Вы тут

ЕС і ПРААН падтрымаюць кластарныя і сацыяльна значныя ініцыятывы ў 12 раёнах


Еўрапейскі Саюз і ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі краіны падтрымаюць кластарныя і сацыяльна значныя ініцыятывы ў 12 раёнах краіны.


Усім, хто жадае развівацца ў прадпрымальніцтве, прапануюць паўдзельнічаць у конкурсе ініцыятыў па праекце «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Фінансавая падтрымка будзе выдзяляцца па двух тэматычных кірунках — кластарных ініцыятывах і сацыяльна значных ініцыятывах.

Пад першымі маецца на ўвазе арганізацыя сумеснай дзейнасці тэрытарыяльна лакалізаваных юрыдычных і фізічных асоб з намерам стварыць кластар, накіраваны на развіццё і ўзмацненне канкурэнтаздольнасці яго ўдзельнікаў. А сацыяльна значная ініцыятыва — гэта комплекс мер па падтрымцы дзелавой ініцыятывы для вырашэння якой-небудзь сацыяльнай праблемы, развіцця інклюзіі або пашырэння падтрымкі сацыяльна ўразлівых груп.

Пілотнымі рэгіёнамі сталі Бярозаўскі і Кобрынскі раёны ў Брэсцкай вобласці, Браслаўскі і Аршанскі ў Віцебскай, Брагінскі, Жлобінскі і Хойніцкі ў Гомельскай, Лідскі ў Гродзенскай, Барысаўскі і Маладзечанскі ў Мінскай і Быхаўскі, Клічаўскі раёны ў Магілёўскай вобласці.

Сёлетні прыём заявак праводзіцца ў электронным выглядзе з 5 чэрвеня да 31 ліпеня ўключна на сайце конкурсу (https://www.prosprіng.by/). На падтрымку найлепшых кластарных ініцыятыў Еўрасаюз накіруе 1,44 мільёна долараў, а бюджэт для прадпрыемстваў, накіраваных на вырашэнне сацыяльна значных праблем, складзе 1,8 мільёна долараў.

«Намі будуць падтрыманы ініцыятывы, рэалізацыя якіх дасць эканамічны, сацыяльны і экалагічны эфект. Бізнес-ідэі павінны быць актуальныя для той тэрыторыі, дзе плануецца іх увасабленне. Спадзяёмся, што прапанаваная падтрымка будзе спрыяць аднаўленню эканомікі рэгіёнаў у няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі», — растлумачыла дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак.

А кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель выказаў надзею, што фінансаванне ініцыятыў не толькі дапаможа ў пераадоленні сацыяльных і эканамічных наступстваў пандэмічнага ўдару, але таксама паспрыяе вырашэнню доўгатэрміновых праблем найбольш уразлівых груп грамадства і малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца асновай эканомікі.

«Ініцыятывы, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, павінны быць накіраваны на вырашэнне канкрэтных задач рэгіянальнага развіцця Беларусі. Яны павінны спрыяць устойліваму эканамічнаму росту мясцовасці, магчымасці мець годную работу, забеспячэнню гендарнай роўнасці, дапамагаць лічбавізацыі і інавацыям. Мы чакаем ад заяўнікаў нестандартных падыходаў да вырашэння задач у галіне развіцця з выкарыстаннем новых метадаў, ідэй і прадуктаў», — падкрэсліла пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Ёсць ідэі? Грошы будуць!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».