25 верасня, пятніца

Вы тут

Наталля Качанава: БелАЗ — гэта адзін з брэндаў нашай краіны


У цэнтры ўвагі падчас сустрэчы былі тэмы мадэрнізацыі вытворчасці, асваення выпуску новых узораў тэхнікі і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на прадпрыемстве.


Фота: БелТА.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што яго прадукцыяй ганарыцца не толькі наша краіна — яе ведаюць ва ўсім свеце.

— Добрае, годнае прадпрыемтва — адно з найлепшых. І мы шчыра кажам пра тое, што ганарымся ім, бо БелАЗ — гэта адзін з брэндаў нашай краіны, — падкрэсліла яна. — Такія прадпрыемствы, як МТЗ, МАЗ, БелАЗ, — гэта апора ў прамысловасці.

Але так было не заўсёды. У пачатку 1990-х не хапала заказаў, ранейшыя сувязі былі парушаныя. З тых часоў шмат зроблена. Дастаткова толькі сказаць, што цяпер ААТ «БелАЗ» з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабывальнай і будаўнічай прамысловасці, займае каля 30 % сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў вялікай грузападымальнасці. Тут адбываецца зборка самага буйнога ў свеце кар'ернага самазвала, які можа перавозіць грузы да 450 тон.

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што за цяперашнімі дасягненнямі БелАЗа стаяць вялікія намаганні людзей, якія тут працуюць. Акрамя вытворчых паказчыкаў, сённяшнім набыткам завадчан з'яўляюцца і добрая сацыяльная сфера, і прывабны сацыяльны пакет — гэта дарагога каштуе, упэўнена спікер верхняй палаты парламента.

Падчас наведвання прадпрыемства Наталля Качанава пабывала ў цэхах. Спікера верхняй палаты парламента таксама праінфармавалі аб бягучых сацыяльна-эканамічных паказчыках работы ААТ «БелАЗ» і іншых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынг «БелАЗ-холдынг». Асноўнымі прынцыпамі вытворчай стратэгіі тут лічаць уменне канцэнтравацца на галоўным, спалучэнне інавацый, вядучых маркетынгавых тэхналогій і высокага прафесіяналізму калектыву.

На ключавых заводскіх пляцоўках старшыня Савета Рэспублікі пазнаёмілася з вытворчым патэнцыялам і навукова-тэхнічнымі магчымасцямі прадпрыемства, геаграфіяй экспартных паставак, а таксама з працэсам мадэрнізацыі і далейшымі планамі кіраўніцтва па аднаўленні завода. Так, прапрацоўваецца магчымасць рэалізацыі праекта па мадэрнізацыі вытворчасці на 2020—2025 гады, мэтай якой з'яўляецца пашырэнне магутнасцяў па вытворчасці кар'ерных самазвалаў, падземнай і будаўніча-дарожнай тэхнікі і спецтэхнікі.

Наталлі Качанавай прадэманстравалі тэхналагічны ланцужок укаранення ў прэсавым цэху найноўшага высокатэхналагічнага комплексу фарбавання дэталяў і вузлоў кар'ернай тэхнікі БелАЗ, аналагаў якому па ўзроўні рабатызацыі ў свеце няма.

Што датычыцца экспартнай дынамікі, то з пачатку бягучага года на прадпрыемстве дыверсіфікавалі экспартныя пастаўкі за кошт павелічэння ў агульным аб'ёме адгрузкі долі краін «дальняй дугі», а таксама асваення новых сегментаў рынку горнага абсталявання. За перыяд са студзеня да мая прадукцыя прадпрыемства накіроўвалася ў 20 краін, 13 з якіх належаць да далёкага замежжа. І на гэтым спыняцца не збіраюцца.

Дарэчы, міністр прамысловасці Пётр Пархомчык, які суправаджаў спікера верхняй палаты парламента і знаёміў з ключавымі аспектамі дзейнасці аднаго з флагманаў айчыннага машынабудавання, да нядаўняга часу ўзначальваў яго.

— Прыход у міністэрства кіраўніка такога ўзроўню надасць новы імпульс развіццю прамысловасці нашай краіны, — падкрэсліла на сустрэчы з калектывам Наталля Качанава. — Таму што Беларусь заўсёды славілася такімі прадпрыемствамі, як БелАЗ.

У тэму

БелАЗ актыўна ўдзельнічае ў сумесных пілотных праектах па ўкараненні інавацыйных тэхналогій. Напрыклад, цяпер у Хакасіі адбываюцца выпрабаванні беспілотных «беларускіх волатаў» з дапамогай тэхналогій 5G. Падчас эксперымента, які працягнецца некалькі тыдняў, кіроўцы будуць вадзіць машыны дыстанцыйна.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Брэнд і гонар краіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».