Вы тут

Ва ўмовах каранавіруса пакупкі праз інтэрнэт пачалі карыстацца павышаным попытам


А ў гэтым нешта ёсць. Сядзіш сабе на канапе, п'еш каву і разглядаеш тавар у інтэрнэт-краме. Тут табе і акцыі, і зніжкі, і бясплатная дастаўка, толькі не лянуйся, выбірай. І не трэба стаяць у чэргах, марнаваць і без таго дэфіцытны час, цягнуць на сабе непад'ёмныя сумкі, а галоўнае — ніякіх кантактаў з патэнцыйнымі пераносчыкамі віруса, тое, што ў сённяшняй абстаноўцы самае актуальнае.


Сетка крам «ПерекрестОК» — адна са шматлікіх у Магілёве. І самая першая, якая выйшла са сваімі прапановамі ў інтэрнэт. Стваральнікі рэсурсу зрабілі гэта яшчэ некалькі гадоў таму «ў мэтах камфортнага і выгаднага набыцця харчовых тавараў». А зараз гэта яшчэ і самы бяспечны спосаб.

Юрый Бурачэўскі, кіраўнік кампаніі ТАА «РольфТрэйд», гандлёвая сетка «ПерекрестОК», расказвае, што колькасць інтэрнэт-спажыўцоў паступова павялічвалася, але менавіта каранавірус падштурхнуў людзей да больш актыўных інтэрнэт-пакупак. Дыстанцыйныя продажы павялічыліся ў параўнанні са звычайнымі прыкладна ў два разы. У сакавіку, напрыклад, заявак было столькі, што не хапала рук, каб усё сабраць, апрацаваць і даставіць у той жа дзень. Прыходзілася развозіць тавар назаўтра і нават напаслязаўтра.

— Зараз працуем у звычайным рытме — дзень у дзень, спраўляемся з той колькасцю, якая існуе. Штодня абслугоўваем ад 200 да 400 спажыўцоў, — удакладняе суразмоўнік. Самае цікавае, што сталі званіць з іншых краін, чаго раней не было, і заказваць тавар для сваіх родных з Магілёва.

У прыярытэце прадукты харчавання, бытавая хімія — адным словам, тавары першай неабходнасці. На ўра пайшла і распрацаваная спецыяльна пад эпідабстаноўку прапанова рабіць разлікі анлайн. Калі няма жадання кантактаваць нават з кур'ерам, можна скарыстацца магчымасцю зрабіць аплату праз сістэму АРІП. Хоць кампанія прадугледзела ўсё, каб абараніць пакупніка ад пагрозы інфіцыравання. Дастаўка працуе ў адпаведнасці з усімі супрацьэпідэміялагічнымі патрабаваннямі, змены паміж сабой не перасякаюцца і не кантактуюць. Сёння працуе адна група работнікаў, заўтра — другая. Паміж зменамі ўвесь інвентар, памяшканні і нават тавар дэзынфіцыруюцца, тое ж самае робіцца кожны раз, калі машына вяртаецца з рэйса. І, вядома ж, існуе прадпісанне абавязковага выкарыстання індывідуальных сродкаў аховы: масак, пальчатак, дэзынфекцыйных сродкаў. Новая змена пачынае рабочы дзень з чыстага ліста. Гэта яшчэ і клопат пра сваіх супрацоўнікаў. Калі нехта захварэе, у інфекцыі не будзе ніякіх шанцаў распаўсюдзіцца.

Паслуга па дастаўцы пакуль не выйшла за межы Магілёва, максімум — да найбліжэйшых прыгарадных вёсак. Але ў кампаніі разглядаюць варыянты далейшага развіцця.

— Сэрвіс, безумоўна, запатрабаваны, будзем працаваць над яго пашырэннем,— абяцае Юрый Анатолевіч. — Гэты канал продажу меў рост і раней, а эпідабставіны сталі своеасаблівым каталізатарам. Тыя людзі, якія лічылі, што нязручна рабіць заказы праз тэлефон, мабільную праграму або камп'ютар, паспрабавалі і ацанілі. Калі абстаноўка стабілізуецца, напэўна, адбудзецца спад інтэрнэт-продажаў, але агульны трэнд — рост гэтага канала застанецца. Ён ніколі не заменіць афлайн-продажы — стацыянарныя крамы, таму што гэта і нейкая своеасаблівая забава — пахадзіць, паглядзець, памацаць рукамі. Інтэрнэт-стасункі гэтага не заменяць, але, калі табе спадабаўся тавар і ты яго набываеш пастаянна, навошта траціць час на гэтую працэдуру.

У сакавіку, з пачаткам неспрыяльнага перыяду, народ аддаваў перавагу сацыяльным таварам. Куплялі на запас рыс, макарону, муку, алей.

— Аб'ёмы продажаў той жа грэчкі ўзраслі прыкладна ў тры разы, — кажа суразмоўнік. — Але дэфіцыту не ўзнікала, запасы аператыўна аднаўляліся. А хутка і ажыятаж спаў. У нас паменела пакупнікоў, але павялічылася сума сярэдняга чэка. Людзі сталі хадзіць радзей, але пачалі купляць больш. Калі раней чалавек пасля работы ішоў спачатку ў краму, а потым дадому, то цяпер робіць гэта праз дзень-два. Таму і падзенне чэкаў адбылося на 20-30 %. Выручка крыху паменшылася, але неістотна. У нас працуе звыш тысячы чалавек, і першасная задача, якая стаіць перада мной як кіраўніком, забяспечыць работнікаў зарплатай, каб яны маглі падтрымаць свае сем'і.

У пачатку пандэміі, як высветлілася, узрос попыт не толькі на грэчку, рыс і іншыя стратэгічна важныя прадукты, але і на тую ж бытавую тэхніку. Як сведчыць спецыяліст па маркетынгу Магілёўскага ААТ «Універмаг «Цэнтральны» Ірына Гаўрушка, народ купляе анлайн халадзільнікі, тэлевізары, мэблю, не кажучы ўжо пра тэкстыль, адзенне, цацкі, касметыку.

— З самага пачатку інтэрнэт-крама была тэрыторыяй нізкіх цэн, — кажа яна. — Там пастаянна праводзіліся акцыі, рабіліся зніжкі. А ў красавіку мы запусцілі бестэрміновы сацыяльны праект, які гарантуе 25%-ную зніжку для пастаянных пакупнікоў — уладальнікаў дысконтных картак. Яе, дарэчы, можна таксама замовіць праз інтэрнэт. У нас яны на любы густ — для пенсіянераў, навасёлаў, шматдзетных сем'яў, ёсць нават картка з адным з банкаў, якая дае права на зніжку 5 %.

Часцей за ўсё інтэрнэт-паслугамі Цэнтральнага ўнівермага карыстаюцца пакупнікі ва ўзросце ад 28 гадоў да 52, але хапае людзей і больш сталага ўзросту. Тавар можна не толькі набыць, але і атрымаць з дастаўкай на дом. Калі пакупнік з Магілёва, дастаўка абыдзецца яму ў пяць рублёў. Але тавар могуць завезці і ў любы пункт Беларусі.

На сайце можна ўбачыць, што ёсць прапановы і для пакупнікоў з Расійскай Федэрацыі. Тавар дастаўляецца кур'ерскай службай.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва ТАА «РольфТрэйд» і Магілёўскага ААТ «Універмаг «Цэнтральны»


Намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага гарвыканкама Галіна Яскевіч:

— Зараз сэрвіс, які дазваляе замаўляць тавар праз інтэрнэт, асабліва запатрабаваны. Людзі больш робяць акцэнт на бяспеку. Яны пачынаюць разумець, што гэта цалкам прымальны варыянт. Ён выклікае давер і карыстаецца павышаным попытам. Не трэба кудысьці ехаць на грамадскім транспарце, марнаваць час, рызыкаваць здароўем — усё, што ад цябе трэба, гэта ўключыць камп'ютар і выбраць. Перавагі відавочныя. Мы, са свайго боку, кантралюем работу інтэрнэт-крамаў на прадмет таго, каб у іх была ўся дакладная інфармацыя для пакупнікоў, каб прэйскуранты вытрымліваліся. Кантроль такі ж самы, як і за стацыянарнымі крамамі. Калі будуць паступаць сігналы, што нехта там не выконвае рэкамендацыі, будзем прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці. Але пакуль такіх зваротаў не было. Значыць, уладальнікі інтэрнэт-крамаў забяспечваюць і якасць, і своечасовасць дастаўкі, і цэны адпавядаюць тым, што заяўленыя на іх сайтах. Пакупнікі ўжо бяруць не толькі нейкія дробязі, але, напрыклад, і бытавую тэхніку. Большасць інтэрнэт-крамаў, якія працуюць у Магілёве, маюць сталічную прапіску, але ў нас паступова развіваецца і свой, магілёўскі, інтэрнэт-гандаль.

Загаловак у газеце: Алей... з дастаўкай да дома

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.