Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»
Творчыя знаходкі і дары Ганны Канстанцінаўны Севярынец
Ганна Севярынец – даследчыца, якая стала яшчэ адным актыўным удзельнікам і сябрам праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, што рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і часопісам “Маладосць”.
Ёсць людзі, гатовыя шчыра дзяліцца сваімі дасягненнямі і адкрыццямі і пры гэтым здольныя запаліць жаданне дзейнічаць самастойна і здабываць новыя веды. Такой асобай для нашага праекта стала Ганна Канстанцінаўна Севярынец – руплівая даследчыца, пісьменніца, выкладчыца, якая звярнулася ў сваіх навуковых пошуках да няпростай старонкі гісторыі беларускай літаратуры 1920–1930-х гг. Гэта былі гады наладжвання літаратурнага працэсу, з’яўлення новых жанраў у літаратуры. Але разам з тым яны сталі перыядам рэпрэсій, знішчэння лепшай часткі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
З гатоўнасцю падзяліцца сваімі ведамі пра гэты час Ганна Севярынец уключылася ў праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваны да 100-годдзя Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”. Яна прыняла ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным 110-годдзю Валерыя Маракова (1909–1937) – “Мы будзем жыць, жыццё – за нас…”, якое прайшло 14 сакавіка 2019 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і азнаменавала пачатак дзейнасці “праекта чатырох”. На імпрэзе пісьменніца падзялілася сваімі адкрыццямі, зробленымі падчас працы над кнігай “Гасцініца «Бельгія»” (2019).
На працягу ўсяго мінулага года даследчыца прымала актыўны ўдзел у нашых мерапрыемствах. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры яна прачытала адкрытыя лекцыі “Здароў, Паўлюк” (да 115-годдзя Паўлюка Труса), “Крытык і сусвет. Адам Бабарэка, літаратура і літаратары” (да 120-годдзя Адама Бабарэкі), “Супярэчлівы час як паэтычная трагедыя. Каліноўскі, Сталін, БССР і Беларусь у вершах Алеся Дудара” (да 115-годдзя Алеся Дудара). Усе мерапрыемствы, якія праходзяць пры ўдзеле Ганны Канстанцінаўны, атрымліваюць цёплыя водгукі у СМІ і сацсетках. Як тут не згадаць і Дзень літаб’яднання “Маладняк”, які зладзіла 16 студзеня 2020 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі, калі дзякуючы натхнёнаму выступленню Ганны Канстанцінаўны слухачы адчулі атмасферу эпоху “маладнякоўцаў”, убачылі іх жывымі людзьмі:
“Наша бяда ў тым, што пра творчасць мы мяркуем без разумення таго, што яе аўтары – людзі. Гэтыя вершы, якія мы бяромся судзіць так і гэтак, пісаліся людзьмі, і ў невыносных умовах. У такіх умовах людзі не павінны не тое што пісаць – у такіх умовах людзі жыць не павінны. А яны жылі і пісалі…”.
Падтрымала пісьменніца праект і на старонках часопіса “Маладосць”, дзе апублікавала артыкулы, прысвечаныя П. Трусу – “Здароў, Паўлюк!”, і А. Дудару – “Грай, Дудар”. У № 7 “Маладосці” за 2020 г. чакаецца яе новы артыкул да юбілею Уладзіміра Дубоўкі і адкрыцця прысвечанага яму раздзела віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.
Дзякуючы дапамозе даследчыцы, мы атрымалі копіі каштоўных дакументаў і фотаздымкаў з архіва Уладзіміра Дубоўкі, які захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі. З Г.К. Севярынец падпісаны аўтарскі дагавор, у выніку чаго ў рамках праекта ў поўным аб’ёме размешчана даследаванне жыцця і творчасці пісьменніка – кніга “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго”(2017).
Адзін з нядаўніх каштоўных дадаткаў да праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” – відэазапіс цыкла з 4 лекцый Ганны Севярынец пад назвай “Непаслухмяныя дзеці Кастрычніка: палітыка, паэтыка, этыка і эстэтыка “Маладняка”, які ладзіўся ў рамках “Беларускага калегіюма”. Аматары літаратуры эпохі “Маладняка” цяпер могуць пазнаёміцца з глыбокім аналізам гістарычных умоў і прычын узнікнення першых беларускіх літаратурных аб’яднанняў, асэнсаваннем асноўных кірункаў творчага пошуку тагачаснай беларускай літаратуры і ўсяго, што паўплывала на лёс згуртавання “Маладняк” і яго сяброў.
У час эпідэміялагічнага становішча ў краіне магчымасць далучыцца да цікавага мерапрыемства, не выходзячы з дому, асабліва каштоўная. Прапануем ужо зараз праслухаць адну з лекцый Ганны Севярынец:
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.