Вы тут

400 крокаў у даўніну. У праекта «Наперад у мінулае» — юбілей


Ужо восем сезонаў праграма «Наперад у мінулае» збірае каля экранаў прыхільнікаў беларускай народнай песні. А 12 ліпеня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гледачоў чакае юбілейны, 400-ы выпуск праекта — і, значыць, ужо чатыры сотні народных песень набылі новае гучанне. Яго тут ствараюць дзякуючы сучасным аранжыроўкам — з праграмай у розны час супрацоўнічалі Юрый Вашчук, Кірыл Ермакоў, Максім Осіпаў, Арцём Кандрацюк, Сяргей Сухамлін і іншыя творцы.


Як успамінаюць стваральнікі праекта Аксана і Анатоль Вечар, пачалося ўсё, можна сказаць, выпадкова. Калісьці Анатоль працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне» — і аднойчы аўтар Алена Будрыцова вырашыла зрабіць дуэты юных артыстаў і іх ужо вопытных, дарослых калег, а аранжыроўкі на песні стварыў Юрый Вашчук. Тады ў Анатоля ўзнікла ідэя зрабіць сімбіёз фолку і сучасных апрацовак. Калі працавалі над пілотным праграмы «Наперад у мінулае», то ўзялі ў спадарожнікі сябра па Інстытуце культуры Аляксандра Сухарава з гітарай, у якасці аднаго з вядучых — Юрыя Вашчука. Таксама Анатоль дамовіўся са сваім аднакурснікам Валерыем Мазурам, і ўся кампанія накіравалася ў вёску Маршалкі. Там паслухалі бабулек, паразмаўлялі з імі і выбралі песню. «Мяшчаначка» і стала песняй № 1. Пілот зацвердзілі, і 7 студзеня 2012-га «Наперад у мінулае» выйшла ў эфір.

— Самае цудоўнае — гэта людзі. Прызнанні ад бабулек кшталту: «Вось прыехала да нас «Наперад у мінулае», можна і паміраць...» ці: «Стаю ў агародзе, палю гарох, думаю, трэба ж аўтакраму не прапусціць, а пасля зірнула на гадзіннік — якая аўтакрама, калі «Наперад у мінулае» пачынаецца!» — дарагога вартыя, — дзеліцца Аксана Вечар. — Увогуле адчуванне, што робім патрэбную справу, вельмі натхняе. Калі прыязджаем — нас сустракаюць быццам родных. За гады існавання праекта мы спрабавалі па-рознаму ўвасабляць свае ідэі: спярша проста запісвалі песні ды аповеды пра ранейшае жыццё, а з часам пачалі здымаць абрады, што дадало праграме дынамікі. Заўжды зазначалі галоўнае: паспець занатаваць тое, што захавалася ці ўжо паспелі аднавіць. Прыемна адзначаць, калі ў пэўных раёнах, куды мы з'ездзілі, абяцаюць: маўляў, паходзім яшчэ па вёсках, параспытваем, можа, хто што помніць цікавае, тады зробім і вас запросім. Так, напрыклад, у Віцебскім раёне абяцалі масленкавы абрад «Шыла куваць» для нас аднавіць, цяпер яго чакаем. Акрамя тэлевізійнага эфіру, увесь запісаны матэрыял выкладваецца на YоuTubе, і такім чынам мы ствараем пэўную анталогію беларускага фальклору. Бо ў гэтай справе галоўнае — не сядзець і не бяздзейнічаць. І тое, што адчуваем удзячнасць, прыязджаючы ў вёскі, — таму пацвярджэнне.

За восем гадоў існавання праекта творчая група «Наперад у мінулае» ў кампаніі з артыстамі айчыннай эстрады праехала ўсю краіну — амаль 100 раёнаў, у тым ліку пагранічныя вёскі, дзе аўтаматычна падключаўся роўмінг іншых краін (напрыклад, Ляплёўка Брэсцкага раёна — 423 кіламетры ад Мінска, Свяцілавічы Веткаўскага — 372 кіламетры, Казлы Ельскага — 370 кіламетраў, Сенькава Верхнядзвінскага — 310 кіламетраў). Дарэчы, карэспандэнты «Звязды» таксама пачынаючы з 2014 года на працягу некалькіх сезонаў былі ўдзельнікамі некаторых фальклорных вандровак, пра што расказвалі на старонках газеты. Кожная паездка са здымачнай групай праграмы давала магчымасць здзейсніць і музычнае, і геаграфічнае, і часавае падарожжа. Бо знаёмства з гарадамі і вёскамі Беларусі, дзе збіраюць і старанна захоўваюць песенную спадчыну, абрады і традыцыі продкаў, выклікае роздум пра жыццё мінулае і сучаснае, пра лёсы людзей і іх унутраны свет, які, нібы ў люстэрку, знаходзіць сваё адлюстраванне ў песні... Там можна і пачуць аповед пра цяжкую долю, і даведацца, як умелі кахаць і па якіх правілах будавалі сямейнае жыццё, на што арыентаваліся ў побыце і як адзначалі святы і многае іншае. Словам, не знайсці лепшай крыніцы жыццёвай мудрасці і яе носьбітаў.

Па ўмовах праекта, фальклорныя калектывы выконваюць шэраг песень — народных кампазіцый (іх, між іншым, за ўвесь час існавання праграмы было запісана прыкладна 2,5 тысячы!). А напрыканцы кожнай праграмы ўвазе гледачоў прадстаўляецца новая версія народнай песні ў сучаснай аранжыроўцы, якую выконваюць вядомыя беларускія артысты. Наноў адраджалі гэтыя песні больш за 250 гуртоў і выканаўцаў — ад пачаткоўцаў на вялікай сцэне да заслужаных і народных. Адзін з аранжыроўшчыкаў праекта Кірыл Ермакоў неяк прызнаўся, што яму асабліва цікава працаваць з аўтэнтычным матэрыялам: «...У працэсе я дакранаюся да фальклорнай спадчыны. У ёй нашы карані, і, захоўваючы архаіку, мы зберагаем памяць пра мінулае і яго здабыткі. Інтарэс да такой музыкі ёсць не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Напрыклад, мы рабілі для Юзары песню на аснове такога матэрыялу, і ён выканаў яе на сваім канцэрце ў Германіі. Публіка была ў захапленні! Мне гэта карысна і ў плане вопыту, бо я надаю новае гучанне песням, якія складваліся вякамі».

Юбілейны выпуск праекта «Наперад у мінулае» выйдзе ў нядзелю, 12 ліпеня, а 10-й раніцы. Аксана Вечар расказала, чым будзе адметны святочны эфір: «Прыхільнікі нашай праграмы заўважаць, што чатырохсоты выпуск па форме будзе нагадваць першы: разам са здымачнай групай у фальклорную экспедыцыю накіруюцца кампазітар, аранжыроўшчык Сяргей Сухамлін, а таксама спявак, музыкант, кампазітар Аляксандр Сухараў. У рэжыме анлайн яны выберуць песню, на якую і створаць новае музычна-вакальнае аздабленне».

На гэтым творчая група праекта не спыняецца. Аўтары перакананыя: кожную вёску можна наведваць шмат разоў і заўсёды вяртацца ў студыю з новым матэрыялам — запісамі народных песень і кадрамі аўтэнтычных беларускіх абрадаў. Планаў у стваральнікаў праекта безліч — і зрабіць мюзікл, і арганізаваць вялізную канцэртную праграму, а галоўнае, працягваць работу з народнымі песнямі і з людзьмі, якія зрабілі справай свайго жыцця іх захаванне і перадачу нашчадкам.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Загаловак у газеце: 400 крокаў у даўніну

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.