Вы тут

Анатоль Ісачанка правёў прамую лінію


Спектр пытанняў, з якімі звярнуліся на прамую лінію да віцэ-спікера Савета Рэспублікі Анатоля ІСАЧАНКІ жыхары розных куткоў нашай краіны, быў разнастайны: ад садзейнічання ў працаўладкаванні да вырашэння маёмасных праблем.


Геаграфія званкоў, як звычайна, была шырокая: ад невялічкіх вёсачак да сталіцы. Усіх заяўнікаў намеснік старшыні Савета Рэспублікі ўважліва выслухаў, пры неабходнасці задаваў удакладняючыя пытанні.

У прыватнасці, пажылая мінчанка паведаміла віцэ-спікеру пра сітуацыю ў садовым таварыстве, што месціцца ў Мінскім раёне: побач Мінскае мора, зона курортная, зямля дарагая... Старшыня гэтага таварыства, на думку заяўніцы, скарысталася магчымасцю і як юрыдычная асоба атрымала ў карыстанне лапік зямлі са старажытнымі дубамі, што як фізічная асоба зрабіць не змагла б ніяк. Безумоўна, зямельныя пытанні — адны з самых складаных у практыцы іх разгляду, таму высвятляць усе акалічнасці адказным асобам давядзецца карпатліва. Анатоль Ісачанка запэўніў жанчыну, што яе пытанне будзе вывучана ўважліва.

Жыхарка горада Барысава паскардзілася, што не можа прадаць сваю частку дома, бо астатнія ўладальнікі пабудавалі калісьці на агульным участку гаспадарчыя пабудовы і яны да гэтага часу неўзаконеныя. Таму цяпер яна не можа атрымаць афіцыйнага дазволу ад гарадскіх улад на продаж сваёй маёмасці — маўляў, ідзіце ў суд. Стан здароўя жанчыны не дазваляе ёй судзіцца з суседзямі. Вось і просіць дапамогі ў намесніка старшыні Савета Рэспублікі. Пытанне няпростае, пагадзіўся ён і паабяцаў разабрацца дэтальна, чым можна дапамагчы ў такім становішчы.

Жыхарка Смаргоні, што на Гродзеншыне, прасіла ад імя суседзяў аб садзейнічанні з пракладкай водаправода па вуліцы Кірава. Жанчына сцвярджае, што шматлікія звароты да мясцовых улад не прынеслі жаданага выніку. Здавалася б, праектна-каштарысная дакументацыя ёсць, але кошт, які павінны аплаціць людзі за сваёй кішэні, іх не задавальняе. Так, агучаная жанчынай сума немалая, пагадзіўся Анатоль Ісачанка, трэба высвятляць, з чаго яна складаецца.

— Добра, будзем разбірацца, — паабяцаў ён і даручыў звязацца з мясцовымі ўладамі, каб атрымаць адказы на пытанні па разліку.

Пажылая заяўніца з Беразіно, што на Міншчыне, прасіла пасадзейнічаць у працаўладкаванні: яна на пенсіі, але хацела б крыху падрабіць, каб мець магчымасць закончыць рэканструкцыю дома. Мужчына з Касцюковіч Гомельскай вобласці папрасіў дапамагчы з медабслугоўваннем.

Усім, хто звярнуўся са сваімі пытаннямі ў Савет Рэспублікі, безумоўна, падрыхтуюць грунтоўныя адказы — ніводны зварот не застанецца без належнай увагі.

— Частка пытанняў, з якімі сёння звярнуліся грамадзяне, магла б быць вырашана на мясцовым узроўні, — адзначыў у размове з журналістамі Анатоль Ісачанка. — Калі людзі звяртаюцца, мы павінны іх выслухаць і прыняць усе меры, каб аказаць садзейнічанне і дапамагчы.

Ён адзначыў, што здараюцца сітуацыі, якія на мясцовым узроўні нельга вырашыць, таму людзі выходзяць на рэспубліканскі, дзе ў вырашэнні іх пытання можна атрымаць падтрымку.

Адпаведныя даручэнні былі дадзены і па выніках правядзення цяперашняй прамой лініі. Усе пытанні будуць знаходзіцца на кантролі да іх вырашэння.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: «Добра, будзем разбірацца...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.