Вы тут

Па мясцінах Максіма Танка


Хутар, на якім нарадзіўся паэт Максім Танк, знаходзіцца на ўскрайку леса, за кіламетр ад вёскі Пількаўшчына Мядзельскага раёна. Ціхі маляўнічы куток, які даўно не чуў людскіх галасоў, не кажучы пра крокі клапатлівых гаспадароў. Апошні гаспадар — брат паэта Фёдар Іванавіч Скурко — памёр амаль дзесяць гадоў таму, а яго жонку забралі дзеці ў Віцебск.


З таго часу паэтава малая радзіма зусім асірацела, хіба толькі выпадковыя турысты-краязнаўцы ды гарадскія дзеці, якія прыяджаюць на лета да вясковых бабуль, зрэдку наведваюцца і будзяць навакольную цішыню. Апошні раз мясціны славутага майстра паэтычнага слова наведвалі пісьменнікі, дзяржаўныя чыноўнікі, мясцовая ўлада з нагоды стогадовага юбілею паэта — у 2012-м.

Кожны раз, калі мне даводзіцца вяртацца з Нарачанскага краю па абласной аўтамагістралі Р-58, хочацца збочыць на прасёлак, які вядзе якраз на радзіму Танка, паглядзець на краявіды, якія яшчэ захаваліся і натхнялі паэта.

У першыя дні лета такая магчымасць у мяне з’явілася, я зноў апынуўся на знаёмым шляху, ва ўлонні цудоўных мясцін. Па дарозе на хутар спыняюся каля могілак у вёсцы Новікі, бо тут, каля ўваходу на мясцовы някропаль, знаходзіцца апошні прытулак Народнага паэта. Разам з паэтам пахаваны яго бліжэйшы сябар — жонка Любоў Андрэеўна Скурко. Побач магілы бацькоў, дзядзькі, брата і сёстраў.

Ад Новікаў да Пількаўшчыны яшчэ пару кіламетраў. За вёскай дарога вядзе ў лес, непадалёку ад хутара сустракае стогадовы разгалісты дуб. Яшчэ паўсотні крокаў, і я стаю каля веснічак. Непрыбраная леташняя лістота не дае адчыніць брамку. Сцежка да ганка патанае ў высокай траве, вокны дома з зачыненымі аканіцамі, неахайна забіты дошкамі. Там-сям пахіліўся плот, а ў некаторых месцах ён зусім абрынуўся.

Усё тут кажа пра неабходнасць гаспадара. За домам знаходзіцца галоўная славутаць хутара, якая прываблівае цікаўных, такіх, як я, — невялікая хатка, у якой і нарадзіўся будучы класік. Пра падзею, якая здарылася сто васямнаццаць гадоў таму, распавядае разбяная драўляная шыльда, якая сціпла схавалася за дзікаросным кустоўем. Хацелася націснуць клямку і адчыніць дзверы…

Падняўшы квадракоптар над колішняй сядзібай, я выпадкова ўбачыў знаёмыя абрысы сэрца — пасярод агарода ў траве нехта вытаптаў адвечны знак любові. Гэта было летась альбо пазалетась, невядома. Не сумняваюся, што такім незвычайным чынам прыхільнікі таленту выказалі паэту сваё шчырае прызнанне.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.