Вы тут

У Гомельскім раёне адкрыліся новыя станцыі абезжалезвання


Больш за дзве тысячы жыхароў сельскай мясцовасці будуць забяспечаны вадой, якая адпавядае ўсім санітарна-гігіенічным нормам. Аб'екты высокай сацыяльнай значнасці рэалізаваны па праграме «Чыстая вада» дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», разлічанай на 2016—2020 гады.


Фота БЕЛТА.

Станцыі абезжалезвання з'явіліся ў Раманавічах і Клімаўцы. Патрэба ў такіх аб'ектах у гэтых населеных пунктах была відавочная. Так, напрыклад, да з'яўлення станцыі ў Раманавічах колькасць утрымання жалеза ў вадзе перавышала норму ў 3-4 разы. Мясцовыя жыхары шукалі дапамогі ў вырашэнні праблемы ў кіраўніцтва раённага жыллёва-камунальнага прадпрыемства. Спецыялісты, у сваю чаргу, чысцілі сеткі, што дапамагала, але толькі на кароткі час. Цяпер пытанне да якасці вады больш не ўзнікне ў месцічаў у наступныя 20 гадоў.

— Станцыя ў Раманавічах ачышчае 14 кубаметраў вады ў гадзіну. За месяц атрымліваецца больш за 5 тысяч кубаметраў. Гэтага дастаткова не толькі каб забяспечыць вёску чыстай вадой, але і каб стварыць пэўны рэзерв, — адзначыў на адкрыцці новага аб'екта дырэктар КЖУП «Гомельскі райжылкамгас» Яўген Плескачэўскі.

Цяпер да станцыі падключана 655 дамоў з цэнтральным водазабеспячэннем. Гэта значыць, што больш за 1300 жыхароў сельскай мясцовасці пачалі атрымліваць з кранаў якасную пітную ваду.

— Мы ўжо пакаштавалі ваду, яе якасць істотна палепшылася. Гэта нават відаць па працэсе прыгатавання ежы: на посудзе няма такога накіпу, як раней, — расказаў жыхар Раманавіч Аляксей Салаўёў.

Дарэчы, ужо цяпер пралічваецца варыянт: калі абанентамі водаправода ў Раманавічах стане большая колькасць вяскоўцаў, то магчыма будзе зрабіць яшчэ адну свідравіну для забеспячэння людзей вадой.

Між тым станцыя абезжалезвання, што прынесла чыстую ваду жыхарам другога населенага пункта — Клімаўкі, — мае ачышчальную прадукцыйнасць 10 кубаметраў вады ў гадзіну.

З рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў на будаўніцтва аб'екта ў Раманавічах было накіравана амаль 173 тысячы рублёў, у Клімаўцы — амаль 155 тысяч. Пры ўзвядзенні выкарыстоўваліся матэрыялы і абсталяванне айчыннай вытворчасці.

Старшыня Гомельскага райвыканкама Алена Алексіна расказала, што ў раёне 14 аграгарадкоў і 60 сельскіх населеных пунктаў забяспечана цэнтральным водазабеспячэннем:

— Варта адзначыць, што не ўсюды ёсць магчымасць забяспечыць якасць пітной вады. Менавіта такія сучасныя станцыі абезжалезвання, якія адпавядаюць санітарным патрабаванням і нормам, маюць неабходнае тэхнічнае абсталяванне, дазваляюць даставіць спажыўцу чыстую якасную ваду, — падкрэсліла кіраўнік раённай «вертыкалі» ўлады.

Яна звярнула ўвагу на тое, што ў цэлым цяпер на тэрыторыі Гомельскага раёна працуе 13 станцый абезжалезвання. Штомесяц пры іх дапамозе ачышчаецца 72 тысячы кубаметраў вады.

Летась у Гомельскім раёне былі ўведзены ў эксплуатацыю пяць станцый абезжалезвання. Да канца бягучага года будуць пабудаваныя яшчэ два аб'екты. Яны з'явяцца ў населеных пунктах Грабаўка і Маркавічы. Будаўніцтва пяці станцый запланавана на наступны год.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Крыніцы жыцця...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?