28 верасня, панядзелак

Вы тут

Імунныя пашпарты: «за» і «супраць»


У XIX стагоддзi ў амерыканскiм штаце Луiзiяна жоўтая лiхаманка, смяротнасць ад якой дасягала 50 працэнтаў, падзялiла ўсiх людзей на два «гатункi» — на тых, хто «аклiматызаваўся», перахварэў, i тых, у каго iмунiтэту да яе не было. Адсутнасць апошняга вызначала, цi можа чалавек браць шлюб i з кiм, дзе ён можа працаваць, а ў некаторых выпадках нават станавiлася падставай, каб трапiць у рабства. Фактычна ў грамадстве была створана «эпiдэмiялагiчная iерархiя».

У ХХI стагоддзi паўтарэнне падобнага сцэнарыя i дыскрымiнацыя ў залежнасцi ад наяўнасцi i адсутнасцi iмунiтэту зноў сталi цалкам верагодныя. Адразу ў многiх краiнах свету пасля наступлення пандэмii каранавiруса пачалi гучаць галасы на карысць увядзення iмунных covid-пашпартоў. Iх плюсы i мiнусы абмяркоўваюцца ў ЗША, Чылi, Заходняй Еўропе, выклiкаючы бурныя дыскусii. Нямецкi ўрад папрасiў заняцца вывучэннем гэтага пытання Савет па этыцы, задача якога кансультаваць вышэйшыя органы ўлады па складаных маральна-этычных праблемах.


«Сертыфiкаты здароўя»

Фота: hightech.fm

Мiнiстр аховы здароўя Германii Енс Шпан лiчыць, што такi дакумент у першую чаргу пойдзе на карысць усiм тым, хто ва ўмовах пандэмii каранавiруса па ўласнай iнiцыятыве хацеў бы ведаць, цi ёсць у яго iмунiтэт. Ён праводзiць аналогiю з запiсамi аб прышчэпках ад адру або гепатыту, бо сем з васьмi жыхароў Германii маюць на руках так званы пашпарт прышчэпак (Impfpass), дзе фiксуюцца ўсе праведзеныя вакцынацыi. Як яго выкарыстоўваць, вырашае сам пацыент, нагадвае мiнiстр.

«У мяне ёсць даведка!» — будуць казаць людзi, якiя перахварэлi на каранавiрус, i прад'яўляць дакумент пад назвай «пашпарт iмунiтэту». I ўсiм адразу стане ясна, што гэты чалавек незаразны для iншых i сам не рызыкуе заразiцца вiрусам SARS-CoV-2. Ва ўсякiм разе, так уяўляюць сабе будучыню аўтары гэтай iдэi.

А тым часам у Швейцарыi, краiне, якая стаiць на варце права на недатыкальнасць прыватнага жыцця i вядомая якасцю сваiх сродкаў абароны iнфармацыi, стварэнне iмунных пашпартоў iдзе зараз поўным ходам. Менавiта тут размешчаны шматлiкiя кампанii, якiя працуюць з блокчэйн-тэхналогiямi, здольнымi стварыць насамрэч бяспечны лiчбавы банк даных па асобах, якiя ўжо перахварэлi на каранавiрусную iнфекцыю.

Распрацоўшчыкi тлумачаць, што сертыфiкаты могуць быць ануляваныя ў любы момант, у тым лiку i ў аддаленым рэжыме. Таксама можна вызначаць тэрмiн iх дзеяння. За iмi можа ажыццяўляцца цэнтралiзаваны кантроль пры гарантаваннi поўнай бяспекi i прыватнасцi даных уладальнiка сертыфiката. Напрыклад, iмунны сертыфiкат можа быць ануляваны, калi партыя дыягнастычных камплектаў была прызнана ненадзейнай, што, зразумела, адмяняе i вынiкi тэста.

Не рытарычнае пытанне

Рэспублiканскi цэнтр бiяэтыкi таксама iнiцыяваў анлайн-дыскусiю, каб знайсцi аргументы i контраргументы на карысць увядзення covid-пашпартоў. Склад яе ўдзельнiкаў атрымаўся невялiкi, але мiждысцыплiнарны — урачы, юрыст, журналiст, фiлосаф i бiяэтыкi...

— Нядаўна мне сустрэлася цiкавае меркаванне, якое кардынальным чынам адрознiваецца ад галасоў супраць. Што менавiта iмунныя пашпарты i з'яўляюцца перашкодай для дыскрымiнацыi, бо зараз мы дыскрымiнуем тых людзей, якiя маюць iмунiтэт: яны павiнны сядзець на каранцiне, захоўваць сацыяльную дыстанцыю, прытрымлiвацца iншых абмежаванняў, — разважае кiраўнiк Рэспублiканскага цэнтра бiяэтыкi, дацэнт кафедры грамадскага здароўя i аховы здароўя БелМАПА Валерыя САКОЛЬЧЫК. — I яшчэ мне вельмi спадабалася параўнанне з лобстарамi. Лобстары не ведаюць, што iх гатуюць, асаблiва калi iх пакласцi ў халодную ваду i паволi падаграваць. Калi i нас будуць так пакрысе рыхтаваць да ўвядзення пашпартоў, то мы, хутчэй за ўсё, i не заўважым, як iх увядуць, i нас паставяць проста перад фактам.

Фота: iz.ru

— Паколькi iдэя стварэння iмунных пашпартоў была агучана адначасова ў розных краiнах, у тым лiку i ў нашай, можна меркаваць, што нам збiраюцца прапанаваць нейкi ўнiверсальны спосаб супрацьстаяць распаўсюджванню каранавiруса, — падзялiлася сваiм бачаннем сiтуацыi старшы выкладчык кафедры грамадзянскага права БДУ Алена БАСАЛАЙ. — Але любую праблему, якая закранае iнтарэсы чалавека, трэба разглядаць з пункту погляду балансу грамадскiх iнтарэсаў: дзеля чаго наступаюць на нашы правы i якога вынiку чакаюць? Як бы банальна нi гучала, але правы i свабоды чалавека былi аб'яўлены ААН у ХХ стагоддзi найвышэйшай каштоўнасцю. Таму любы замах на iх павiнен быць чымсьцi апраўданы. Мы павiнны заплацiць нейкую цану, але дзеля чаго? Гэта не рытарычнае пытанне. Калi заходзiм у краму, дзе ўстаноўлены сiстэмы вiдэаназiрання, мы пагаджаемся з тым, што нас здымаюць, разумеем, дзеля чаго гэта робiцца, i пагаджаемся на тое, што атрыманыя звесткi могуць быць выкарыстаны ў тым лiку i супраць нас.

Згодна з нашым законам аб iнфармацыi, iнфарматызацыi i абароне iнфармацыi, персанальнымi данымi лiчыцца любая iнфармацыя, якая дазваляе iдэнтыфiкаваць чалавека (фiзiчную асобу). Звесткi, якiя будуць утрымлiвацца ў iмунных пашпартах, адназначна трапляюць пад паняцце «персанальныя даныя». А ў Беларусi збор i апрацоўка персанальных даных можа ажыццяўляцца толькi са згоды носьбiта гэтай iнфармацыi, гэта значыць, са згоды кожнага грамадзянiна, у адносiнах да якога гэты пашпарт будзе складацца.

Але давайце разбяромся, а што трэба разумець пад грамадскай выгадай? Можа быць, гэта класiчны мiф, з дапамогай якога пэўныя групы будуць дасягаць сваiх мэт? I чаму мы думаем, што iмунны пашпарт будзе ўключаць толькi звесткi пра «ковiд»? Туды можа ўключацца значна больш iнфармацыi. Хто ў такiм разе будзе вызначаць яе аб'ёмы? Што ўключаць правамерна цi неправамерна?

Фота: bfm.ru

Калi гэта адзiны спосаб супрацьстаяння каранавiрусу i спыненню масавых захворванняў, гэта можа быць мэтай i апраўданнем. Але нельга забывацца i пра рызыкi. Ёсць пытаннi па абароне такой iнфармацыi, да таго ж у нас няма зараз гарантый, што яна не будзе выкарыстана супраць нас.

Наколькi я ведаю, спецыялiсты называлi лiчбу ў 60 працэнтаў — толькi пры гэтым паказчыку можна будзе казаць пра фармiраванне калектыўнага iмунiтэту. Але нават Сусветная арганiзацыя аховы здароўя сумняваецца, што паўторнае iнфiцыраванне COVID-19 немагчымае. Значыць, iмунны пашпарт i абмежаванне правоў чалавека будуць неапраўданыя?

Рызыкну выказаць думку, што ўкараненне iмунных пашпартоў будзе мець сваю рэгiянальную спецыфiку, якая будзе залежаць у тым лiку i ад заможнасцi той цi iншай краiны i тэхналогiй, якiя яна можа сабе дазволiць. Лiчу, што пра роўнасць магчымасцяў казаць тут не выпадае.

Абавязковая ўмова — надзейная абарона

Дарэчы, выказваюцца думкi, што пагалоўнае тэсцiраванне немагчымае нават у развiтых краiнах. Напрыклад, у Германii пражывае каля 84 мiльёнаў чалавек. Кожнаму патрабуюцца мiнiмум два сералагiчныя тэсты, а гэта 168 млн тэстаў штогод (для пастаяннага манiторынгу тэсцiраваць усё насельнiцтва трэба хоць бы раз у год).

У чэрвенi Германiя чакае больш за 5 мiльёнаў тэстаў ад швейцарскай кампанii, але гэта колькасць дазволiць ахапiць толькi 6 працэнтаў насельнiцтва. Нават Паўднёвая Карэя, якая вылучаецца высокiмi паказчыкамi тэсцiравання, змагла пратэсцiраваць да 20 мая толькi 1,5 працэнта свайго насельнiцтва.

Фота: vokrugsveta.ua

— Магчымасць захавання медыцынскiх звестак пра чалавека на нейкiх носьбiтах можа сэканомiць секунды для атрымання каштоўнай iнфармацыi i аказання яму экстраннай квалiфiкаванай дапамогi, — падкрэслiвае Iгар ШПIЛЕЎСКI, урач мiнскай Гарадской бальнiцы хуткай медыцынскай дапамогi, хiрург-камбустыёлаг i пластычны хiрург. — Можна паглядзець на досвед еўрапейскiх дзяржаў, дзе ўведзены ID-пашпарты. У iх закладзены i медыцынскiя звесткi, i iнфармацыя пра страхавыя полiсы, крэдытная гiсторыя ўладальнiка i гэтак далей. Але ўся гэта iнфармацыя надзейна абараняецца, i, скажам, доступ да звестак, што датычацца стану здароўя, мае толькi пэўная катэгорыя медыцынскiх работнiкаў. Таму перш чым укараняць такiя дакументы, трэба дабiцца высокага ўзроўню iх тэхнiчнага забеспячэння i дакладна размежаваць, хто будзе збiраць iнфармацыю, захоўваць, якая будзе абарона i хто будзе мець да яе доступ. Пакуль я для сябе адказаў на гэтыя пытаннi не знайшоў. Але тое, што такi дакумент з'явiцца, зусiм нядрэнна. Я ў гэтым упэўнены.

The Guardian

«Калi праглядаеш аб'явы на Airbnb па Бруклiне, адна з iх адразу кiдаецца ў вочы. «У ГАСПАДАРА ЁСЦЬ IМУНIТЭТ» — абвяшчае загаловак вялiкiмi лiтарамi. Сярод фатаграфiй заходаў, якiя можна назiраць з даху, i iнтэр'ера, ёсць сёе-тое нечаканае — фатаграфiя станоўчага тэста на антыцелы да каранавiруса, — пiша The Guardian. — Гаспадар, Марцiн Iтан, паведамляе, што ён абследаваўся праз некалькi тыдняў пасля таго, як у сакавiку перахварэў тым, што, як ён падазрае, было Covid-19. Калi вынiкi абследавання на антыцелы аказалiся станоўчымi, ён вырашыў уключыць iх у свой профiль, каб паспрыяць росту колькасцi бранiраванняў».

«Меркаваныя перавагi iмунiтэту такiя, што некаторыя людзi наўмысна спрабуюць заразiцца патэнцыйна смяротным вiрусам», — перадае The Guardian. Як пiша выданне, да медыкаў звяртаецца мноства людзей, тэст якiх на каранавiрус аказаўся станоўчым пасля наведвання «каранавiрусных вечарын»: яны прыйшлi туды з мэтай заразiцца, без сродкаў аховы. «Паколькi мы не ведаем дакладна, як працуе iмунiтэт, падобныя вечарыны — гэта дрэнная iдэя, з якога боку нi паглядзi», — папярэджваюць медыкi.

— Нам насамрэч патрабуецца такая iнфармацыя, але я лiчу, што яна павiнна быць у вельмi вузкiм доступе, бо ў адваротным выпадку мы парушым права пацыента на захаванне медыцынскай таямнiцы, — падкрэслiвае Яўген КОТАЎ, урач-хiрург Мiнскага навукова-практычнага цэнтра хiрургii, транспланталогii i гематалогii. — Пакуль што мы вырашаем ураўненне са мноствам пераменных i не можам аб'ектыўна казаць, добра гэта цi дрэнна, дапаможа цi не дапаможа. Магчыма, пытанне ўвядзення iмунных пашпартоў i не атрымае далей свайго развiцця, але падзеi могуць развiвацца i iншым чынам — калi эпiдэмiялагiчная сiтуацыя будзе пагаршацца, то паўстане пытанне захавання жыцця ўжо не аднаго чалавека, а цэлых нацый. Таму не варта сёння выказвацца катэгарычна i безапеляйцыйна.

Чые iнтарэсы вышэйшыя?

— Дзяленне людзей па нейкiм крытэрыi — стане здароўя, iмунiтэце, нацыянальнасцi, месцы жыхарства — называецца дыскрымiнацыяй, — падкрэслiвае Алена Басалай. — Да таго ж правесцi тэсцiраванне ўсiх людзей у адзiн момант не ўяўляецца магчымым, i ў нас будзе некалькi катэгорый: тыя, хто хварэюць, тыя, хто ўжо перахварэў на каранавiрус, i людзi без iмунiтэту. Тыя, хто перахварэў, будуць адчуваць сябе пераможцамi, таму што змогуць беспраблемна перамяшчацца, выязджаць за мяжу без неабходнасцi знаходзiцца там 14 дзён у каранцiне, уладкоўвацца на работу, карыстацца сацыяльнай iнфрастуктурай i весцi звычайны лад жыцця. Але цi будзе дасягнутая канчатковая мэта — спынiць распаўсюджванне каранавiруса? Нават наяўнасць антыцелаў да каранавiруса ў крывi чалавека не азначае, што ён не можа захварэць. Iншымi словамi, выдача падобных дакументаў можа стварыць у iх уладальнiкаў iлюзiю, быццам яны цалкам абаронены ад рызыкi паўторнага заражэння на найблiжэйшыя месяцы, гады цi нават назаўжды, хоць у навукi яшчэ няма доказаў, што гэта сапраўды так. Наадварот, наконт гэтага маюцца сур'ёзныя сумненнi. Вiрус — зусiм новы, пра яго мала што вядома. I Сусветная арганiзацыя аховы здароўя пакуль не рэкамендуе ўрадам уводзiць iмунныя пашпарты або сертыфiкаты аб неўспрымальнасцi да вiруса, паколькi гэта можа наадварот паскорыць распаўсюджванне iнфекцыi.

— Я сустрэла такое цiкавае паняцце, як iмунакапiтал. Ён уплывае не толькi на сiстэму аховы здароўя, але i на эканамiчную сiстэму. Краiны, у якiх узровень iмунакапiталу вышэйшы, будуць больш паспяховыя. I, наколькi я разумею, мэта ўвядзення iмуннага пашпарта — якраз высветлiць узровень iмунакапiталу, — падзялiлася сваiмi думкамi дацэнт кафедры судовай медыцыны БДМУ, супрацоўнiк Рэспублiканскага цэнтра бiяэтыкi Ганна КЛIМОВIЧ. — Атрымлiваецца, што нашы iнтарэсы павiнны быць падпарадкаваныя грамадскiм? Асабiста я пакуль убачыла толькi адзiн плюс у з'яўленнi iмунных пашпартоў — гэта магчымасць хутка дзейнiчаць пры неабходнасцi аказання экстраннай дапамогi пацыенту.

А тым часам сертыфiкаты (даведкi) аб наяўнасцi iмунiтэту цi адсутнасцi факта iнфiцыравання COVID, якiя дазволяць пазбегнуць каранцiну пры перасячэннi межаў iншых краiн, паступова ўваходзяць у норму. I гэта канцэпцыя ўжо прымаецца прыватным сектарам. Так што рыхтуйцеся даказваць сваё права на свабоднае перамяшчэнне...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.