Вы тут

У культурным кантэксце. БДУКМ адзначае 45-годдзе


Працэс фарміравання і станаўлення беларускай культуры прайшоў складаны шлях гістарычнага развіцця. Аднак народ маленькай дзяржавы ў цэнтры Еўропы верыў у самавызначэнне і  не губляў самабытнасці, пра што і сведчаць гістарычная спадчына і патэнцыял культуры. Сёння трэба зрабіць усё, каб культура Беларусі квітнела і развівалася. Дзеля гэтага ў краіне існуюць навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць прафесійныя кадры для падтрымкі высокага статусу сферы культуры. Адна з іх — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, які ў чэрвені адзначае 45-годдзе.


Пачатак

Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пачалася ў 1975 годзе. Першапачаткова ён быў Мінскім інстытутам культуры. За поспехі, якіх інстытут дасягнуў за некалькі гадоў, у 1993 годзе ўстанове прысвоілі статус універсітэта і перайменавалі ў  Беларускі ўніверсітэт культуры, а ўжо ў 1999 годзе афіцыйна сталі называць вядучай вышэйшай навучальнай установай у нацыянальнай сістэме адукацыі ў сферы культуры. Крыху пазней універсітэту перадалі Маладзёжны тэатр эстрады, мастацкую галерэю ў Палацы Рэспублікі і памяшканне па вуліцы Маскоўскай для адкрыцця другога вучэбнага корпуса. У 2001 годзе вну прайшла дзяржаўную рэгістрацыю, і яе перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

На працягу 45 гадоў свайго існавання структура ўніверсітэта зведала значныя змены. Сёння гэта 5 факультэтаў (факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці, факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва, факультэт музычнага мастацтва, факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый, факультэт завочнага навучання), 26 кафедр, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, падрыхтоўчае аддзяленне, прадзюсарскі цэнтр «Арт-мажор».

Прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэта — гэта больш чым 350 чалавек, з якіх каля 50 працэнтаў маюць вучоныя ступені і званні, ганаровыя званні. Калектыў універсітэта — творчая супольнасць вядучых дзеячаў нацыянальнай культуры, вядомых навукоўцаў, выкладчыкаў, маладых прадстаўнікоў інтэлектуальных і творчых сіл нашай краіны, якая імкнецца рэалізаваць праграму фіксацыі, вывучэння, захавання і трансляцыі традыцыйнай і сучаснай беларускай культуры ва ўсёй яе разнастайнасці.

 Добра абсталяваныя сучасныя навучальныя аўдыторыі, спецыялізаваныя харэаграфічныя і тэатральныя класы, У культурным кантэксце БДУКМ адзначае 45-годдзе а  таксама класы традыцыйнага тэкстылю, габелена, батыку, саломапляцення, керамікі і дрэваапрацоўкі дазваляюць якасна арганізаваць адукацыйны працэс, спрыяюць навуковаму і творчаму росту студэнтаў. За 45 гадоў існавання дыпломы ўніверсітэта атрымалі каля сарака тысяч маладых спецыялістаў.

Зараз рэктарам універсітэта з’яўляецца Аліна Анатольеўна Корбут, якая ўпэўнена, што якасная адукацыя — гарант будучыні нашай краіны. Пра тое, як функцыянуюць факультэты ўніверсітэта, якія замежныя спецыялісты прыязджаюць падзяліцца вопытам са студэнтамі і якія мерапрыемствы ўстанова падрыхтавала да святкавання юбілейнага года, Аліна Анатольеўна расказала карэспандэнту нашага выдання.

Адукацыя праз усё жыццё

— Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі ў галіне культуры. За чатыры дзесяцігоддзі ва ўніверсітэце склалася шматузроўневая сістэма адукацыі. Установа прадастаўляе шырокі спектр адукацыйных паслуг: курсы па падрыхтоўцы да здачы цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбных дысцыплінах, уступных іспытаў па дысцыпліне «Творчасць», курсы як рускай і беларускай моў, так і замежных, навучанне па адукацыйных праграмах вышэйшай адукацыі I і II ступеняў, аспірантуры, дактарантуры, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў у сферы культуры. Падрыхтоўка спецыялістаў на першай ступені вышэйшай адукацыі у нашым універсітэце для сацыякультурнай сферы ажыццяўляецца па такіх спецыяльнасцях, як «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Спевы», «Рэжысура святаў», «Харэаграфічнае мастацтва», «Мастацтва эстрады», «Народная творчасць», «Культуралогія», «Мастацтвазнаўства», «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць», «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны» і «Сацыяльна-культурная дзейнасць».

Таксама ва ўніверсітэце рэалізоўваецца 6 адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі II ступені, якія фарміруюць веды, уменні і навыкі навукова-педагагічнай і навукова-даследчай работы з прысваеннем ступені магістра па спецыяльнасцях: «Сацыяльна-культурная дзейнасць», «Арт-менеджмент», «Культуралогія», «Мастацтвазнаўства», «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць», «Музейная справа і ахова гісторыкакультурнай спадчыны».

Падрыхтоўка аспірантаў у БДУКМ ажыццяўляецца з 1989 года, дактарантаў — з 1998-га. На сёння адукацыйныя праграмы аспірантуры і  дактарантуры рэалізоўваюцца ва ўніверсітэце па шматлікіх спецыяльнасцях. Напрыклад, «Бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і кнігазнаўства», «Тэорыя, методыка і арганізацыя сацыяльнакультурнай дзейнасці», «Тэорыя і гісторыя мастацтва», «Тэорыя і  гісторыя культуры»; «Музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў».

З 2017 года ў нашым універсітэце з’явілася новае структурнае падраздзяленне — Інстытут павышэння кваліфікацыі і  перападрыхтоўкі кадраў, на базе якога рэалізоўваюцца праграмы павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сферы культуры і перападрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў на ўзроўні вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Дата

— Гэты год для ўніверсітэта юбілейны. Разам з комплексам розных мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай важнай для ўсіх нас даты, мы рыхтуемся да адкрыцця спартыўна-культурнага цэнтра БДУКМ. Цэнтр будуецца пры дзяржаўнай падтрымцы з удзелам уласных сродкаў універсітэта. Раней ва ўніверсітэце не было ні сваёй спартыўнай залы, ні канцэртнай пляцоўкі. У нас вялікія планы на выкарыстанне цэнтра: ад арганізацыі заняткаў па фізкультуры, практычных заняткаў творчых кафедр да рэалізацыі новых амбіцыйных творчых праектаў. Спартыўна-культурны цэнтр БДУКМ плануе аказваць шэраг паслуг: трэнажорная зала, правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў, арганізацыя канферэнцый і майстар-класаў.

Таксама мы працуем над стварэннем пастаяннай музейнай экспазіцыі «Традыцыі ў сучаснасці». Экспазіцыя, што адкрыецца на базе навукова-творчых лабараторый універсітэта «Традыцыйныя рамёствы беларусаў» і «Беларускія народныя музычныя інструменты», будзе ўяўляць сабой тры тэматыка-экспазіцыйныя комплексы: «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Музычная спадчына» і «Кніжная культура».

Павышэнне якасці адукацыйнага працэсу

— З мэтай павышэння якасці адукацыі ва ўніверсітэце вядзецца праца па запрашэнні замежных спецыялістаў і выкладчыкаў, вядомых у сваёй галіне, з вядучых замежных універсітэтаў і арганізацый. Толькі ў мінулым навучальным годзе для ўдзелу ў адукацыйным працэсе  — правядзення лекцый, практычных заняткаў, круглых сталоў, майстар-класаў для студэнтаў па ўсіх профілях адукацыі ўніверсітэта — былі запрошаны 22 вядучыя спецыялісты. Сярод іх, напрыклад, загадчык кафедры сучаснага танцавальнага мастацтва Гуманітарна-эканамічнага ўніверсітэта (г. Лодзь, Польшча) Аляксандр Азаркевіч, дырэктар Цэнтра шведскіх даследаванняў (Centre for Swedish Studies, CSS) Анастасія Майская, дырэктар праграмы сучаснай харэаграфіі Латвійскай акадэміі культуры Вольга Жытлухіна і іншыя.

Як паказвае вопыт, прыцягненне да адукацыйнага працэсу ўніверсітэта замежных спецыялістаў дазваляе пашырыць вектар развіцця студэнтаў. Кожная краіна мае свае традыцыі і культуру, таму цікава абменьвацца назіраннямі, у якім культурным кантэксце зараз знаходзімся мы і нашы замежныя партнёры.

Практыка-арыентаванае навучанне

— Кіраванне якасцю адукацыі ва ўніверсітэце непарыўна звязана з забеспячэннем практыка-арыентаванага навучання студэнтаў, у прыватнасці з арганізацыяй практыкі. Геаграфія баз практыкі даволі разнастайная. Гэта такія арганізацыі, як Жодзінскі гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу (там студэнты бяруць удзел у распрацоўцы праекта «Інклюзіўны міжнародны фестываль творчасці і мастацтва “TALENT WORLD”»); аддзел культуры Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта (арганізоўваем паездкі дэлегацый творчых калектываў Бабруйска ў Расію ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня горада Нара-Фамінска і Дня Нара-Фамінскай гарадской акругі). Часта студэнты ездзяць у Брэсцкі тэатр лялек: удзельнічаюць у падрыхтоўцы лялечнай праграмы ў рамках міжнароднага фестывалю «Белая вежа». У Светлагорскім цэнтры народнай творчасці ажыццяўляюць збор інфармацыі для ўдзелу студыі эстрадна-джазавага вакалу «MY HOUSE» у ІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе талентаў «Super STAR Fest» (г. Кіеў). Таксама сярод устаноў — турыстычныя агенцтвы, аграсядзібы, экалагічныя цэнтры, гісторыка-культурныя цэнтры, мадэльныя агенцтвы, event-агенцтвы, культурна-асветніцкія цэнтры і іншыя структуры.

Варта адзначыць практыку на такіх базах, як Белдзяржфілармонія (аддзел арганізацыі гледача і філарманічнай дзейнасці), Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Палац Рэспублікі, дзе студэнты могуць узяць удзел у падрыхтоўцы канкрэтных міжнародных мерапрыемстваў і праектаў.

У рамках азнаямленчай практыкі нядаўна ўпершыню для студэнтаў былі арганізаваны сустрэчы ў Індыйскім культурным цэнтры ў Мінску, Польскім інстытуце ў Мінску, Дзяржаўным інфармацыйным агенцтве «БелТА», Грамадскім аб’яднанні ўсходняй культуры і традыцый «Хагакурэ» (Японскі культурны цэнтр у Мінску), Доме прэсы, Кітайскім культурным цэнтры ў Мінску.

Штогод студэнты факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці маюць магчымасць не толькі рэалізаваць тэарэтычныя веды, але і набыць практычны вопыт у сферы турыстычнай дзейнасці. Так, на базах практыкі ў некаторых турыстычных арганізацыях студэнты прынялі ўдзел у арганізацыйна-тэхналагічных працэсах распрацоўкі і рэалізацыі міжнародных і  нацыянальных турыстычных маршрутаў і тураў. Акрамя гэтага, нашы навучэнцы ажыццявілі маніторынг і  аналіз змянення кошту гасцінічных нумароў перад правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў — 2019 у Мінску: прынялі ўдзел у распрацоўцы табліц міжнародных патрабаванняў па гідах-экскурсаводах і  перакладчыках на аснове нарматыўнаправавой базы краін Еўрапейскага саюза, аформілі турыстычны стэнд і падрыхтавалі друкаваную прадукцыю для Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь.

Увогуле, мы імкнёмся да сінтэзу. Вельмі хочацца, каб студэнты з універсітэта выходзілі не проста тэарэтыкамі, а спецыялістамі, якія ведаюць, як і з чым ім працаваць далей. Наш універсітэт плённа працуе над тым, каб кожны студэнт быў задаволены якасцю адукацыі і магчамасцямі, якімі забяспечвае навучальная ўстанова.

Вікторыя АСКЕРА

Фотаздымкі прадастаўлены Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».