Вы тут

Аляксандр Шапо: Я не люблю спяшацца


Беларускага скульптара Аляксандра Шапо, земляка Шагала і Малевіча, ведаюць як аўтара тонкіх філасофскіх работ, які ўмее не толькі перадаваць сэнс задумы, але і паглыбляць гледача ў гісторыю, фарміраваць яго погляд на розныя падзеі і сітуацыі. Скульптар нарадзіўся і вырас у творчай сям’і, ды змог знайсці свой стыль і стаць пазнавальным. Знакаміты творца падзяліўся з чытачамі «ЛіМа» запаветнымі ўспамінамі.


З асабістага архіва скульптара.

— Аляксандр, вы таленавіты скульптар. Якія фактары паўплывалі на прафесійны выбар, з чаго ўсё пачыналася?

— Я заўсёды называю сябе старэйшым сынам свайго маладога таты. Калі я нарадзіўся, бацькі былі зусім маладыя. Вучыліся разам у Віцебску. Мяне на выхаванне аддалі бабулі з дзядулем у Бабруйск. Але я заўсёды вельмі любіў Віцебск: там асаблівае паветра. Шагал, Пэн... Бацькі першапачаткова заклалі ўва мне мастацкае зерне. Часта ўспамінаю сустрэчы ў іх майстэрнях. Яны захапляліся музыкай, танцамі, тэатрам. Гэта і паўплывала на фарміраванне маёй асобы.

Я любіў размаўляць са сваімі дзядулямі — простымі, але цэласнымі натурамі. Для шчасця ім не патрэбны былі грошы, бытавыя суперумовы — здавольваліся малым. Жылі любоўю да навакольнага свету, блізкіх. Менавіта іх любоў да мяне як старэйшага ўнука сілкавала. Чалавек фарміруецца да пяці гадоў. Памятаю свае першыя кнігі, першыя прагулкі. Дзед заўсёды ўспамінаў, як мы гулялі, я любіў зіму, снег.

Ляпіць пачаў рана. З дзіцячага сада памятаю пластылін. Як адчуў яго рукамі, так потым і не разлучаўся. Я быў уседлівы. Дома пластыліну было шмат. Сядаў і  пачынаў фантазіраваць. Я прыдумваў з пластыліну нейкія гульні, а потым ляпілі з братамі. Рукі развівалі галаву. Чаму ў дзіцячых садках ўсе дзеці лепяць? Таму што менавіта рукі садзейнічаюць разуменню свету. Чалавек робіць яблычак або абаранак, і гэты абаранак і  будзе яго светабудовай. Мае дзеці, дарэчы, таксама заўсёды ляпілі.

Мама купляла мне пластылін і паказвала, як ляпіць. Бацька заўсёды ў майстэрні быў. Мы, дзеці, ведалі, што бацька атрымлівае заробак не як чалавек, які працуе на заводзе, два разы на месяц, а ад зробленай працы. Вось ён здасць роспіс або плакаты, толькі тады атрымае грошы. Тата заўсёды працаваў. Таму мной займалася ў асноўным маці. Мама выдатна малявала акварэль, мы з братамі далучаліся да яе. Яна не ленавалася праводзіць з намі час, любіла нас захапляць. Дзякуючы маме я зразумеў, што можна знаходзіцца аднаму ў пакоі і не будзе сумна, таму што я магу ляпіць. Гэта быў мой унутраны свет, які вызначыў жыццё.

Я доўга займаўся плаваннем у прафесійнай школе алімпійскага рэзерву. Але не хацеў быць ні спартсменам, ні міліцыянерам, ні касманаўтам. Менавіта мастаком. Пасля чацвёртага класа быў набор у мастацкую школу, і я ўжо зразумеў, што хачу туды.

Яна знаходзілася ў Наваполацку. Калі я апынуўся ў мастацкай школе, пачаў жыць па-іншаму, зразумеў сябе. Мяне ўсё захапляла, я сам сабе хацеў нешта даказаць. Памятаю бацька прывёз мне кнігу Э. Лантэры «Пластычная анатомія». Я ў той момант маляваў акварэль і ў кнізе ўбачыў карцінку, дзе конь стаяў на задніх нагах. Вырашыў перадаць яго анатамічныя асаблівасці. Так захапіўся, што жыў гэтай работай.

Калі скончыў мастацкую школу, бацька падтрымаў маё жаданне вучыцца далей. Мы паехалі з ім у Мінск паступаць у гімназію-каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Мама вельмі хвалявалася, што я паеду ў  іншы горад і буду жыць асобна. Але бацька сказаў, што мне патрэбна асяроддзе, якое сфарміруе ў правільным кірунку. Паступіў у каледж і менавіта там знайшоў сяброў, свой Мінск, лепку і скульптуру ў вялікім яе разуменні. Тры гады ў каледжы вельмі паўплывалі на мой далейшы лёс.

Я толькі прыехаў у Мінск, і бацька даў мне грошы на ліццё. І я, будучы школьнікам, першы раз пайшоў у ліцейку, адліваў свае першыя работы з бронзы. Сам быў у цэху, сам рабіў фармовачную сумесь, адчуваў сябе героем. Гэта быў мой першы вопыт.

Я вельмі люблю Мінск. Помню, у юнацтве па праспекце шпацыраваў: ад вакзала да вуліцы Макаёнка. Будынкі на праспекце былі выфарбаваны ў шэры колер. Горад здаваўся брутальным. Я глядзеў на сталінскі ампір, і  мяне неяк адштурхоўвала, а потым гэтыя адчуванні перарадзіліся ў любоў. Пачаў разумець, што гэта сімвал нашага горада.

— Чым запомніліся гады ў каледжы?

«Святы Себасцьян».

— Сябры, якія вучыліся са мной, — прафесіяналы: выдатны ілюстратар Павел Татарнікаў, адметны графік Ігар Гардзіёнак, таленавіты рэжысёр Дзяніс Скварцоў і многія іншыя.

Мы жылі адным калектывам, жылі мастацтвам і музыкай. Вельмі сябравалі з хлопцамі з музычнага аддзялення. Быў час рок-музыкі — Віктара Цоя, «Алісы», Барыса Грабеншчыкова. Слухалі ў майстэрнi іх песні і ляпілі. Часта чыталі вершы. Памятаю выхад зборніка Анатоля Сыса. Для нас гэта было ўзрушэнне: з’явіўся ўнікальны малады беларускамоўны паэт. Мы ж прывыклі да класікаў: Янка Купала, Максім Багдановіч... А тут такое наватарства. Праз некаторы час я асабіста пазнаёміўся з паэтам. Шкада, што ён так рана пайшоў з жыцця.

Пасля каледжа быў перапынак. Я пайшоў на два гады ў войска. Але гэта не змяніла майго стаўлення да скульптуры: быў перакананы, што нават калі не паступлю ў Тэатральна-мастацкі інстытут, то ўсё роўна буду ляпіць або рэзаць па дрэве. Пасля войска ўсё ж такі паступіў. Успамінаю тэатральна-мастацкі як вялікае і светлае воблака, у якім мы ўсе, студэнты, растварыліся. Цяпер жа я не проста настальгірую — адкрываюся.

— Тэатральна-мастацкі — гэта таксама для вас асобнае маленькае жыццё?

— У нас на наборы вучыліся толькі хлопцы — 7 чалавек. Панавала атмасфера здаровай канкурэнцыі Памятаю, малявалі аголеную мадэль. Прыхварэў на два дні, прыходжу на заняткі, а там усё ўжо намалявалі. Адразу такая злосць з’явілася, сяджу і думаю: «Я вам дакажу».

Акадэмія — гэта прафесійнае асяроддзе. Не падлеткі і юнакі, а патэнцыйныя мастакі, у якіх павінна быць жыццё ў мастацтве. І ўжо відаць мастакоў з вялікім патэнцыялам і проста абывацеляў. У працэсе навучання я мяняўся, захапляўся рознымі працэсамі. Мне вельмі падабалася маляваць аголеную мадэль. Пастаноўкі былі па 50 вучэбных гадзін. Вельмі пашанцавала з педагогам, я вучыўся ў Анатоля Яфімавіча Арцімовіча. Ён мне даў свабоду, пластычнае разуменне, бачанне скульптуры. Маё пластычнае нутро было вельмі карэктнае, тонкае. І Анатоль Яфімавіч з разуменнем ставіўся да таго, што я раблю. Я ўдзячны яму за тое, што ён не ціснуў сваім аўтарытэтам, хоць мог, а даваў парады, як рухацца і расці далей. Я ўдзячны лёсу, што ў акадэміі сустрэў гэтага чалавека.

 Вядома, адзін з галоўных педагогаў у маім жыцці — бацька. У яго была заўсёды вялікая бібліятэка — каля 10 тысяч кніг. З ёй я пражыў сваё дзяцінства. Не было праблемы, дзе знайсці кнігу. Падыходзіш да паліцы, вось табе і «Свет амфібій», вось табе Рэмбрант, Барлах... Кнігі таксама з’яўляліся маімі настаўнікамі.

У акадэміі маё жыццё, як модна цяпер называць — «дзвіжуха», набрала абароты. Пачаліся капуснікі. Мы знаходзіліся ў артыстычным асяроддзі. Хадзілі глядзець спектаклі тэатральнага факультэта. Я вучыўся ў  90-я гады, вакол хаос і раздрай. Але наш дом пад назвай «акадэмія» ўсіх аб’ядноўваў. Нам было ўтульна, нават на вуліцу не выходзілі.

— А як прыйшло разуменне, што вы адбыліся і можаце сябе называць скульптарам?

— Мне бацька заўсёды казаў: «Саша, скульптар — гэта пасля сарака». Калі я ў каледжы вучыўся, думаў, што ўжо геній, — якія тут сорак гадоў?!. Потым акадэмія, тата тое ж самае казаў. Я думаў, колькі ж буду чакаць. А калі за сорак перасягнуў, зразумеў, што тата меў рацыю: скульптура — рэч доўгайграючая. Ёсць праекты, якія доўжацца гадамі. Думкі ды ідэі могуць рэалізоўвацца ўсё жыццё.

Калі ў акадэміі абаранялі дыплом, я рабіў персанальную выстаўку ў музеі Бембеля (зараз мемарыяльная зала ў будынку Беларускага саюза мастакоў), прысвечаную заканчэнню акадэміі. Выстаўлялася вялікая колькасць работ, у тым ліку дыпломная і скульптура «Святы Себасцьян». На адкрыцці Анатоль Яфімавіч сказаў: «Тут можна ўбачыць работу, вартую музея». І паказаў на яе.

Мінуў час. У 33 гады я занёс на адну з выставак «Святога Себасцьяна», і яе купіў Нацыянальны мастацкі музей. Тады адразу ж патэлефанаваў Анатолю Яфімавічу і расказаў, што яго прароцтва спраўдзілася. Я нічога не рабіў для гэтага — мастацтвазнаўцы самі выбралі. Гэта быў момант, які даў мне адчуванне, што кавалак жыцця, у якім я вучыўся, працаваў, пражыты нездарма. Ён дапамог мне зразумець, што я сапраўдны скульптар.

— У вас вялікая сям’я мастакоў. Як пазбегнуць канкурэнцыі і параўнанняў?

— Мы ніколі не цягаліся паміж сабой. Хутчэй энергіяй абменьваліся. Ва ўсіх нас бываюць розныя перыяды: хтосьці больш актыўны, хтосьці менш. Але мы навучыліся радавацца адзін за аднаго. Гэта мае малодшыя браты, і я іх люблю і заўсёды буду радавацца іх поспехам.

Мама нас вучыла быць разам. А ў дзяцінстве я гуляў з братамі. Або ў лес мы ішлі бульбу пячы, або малявалі — усё разам рабілі. Я старэйшы і заўсёды клапаціўся пра малодшых. Часам мог пабіць нават сваіх сяброў, калі братоў крыўдзілі. Мама нам прывіла паважлівае стаўленне адзін да аднаго.

— Вы некалькі разоў станавіліся кандыдатам на пасаду старшыні Беларускага саюза мастакоў і аказваліся на другім месцы. Не крыўдна?

— Напэўна, гэта быў стан, калі мне хацелася вывесці сябе з зоны камфорту. Хацелася падзяліцца думкамі, ідэямі з прафесійнай супольнасцю. Пра крыўду тут казаць наогул не варта, таму што я быў старшынёй секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў два тэрміны. За гэты перыяд шмат чаго змог зрабіць. Мы з калегамі ажыццявілі выдатныя праекты, секцыя скульптараў цудоўна паказала сябе. З аднадумцамі Сяргеем Аганавым, Максімам Петрулём, Іванам Арцімовічам мы прайшлі вялікі шлях, зрабілі шмат каталогаў (выстаўкі праходзяць — і пустата, а каталогі дапамагаюць захаваць іх як гісторыю).

— Якое ваша стаўленне да скульптуры сёння?

— Я заўсёды любіў і люблю скульптуру. Гэта справа майго жыцця. Не люблю спяшацца, абдумваю кожную дэталь. Многае зроблена, але над многім яшчэ трэба паразважаць.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».