Вы тут

Гродзенскі абласны драматычны тэатр працягвае сезон пасля перапынку


Вымушаны антракт зацягнуўся на два месяцы, адпаведна, і ўвесь тэатральны сезон давялося падкарэкціраваць. Сёлета трупа тэатра мае намер працаваць і летам, у адрозненне ад папярэдніх сезонаў. Будзе прадстаўлена дзве прэм'еры — для дзяцей і для дарослых. Увогуле тэатральная афіша на першы летні месяц даволі насычаная. Мяркуецца адыграць каля 20 пастановак.


— Паціху мы вяртаемся у наша звыклае кола, — кажа дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Ігар Гедзіч. — Першыя спектаклі пасля вымушанай паўзы ўжо адбыліся. Мы паказалі пастаноўку для дзяцей. І хоць у зале прысутнічала толькі адна сям'я з дзецьмі, мы яго не адмянілі. Таксама адбыліся два спектаклі для дарослых, у тым ліку, адзін прэм'ерны — «Удава, каратышка, цюлень і іншыя».

Як правіла, лета — не самая лепшая пара для тэатраў. Звычайна гэта час адпачынкаў і ў саміх тэатрах. У гродзенцаў, як правіла, уся трупа бярэ «перапынак» у жніўні, а ўжо з 1 верасня пачынаецца новы тэатральны сезон. Але сёлета тэрмін работы давялося скарэкціраваць у сувязі з пандэміяй каранавіруса. У выніку красавік і май цалкам выпалі з тэатральнага жыцця.

— Мы ўзнаўляем работу з пэўнымі рэкамендацыямі, — падкрэсліў Ігар Гедзіч. — Касір пры продажы білетаў папярэджвае гледачоў аб масачным рэжыме. Мы бясплатна выдаём маскі. Прадугледжваем таксама і бяспечнае размяшчэнне ў глядзельнай зале. Скажу, што зрабіць гэта нескладана, бо зала разлічана на 665 месцаў. Плануем запаўняць яе не больш чым на 20—25 %.

Зараз у рэпертуары Гродзенскага драмтэатра больш за 40 спектакляў, палова з іх уваходзіць і ў чэрвеньскую афішу. Нямала і камедыйных пастановак, у тым ліку замежных драматургаў. Сярод іх — «Sex, каханне і падаткі», «Шыкоўнае вяселле», «Боінг-Боінг», «Вольная пара», «За двума зайцамі», «№ 13». Вяртаецца на сцэну і вясёлы спектакль «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання». Прэм'ера беларускамоўнага спектакля адбылася 25 гадоў таму, і вось цяпер ён зноў на сцэне.

Некалькі гадоў таму ў тэатры ажыццявілі пастаноўку Адольфа Шапіра «451 па Фарэнгейце». Спектакль пастаўлены паводле вядомага твора Рэя Брэдберы, які ў сярэдзіне мінулага стагоддзя перасцерагаў грамадства ад засілля мас-культуры, дзе людзі, здольныя крытычна мысліць, аказваліся па-за законам. 451 градус па Фарэнгейце — гэта тэмпература ўзгарання паперы, кніг, якія нясуць праўду. Дарэчы, нядаўна ў тэатры знята тэлеверсія спектакля. Плануецца, што яна выйдзе на канале мясцовага тэлебачання.

Трэба сказаць, што падчас вымушанага прастою тэатр скіраваўся ў віртуальную прастору. Ёсць свой ютуб-канал. Зроблена некалькі тэлеверсій рэпертуарных пастановак.

— Упершыню мы задзейнічалі для здымак адразу чатыры відэакамеры, што дазволіла атрымаць некалькі ракурсаў, — кажа дырэктар тэатра. — Мы будзем працягваць гэты кірунак, каб пастаянна быць у культурным стрыме, не адыходзіць ад гледачоў.

І ўсё ж галоўныя намаганні калектыву тэатра будуць па-ранейшаму датычыцца тых, хто прыйдзе ў глядзельную залу.

Быць у кантакце з гледачом вельмі важна для артыстаў. За два месяцы акцёры паспелі засумаваць без сваіх гледачоў. Таму цяпер яны гатовы выходзіць на сцэну нават тады, калі ў зале будзе 10—15 чалавек.

У тэму

Узнавілі тэатральны сезон і ў Гродзенскім тэатры лялек. Праўда, спектаклі тут будуць праходзіць пад адкрытым небам — ва ўнутраным дворыку. У летнім амфітэатры гледачы ўжо ўбачылі дзіцячы спектакль «Казкі Пушкіна». Тэатр і надалей будзе працаваць у новым фармаце.

Вяртаецца і арт-праект Гродзенскай абласной філармоніі — канцэрты на балконе. Выступленні будуць праходзіць кожны аўторак у 18 гадзін. Усе, хто ў гэты час наведае вуліцу Савецкую ў гістарычным цэнтры горада, змогуць пачуць з балкона музычныя кампазіцыі, песні, арыі з аперэт у выкананні артыстаў філармоніі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.