Вы тут

Глядзім фільм, які тлумачыць, чаму ў ЗША сёння важныя менавіта жыцці чорных


Працяглыя масавыя хваляванні ў ЗША, справакаваныя смерцю афраамерыканца Джорджа Флойда, сталі галоўнай навіной апошняга часу. Дзеянні паліцэйскіх не ўпершыню абарочваюцца трагедыяй для прадстаўнікоў чорнага насельніцтва Злучаных Штатаў і не ўпершыню выклікаюць рэзананс і пратэсты, але мы з'яўляемся сведкамі гневу насамрэч уражальных маштабаў.


Каб зразумець, чаму смерць Флойда ўрэшце выклікала такую рэакцыю і чаму на выраз Black Lіves Matter, то-бок «Жыцці чорных важныя», сёння некарэктна адказваць All Lіves Matter, што значыць «Усе жыцці важныя», можна паглядзець дакументальную карціну «Трынаццатая» рэжысёркі Авы ДзюВерней.

Фільм 2016 года — ён быў намінаваны на прэмію «Оскар» — утрымлівае ў сабе кадры несправядлівых забойстваў паліцэйскімі чарнаскурых, напрыклад, падчас спынення за разбіты габарытнік. Прыводзіць ён і запіс 2014-га, на якім памірае Эрык Гарнер, таксама ад задушлівага прыёму праваахоўнікаў і таксама, як у выпадку з Флойдам, са словамі «Я не магу дыхаць».

Але ў «Трынаццатай» гэтыя прыклады даюцца напаследак, як вынік ці вяршыня айсберга — галоўным чынам карціна Авы ДзюВерней ланцужком маналогаў, дзясяткамі галасоў, дакументальнымі кадрамі, архівамі тэлебачання, уражальнай статыстыкай паказвае, што адмененае ў 1865 годзе рабства не знікла, а толькі прыняло іншую форму. У сваёй рабоце рэжысёрка прадстаўляе грунтоўнае даследаванне, дзе яна бярэ самую што ні ёсць шырокую перспектыву і паказвае, наколькі ўсюдыісныя з'явы працінаюць сучаснае грамадства Злучаных Штатаў і праяўляюцца ў, можна сказаць, непазбежных смерцях.

«Я ўвесь час чую: «І як толькі людзі маглі мірыцца з рабствам, як яны маглі цярпець такое становішча, як яны маглі адпраўляцца глядзець суды Лінча і браць у іх удзел, як яны маглі знаходзіць разумнай сегрэгацыю? Гэта немажліва, калі б мне давялося жыць у такі час, я з гэтым мірыцца не стаў бы». Але паглядзім праўдзе ў вочы — у такі час мы і жывём», — кажа адзін са спікераў «Трынаццатай» і, уласна, акрэслівае сутнасць фільма.

Карціна названа ў гонар адпаведнай папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая ў 1865 годзе ў выніку Грамадзянскай вайны паміж Поўначчу і Поўднем забараніла рабства і прымусовую працу. З адной, праўда, агаворкай — яна не распаўсюджваецца на асуджаных за злачынствы, іншымі словамі, свабодныя ўсе апроч зняволеных.

Стужка з самага моманту адмены рабства паслядоўна сочыць за тым, як лазейка ў трынаццатай папраўцы свядома выкарыстоўвалася кіраўніцтвам Злучаных Штатаў і як цярпелі ад яе менавіта афраамерыканцы. Як адразу пасля адмены рабства на Поўдні падскочыла колькасць зняволеных, бо трэба было адбудоўваць эканоміку. Як Рычард Ніксан распачаў кампанію па барацьбе з наркотыкамі, падчас якой сотні тысяч людзей селі ў турму проста за наяўнасць пры сабе марыхуаны. Вядома, так лёгка за краты траплялі менавіта чорныя. Як на насельніцтва чорных раёнаў быццам «накінулася каса» падчас праўлення Рэйгана. І так далей. У выніку сярод зняволеных у сучасных амерыканскіх турмах — сорак працэнтаў чарнаскурых мужчын, прытым што яны складаюць толькі шэсць з паловай працэнтаў ад насельніцтва Злучаных Штатаў. Гэтыя факты ў суправаджэнні мноства дэталяў і дапаўненняў растлумачаць, што тут маецца на ўвазе пад трансфармаваным рабствам.

«Трынаццатая» з яе няхітрай, лаканічнай, сціплай формай, але адначасова змястоўным начыненнем расказвае даволі вялікія гісторыі — пра ўдзел у расісцкіх настроях масавага мастацтва, у прыватнасці фільма «Нецярпімасць» Дэвіда Грыфіта, пра палітычныя гульні і карыслівыя матывы буйных карпарацый. Па фактуры гэта быццам выбух — усё, што вы ўбачыце, належыць цывілізаванаму свету, і лагічнае пры такім відовішчы пачуццё дысанансу адразу робіць зразумелым, чаму выраз All Lіves Matter — прыкмета не справядлівага погляду на свет, а расізму.

Дарэчы, што да відэа смерці Джорджа Флойда — кіно ў гэтай гісторыі зноў становіцца прадказальнікам. Рэжысёр Спайк Лі ў адказ на апошнія падзеі апублікаваў у сваім «Твітэры» відэа, у якім паралельна зманціраваў запісы смерцяў Эрыка Гарнера і Джорджа Флойда і сцэны са свайго ігравога фільма «Рабі як трэба!» 1989 года, дзе адбываецца прыкладна тое ж самае — паліцэйскі так моцна заціскае дубінкай горла чорнага хлопца, што той у выніку перастае дыхаць.

Тым часам у Х'юстане пахавалі Джорджа Флойда. СМІ кажуць — яго смерць зменіць свет. «Трынаццатая» кажа, што зменены свет надта дорага каштуе.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Black Lіves Matter!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.