людзям.

Павел Брыштэн дапамагае таксама Васiлiне Раманаўне Герасiмiк у яе доме зiмоўкi. Такi адмысловы дом па падказцы сацыяльнай службы арганiзавалi ў Павiццi. На зiму сыходзяцца дзве пенсiянеркi, а дакладней, да Васiлiны Раманаўны перабiраецца Ганна Арсенцеўна Жук. Удзвюх iм лягчэй ладзiць хатнюю гаспадарку, палiць у печы, гатаваць ежу. Ды i эканомiя адчувальная: дроў, брыкету трэба нарыхтоўваць на адзiн дом. А цяпер такая форма пражывання людзей, як знаходка. Калi кола iх зносiн са знешнiм светам абмяжоўваецца, дзвюм жанчынам значна весялей, чым адной. Ды i сацыяльныя работнiкi Павел Брыштэн i Таццяна Любчук рэгулярна прыходзяць, дапамагаюць.

У Павiццi ёсць таксама замяшчальная сям'я. Алена Шапяцюк, мацi траiх дзяцей, узяла ў сям'ю iнвалiда першай групы Алену Якаўлеўну Шапяцюк. Жанчыны не сваячкi, проста цёзкi па прозвiшчы. 50-гадовая iнвалiд невiдушчая, раней яе даглядалi сваякi, а калi iх не стала, Алене Якаўлеўне «свяцiла» толькi сацыяльная ўстанова, бо сябе яна абслугоўваць належным чынам не можа. «Мы рэгулярна наведваем гэту сям'ю, — гаворыць iнспектар па асноўнай дзейнасцi аддзялення Вольга РАМАНЮК, — i бачым, якiм клопатам акружыла прыёмная гаспадыня падшэфную. Там усё добра».

Дзiвiнскiм сацыяльным работнiкам iстотна дапамагае ў рабоце пральня, якая некалькi гадоў таму з'явiлася ў аддзяленнi. Цяпер i генеральную ўборку ў доме падшэфнага стала правесцi лягчэй. Можна за адзiн раз памыць коўдры, пакрывалы, шторы. Пажылыя людзi аддаюць пасцельную i сталовую бялiзну. Цэны на паслугу сацыяльныя. Гэты цэх яшчэ i зарабляе паслугамi, што аказвае iншым арганiзацыям. Напрыклад, на лета дагавор на мыццё бялiзны заключыў дзiцячы лагер адпачынку.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Слова — на вагу золата

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.