Вы тут

Лукашэнка: Трэба шырэй разгортваць будаўніцтва арэнднага жылля


Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ўрад прадставіў на разгляд прапановы па аб’ёмах будаўніцтва арэнднага жылля і па правілах яго прадастаўлення работнікам сацыяльнай сферы.


Размова пра праект пастановы ўрада «Аб грамадзянах, якія маюць першачарговае права на прадастаўленне арэнднага жылля».

Аляксандр Лукашэнка напомніў, што адна з ключавых задач, якая стаіць перад урадам на пяцігодку — развіццё рэгіёнаў.

«А развіццё рэгіёнаў без сацыяльнай сферы немагчыма», — падкрэсліў ён.

«Урачы, настаўнікі — нашы дзяржаўныя «штыкі». На іх трымаецца не толькі іх прафесійная праца, але мы іх часта прыцягваем да рознага роду іншых дзяржаўных мерапрыемстваў», — патлумачыў ён сэнс прыведзенага эпітэту.

Каб не пакінуць апірышча дзяржавы пасля важных дзяржаўных кампаній (змаганне з пандэміяй — у іх ліку), і прымаюцца захады па забеспячэнні работнікаў сацыяльнай сферы жыллём.

«Мы ўжо вызначаліся з вамі і маем узоры такіх дамоў, глядзелі іх у Бараўлянах, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных, у тым ліку віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі, які быў дакладчыкам па гэтым пытанні. — Недарагія, вельмі зручныя. Такім чынам мы можам вырашыць кватэрныя пытанні для маладых урачоў і настаўнікаў».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пабудову такога жылля нельга назваць стратным праектам.

«Трэба шырэй разгортваць будаўніцтва арэнднага жылля, і пажадана, каб яно было ў прыярытэце, асабліва для небагатых нашых настаўнікаў, урачоў, работнікаў культуры, — запатрабаваў беларускі лідар. — І гэта перш за ўсё датычыцца нашых рэгіёнаў. Ды і ў Мінску ў нас нямала праблем па гэтых спецыялістах».

Пры гэтым важна, каб падыход пры вызначэнні платы за арэнду быў прадуманы, акцэнтаваў Прэзідэнт.

«Які эфект, самае галоўнае, мы атрымаем ад падобнага рашэння? — спытаў у распрацоўшчыкаў дакумента кіраўнік дзяржавы. — Эфект павінен быць адзін — людзі павінны працаваць, яны павінны замацоўвацца па месцы гэтага жыхарства, жыць і працаваць у сваёй краіне. Працаваць эфектыўна».

Па словах Ігара Петрышэнкі, зараз з агульнай колькасці арэнднага фонду (148 453 жылыя памяшканні) заселена больш за 92 працэнты.

Кошт арэнды двухпакаёвай кватэры ў Мінску складзе да 35 рублёў (без уліку камунальных плацяжоў)

Пастанова «Аб грамадзянах, якія маюць першачарговае права на прадастаўленне арэнднага жылля» ахоплівае ўсіх работнікаў бюджэтнай сферы, патлумачыў журналістам віцэ-прэм’ер, падводзячы вынікі размовы з Прэзідэнтам. 

«Каб падтрымаць катэгорыю людзей, якія атрымліваюць фіксаваны заробак, кіраўнік дзяржавы, калі наведваў пасёлак Лясны (Бараўлянскага сельскага Савету, у Мінскім раёне — «Зв.»), дзе быў пабудаваны дом арэнднага жылля — інтэрнат для ўрачоў, сказаў, што нам трэба па гэтым шляху рухацца, — напомніў Ігар Петрышэнка. — У развіццё яго даручэнняў была падрыхтаваная адпаведная пяцігадовая праграма, яна зацверджана ўрадам. На падставе прапаноў аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама мы дакладна вызначылі, колькі, дзе, у якіх населеных пунктах павінна быць пабудавана арэнднае жыллё для работнікаў, у тым ліку, сацыяльнай сферы».

У чарзе на такое жыллё знаходзіцца больш за 5 тысяч такіх работнікаў, праграма прадугледжвае будаўніцтва больш за 2,5 тысячы арэндных кватэр для іх. 
Для атрымання арэнднай кватэры павінен быць заключаны кантракт не менш, чым на пяць гадоў, дадаў віцэ-прэм’ер. Яшчэ адна акалічнасць — спецыяліст павінен быць запатрабаваны. 
Сёлета плануецца пабудаваць каля 1000 квадратных метраў арэнднага жылля, акрамя таго, больш за 10 тысяч «квадратаў» жылля, якое пустуе, будзе адрамантавана, магчыма з удзелам патэнцыйных арандатараў. 

Кошт арэнды дзяржаўнага жылфонду залежыць ад населенага пункту і катэгорыі памяшкання. З улікам паніжаючых каэфіцыентаў, якія прапаноўвае праект пастановы ўрада, кошт арэнды двухпакаёвай кватэры ў Мінску складзе да 35 рублёў (без уліку камунальных плацяжоў), паведаміў віцэ-прэм’ер. 

Чакаецца, што дакумент будзе падпісаны ўжо сёння.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.