Вы тут

Кнiга, як кубачак кавы, або Чым прыцягваюць чытачоў бiблiятэкi Мiнскай вобласцi


Што бадзёрыць не горш, як кубачак кавы? Задушэўная размова з прыемным чалавекам, пасля якой цяжка заснуць. Але, калi ў вас ёсць цiкавы суразмоўнiк, то вам пашанцавала. А што рабiць, калi няма падыходзячага кандыдата? Гэта падстава не засмучацца, а акунуцца ў цудоўны свет кнiг. Так лiчыць загадчыца Цiмкавiцкай сельскай бiблiятэкi, што ў Капыльскiм раёне, Вольга Радкевiч.


yandex.ru

Падчас пандэмii каранавiруса не кожны рызыкне наведаць грамадскую ўстанову, асаблiва пажылыя людзi, хоць тут i прадугледжаны неабходныя меры бяспекi. Даводзiцца самiм iсцi да чытачоў. Напрыклад, выкарыстоўваць сацыяльныя сеткi для прэзентацыi новых выданняў. А ўсiх ахвотных, пенсiянераў абслугоўваць дома. У прыватнасцi, работнiкi бiблiятэкi па заяўцы чытачоў дастаўляюць iм неабходную лiтаратуру. Да справы падключылiся i сацыяльныя работнiкi.

Менавiта часовыя цяжкасцi прымушаюць думаць на перспектыву, шукаць новыя падыходы, каб захаваць i пашырыць кола чытачоў. У прыватнасцi, на лета запланаваны такi праект, як «Бiблiятэка на траве». Гэта своеасаблiвая зона культурнага адпачынку, якую могуць наведаць i дарослыя, i дзецi. Тут яны могуць пачытаць любiмую кнiгу. Малыя — пагуляць з мяккiмi цацкамi, якiя сабралi для iх бiблiятэчныя работнiкi, iх бацькi — паспаборнiчаць у шашках, шахматах, паўдзельнiчаць у майстар-класах.

— Разам з тым мы не адмовiлiся i ад традыцыйных мерапрыемстваў, — кажа Вольга Уладзiмiраўна.

Пацвярджэнне таму выстаўка-iнсталяцыя «Эпохi дарожнага чытання», якая прадстаўлена ў некалькiх цыклах. Напрыклад, 1940—1960-я — у даваенны драўляны чамадан складзены тагачасныя газеты, у тым лiку i «Звязда», а таксама «Кнiга карысных парад» для хатнiх гаспадынь, мастацкая лiтаратура. 1970—1990-я — у чамадане савецкiх часоў сабраны перыядычныя выданнi гэтых гадоў, кнiгi, зборнiк вершаў Сяргея Ясенiна, песеннiк, народныя казкi i шмат iншага. Цыкл 2000-я — гэта наша сучасная белетрыстыка, яркiя часопiсы, сканворды... i магнiцiкi на памяць аб месцах наведвання. Экспанаты выстаўкi папаўняюцца. Рарытэтамi дзеляцца землякi.

— У нас ёсць сайт, дзе змяшчаем усю iнфармацыю, анонсы мерапрыемстваў. Мае калегi вядуць старонкi ў сацыяльных сетках. Аднак ладзiм i мерапрыемствы ўжывую, але не такiя масавыя, як раней, — кажа дырэктар Мiнскай раённай цэнтральнай бiблiятэкi, што ў аграгарадку Мiханавiчы, Аксана Пунiнская. — Нядаўна адкрывалi дзiцячую бiблiятэку. I, вядома, такая радасная падзея не адбылася без юных грамадзян. Аднак яны былi ў масках, размешчаны кропкава, на адлегласцi.

Па словах Аксаны Iльiнiчны, у маi наведвальнiкаў паменшала, але цяпер людзi зноў пайшлi ў бiблiятэкi, у тым лiку i школьнiкi, на час летнiх канiкул iм выдалi спiсы дадатковай лiтаратуры. Адкрываюцца i дзiцячыя аздараўленчыя лагеры, якiя таксама абслугоўваюць работнiкi бiблiятэк.

Разам з тым бiблiятэчныя ўстановы Мiншчыны сталi больш актыўна выкарыстоўваць бескантактавыя формы работы з чытацкай аўдыторыяй. Напрыклад, Капыльская раённая цэнтральная бiблiятэка iмя Анатоля Астрэйкi пазнаёмiла чытачоў з новымi выданнямi пра Вялiкую Айчынную вайну з дапамогай вiртуальнай выстаўкi «Каб памяць была жывая». Наведвальнiкi сайта даведалiся пра партызанскi рух, герояў мiнулай вайны, спаленыя вёскi, жахi канцэнтрацыйнага лагера «Азарычы». А ў сярэдзiне мая стартаваў новы праект — сямейны марафон «Ланцужок добрых слоў». Удзельнiкi дасылаюць на электронную пошту фотаздымкi, вiдэаролiкi, вiншаваннi, прысвечаныя мiжнародным святам: Дню сям'i, Дню абароны дзяцей, Дню бацькi. Закончыцца марафон 8 лiпеня ў дзень Святых Пятра i Фяўронii, якiя сталi заступнiкамi сям'i i шлюбу.

Даспадобы чытачам прыйшоўся i флэшмоб «Чытаем дома», якi правяла ў сацыяльных сетках Маладзечанская раённая цэнтральная бiблiятэка. Усе ахвотныя фатаграфавалiся з любiмай кнiгай i публiкавалi здымак у каментарыях пад запiсам бiблiятэчнай установы.

Шмат цiкавага прапаноўвае чытачам i Вiлейская раённая цэнтральная бiблiятэка. У прыватнасцi, цiкавасць выклiкала вiртуальная выстаўка-памяць «Чытайце навiнкi», «Чытаем кнiгi мясцовых аўтараў» i iншыя праекты.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».