Вы тут

КДК Віцебскай вобласці пацікавіўся, ці па-гаспадарску выкарыстоўваюць і аднаўляюць лес


Як высветлілася, лес своечасова і якасна не аднаўляецца. А ў лесагаспадарчых арганізацыях няма сістэмнага падыходу, каб прадухіліць парушэнні заканадаўства. Яны ніяк не могуць выпрацаваць алгарытм, каб выпраўляць недахопы і пазбягаць іх. Да такіх вывадаў прыйшлі «рэвізоры».


Дар нябёс

Дарэчы, адпаведнае, можна сказаць, даследаванне тэмы вялося некалькі гадоў і працягваецца дагэтуль. Пытанне рацыянальнага выкарыстання лесу было і застаецца на кантролі кіраўніцтва краіны, тым больш што ў красавіку Прэзідэнту ўнеслі на разгляд праект указа «Аб вядзенні лясной гаспадаркі і рэалізацыі драўніны». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што лес — наша багацце, у тым ліку і як «прыродны лекар» — для здароўя беларусаў. І нездарма, улічваючы і вялікую колькасць балот, сярод якіх ёсць унікальныя, тэрыторыя Беларусі лічыцца лёгкімі еўрапейскага кантынента. Але да гэтага багацця трэба ставіцца беражліва.

На жаль, не вельмі мы шануем прыроду ў цэлым, і лес у прыватнасці. А Віцебская вобласць у сэнсе дароў неба — асаблівая. Гэта не толькі азёрны край, але і край лясоў. Поўнач краіны — адзін з маляўнічых куткоў Еўропы. Па прыгажосці, унікальнасці фаўны і флоры, па багацці запаведных месцаў цяжка знайсці падобныя мясціны. Уявіце: хвойныя пароды займаюць 60 % усёй лясной тэрыторыі. Найбольш высокая лясістасць у Расонскім, Полацкім, Лепельскім, Докшыцкім, Гарадоцкім раёнах.

Большасць лясоў (каля 88 %) на балансе Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання. У яго складзе на правах юрыдычных асоб знаходзіцца 19 дзяржаўных лясгасаў.

Нуль пераўтвараецца ў...

Маніторынг праводзіўся некалькі гадоў. За гэты час устанавілі і такія факты, калі лес высаджваўся толькі на паперы. Як і тое, што спрабавалі ў справаздачах павялічыць колькасць каштоўнай драўніны, каб атрымаць прэміі.

Зафіксаваны прыклады, калі драўніна літаральна валялася доўгі час і, пакуль шукалі пакупніка, стала няякасная...

— Але і цяпер выяўляюцца факты прыпісак аб'ёму выкананых работ па высечках, неабгрунтаванага ўводу маладняку ў катэгорыю каштоўных драўняных насаджэнняў, незаконнага атрымання бюджэтных сродкаў, — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Дзмітрый Давыдзенка.

Кантралёры, дарэчы, здзіўляліся таму, што тыя кіраўнікі лясгасаў, якія былі правераны, не аддавалі неабходных загадаў і праз параўнальна нядоўгі час рабілі ж тыя самыя памылкі. Напэўна, думалі, што снарад двойчы ў адну варонку не трапляе?

Старшыня Камітэта дзяржкантролю вобласці Уладзімір Гадзяцкі падкрэсліў, што ведамства ў першую чаргу зацікаўлена ў тым, каб у лясгасах быў парадак, ды і наогул у арганізацыях, якія правяраліся. І канешне, парушэнні трэба выпраўляць.

Што датычыцца перспектыў эфектыўнай работы — устаноўлены, напрыклад, выпадак, калі не асабліва спяшаліся з вырабамі гатовай прадукцыі. У Пастаўскім лясгасе і абласным «лясным» аб'яднанні не прымаюцца меры па своечасовым выкананні праектных і будаўнічых работ, якія датычацца пелетнага завода. Працэс на самацёку, канстатуюць кантралёры. А прадпрыемства маглі б адкрыць ужо сёлета. Адпаведна — стварыць рабочыя месцы, плаціць падаткі, экспартаваць прадукцыю. Па існуючай інфармацыі, пад пагрозай увод завода ў эксплуатацыю і ў 2021 годзе. У Камітэце дзяржкантролю нагадалі, што ініцыятарам стварэння такіх вытворчасцяў быў асабіста кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў на адным з пасяджэнняў расказаў пра інвестараў з Прыбалтыкі, якія збіраліся займацца ў нас апрацоўкай драўніны. Прывёў лічбы прадукцыйнасці, эфектыўнасці, канкурэнтаздольнасці, якія ўражваюць. Чаму мы не можам хоць напалову працаваць па такіх паказчыках, як тыя бізнесмены? Каб не адпраўляць за мяжу паўфабрыкаты, а вырабляць запатрабаваны на рынку прадукт з высокай дабаўленай вартасцю, і, зноў жа, у выніку плаціць параўнальна высокія падаткі, заробкі работнікам, дапамагаць у развіцці сельскіх тэрыторый? Пытанне застаецца адкрытым.

Вакантныя пасады ёсць

Здзіўляе, што лясная галіна пакуль што ў стане кадравага голаду — ад леснікоў да кіраўнікоў. І гэта пры тым, што ў вобласці рыхтуюць профільных спецыялістаў. Напрыклад, у полацкім каледжы.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыс Яфрэмаў, калі пытанне было агучана на калегіі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці, выказаў шчырае здзіўленне, што ў арганізацыях, якія маюць непасрэднае дачыненне да лесу, не хапае работнікаў. А ўмовы працы прывабныя: свежае паветра, механізаванасць добрая, стабільныя заробкі. Толькі працуй! І паабяцаў асабіста пракантраляваць пытанне з наборам людзей на работу...

Усяго па выніках кантрольных мерапрыемстваў, якія праводзіліся пачынаючы з 2018 года, былі выяўлены нямэтавае выкарыстанне сродкаў, незаконнае іх атрыманне і атрыманне з парушэннямі на суму 250,4 тысячы рублёў. Памер жа прычынення шкоды дзяржаве перавысіў 208,9 тысячы рублёў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тры юрыдычныя асобы на суму 11,5 тысячы рублёў.

Да дысцыплінарнай адказнасці — 67 службовых асоб. Распачата 13 крымінальных спраў.

«Лясное пытанне» на кантролі, запэўнілі ў ведамстве.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».