Вы тут

Чаму вучаць спецыялiстаў сферы ЖКГ?


У любой сферы дзейнасцi самае галоўнае — гэта людзi, i таму вельмi важна ўдзяляць дастаткова ўвагi адукацыi i падрыхтоўцы кадраў. Асаблiва ў такой сферы, як жыллёва-камунальная гаспадарка, якая мусiць пастаянна развiвацца. I мала хто ведае, што ў Беларусi iснуе нават асобны вучэбны цэнтр, спецыялiсты якога пастаянна ўдасканальваюць працэс навучання камунальнiкаў. Чаму так важна гэта рабiць, расказвае дырэктар ДВЦ «Жылкам» Кацярына ГАРБАЧОВА.


— Кацярына Васiлеўна, чаму спецыялiстам сферы ЖКГ трэба пашыраць свае веды i як вы iм у гэтым дапамагаеце?

— Сфера пастаянна развiваецца  — гэта датычыцца i развiцця тэхналогiй, якiя там выкарыстоўваюць, i нарматыўнай прававой базы, таму вельмi важна, каб камунальнiкi не адставалi ад гэтага працэсу. I прынцыповым крокам не толькi ў развiццi жыллёва-камунальнай гаспадаркi ў цэлым, але i ў адукацыi спецыялiстаў сферы стала дырэктыва № 7, якую Прэзiдэнт падпiсаў у сакавiку мiнулага года. Згодна з дакументам, арганiзацыi ЖКГ павiнны забяспечваць свае кадры навучаннем i правядзеннем абавязковай атэстацыi. Канешне, дырэктыва як нарматыўны прававы акт мае праграмны характар, але для часткi даручэнняў устаноўлены пэўныя тэрмiны. Напрыклад, праз наш цэнтр цi iншыя вучэбныя цэнтры ЖКГ кожны год прафесiйную падрыхтоўку, павышэнне квалiфiкацыi цi перападрыхтоўку павiнны праходзiць не меней за 20 % супрацоўнiкаў кожнай арганiзацыi ЖКГ.

— Выходзiць, што ў асноўным ваш цэнтр i займаецца падрыхтоўкай, перападрыхтоўкай i павышэннем квалiфiкацыi кадраў?

 — I датычыцца гэта як рабочых, так i спецыялiстаў i кiраўнiкоў прадпрыемстваў. А сёлета з красавiка, згодна з пастановай Саўмiна, у нас з'явiлася новая задача: мы будзем праводзiць атэстацыю асоб, што прэтэндуюць на пасаду служачых арганiзацый, якiя ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду цi аказваюць жыллёва-камунальныя паслугi.

 — Сёння ў вашым цэнтры рэалiзуецца каля 120 навучальных праграм. Чаму вучацца спецыялiсты?

 — Слухачы праходзяць тэарэтычнае i практычнае навучанне  — менавiта для гэтага ў нас створаны спецыяльныя класы. Напрыклад, яны вучацца абслугоўваць сасуды пад цiскам, абслугоўваць жыллёвы фонд у сучасных умовах цi iх вучаць быць больш клiентаарыентаванымi. Напрыклад, тыя ж хаус-майстры, якiя будуць займацца комплексным абслугоўваннем будынкаў, адразу вывучаюць тэорыю i трэнiруюцца на нашых трэнажорах па водазабеспячэннi i ацяпленнi i толькi потым iдуць на практыку ў арганiзацыi ЖКГ. Выбудаваны такiм чынам навучальны працэс дазваляе мiнiмiзаваць рызыку сапсавання дзеючага дарагога абсталявання i пры гэтым дазваляе дэталёва вывучыць усе нюансы, якiя звязаны з гэтай прафесiяй.

 — Але ж для якаснай адукацыi трэба пастаянна ўдасканальваць сам працэс навучання?

 — Менавiта таму мы i ўкаранiлi ўнiкальную праграму 3D-вiзуалiзацыi жылога дома i цеплавога пункта, якая дазваляе не толькi праводзiць навучанне, але i аказвае практычную дапамогу пры абслугоўваннi будынкаў. Пандэмiя каранавiруса таксама дазволiла па-iншаму паглядзець на адукацыйны працэс, i мы ўкаранiлi дыстанцыйнае навучанне спецыялiстаў. Напрыклад, для вызначэння дзелавых i асобасных якасцяў мы распрацавалi праграму псiхалагiчнага тэсцiравання, таксама ёсць магчымасць праходжання рэпетыцыйнага тэсцiравання, i ўсё гэта можна рабiць аддалена i кругласутачна. Акрамя таго, усе кансультацыi з выкладчыкамi мы праводзiм анлайн, i ехаць у Мiнск зусiм не абавязкова. Усе гэтыя тэхнiчныя рашэннi дазваляюць прадпрыемствам значна знiжаць затраты на навучанне супрацоўнiкаў.

 — Аднак не толькi ж пандэмiя паўплывала на выбудоўванне больш сучаснага падыходу да навучання?

 — Мы пастаянна распрацоўваем электронныя падручнiкi, праводзiм вэбiнары, а не так даўно нават стварылi спецыяльны клас па абыходжаннi з цвёрдымi камунальнымi адходамi i другаснымi матэрыяльнымi рэсурсамi. З дапамогай дапоўненай рэальнасцi мы дэманструем спецыялiстам, як працуе гэтая сiстэма ў Беларусi. Для планшэтаў створана спецыяльная праграма, i праз яе можна ўбачыць iнфармацыйны ролiк, прысвечаны тэме адходаў, прагуляцца па розных раздзелах, убачыць працэс перапрацоўкi адходаў i што можна з iх атрымаць. Таксама на стэндзе ў класе можна знайсцi ўзоры пелет i гранул. А ў дадатак да гэтага распрацаваны i настольныя дапаможнiкi  — кнiгi з QR-кодам, якi чытае тая ж самая праграма. На нашым сайце можна знайсцi ўсю неабходную iнфармацыю пра навучанне, мы распрацавалi сэрвiс для зручнай аплаты праз QR-код, а ўсе планы i графiкi кiраўнiкi прадпрыемстваў атрымлiваюць з вiзiткамi з QR-кодам, iнфармацыя на якiх аднаўляецца кожны тыдзень. Слухачам трэба толькi захацець скарыстаць усё гэта.

 — I вельмi ж важна, каб i выкладчыкi не адставалi...

 — Не так даўно з калегамi з Германii мы падпiсалi пагадненне, згодна з якiм, нашы выкладчыкi будуць мець магчымасць вывучыць не толькi новыя метады навучання, але i новыя тэхналогii. Яны будуць наведваць прадпрыемствы ў рамках дысцыплiн, якiя выкладаюць слухачам. Таксама разам з нямецкiмi калегамi мы дамовiлiся рэалiзоўваць праект па падрыхтоўцы кадравых рэсурсаў для галiны абыходжання з адходамi i па ўкараненнi сучасных тэхналогiй першаснай апрацоўкi i выкарыстання другаснай сыравiны ў Беларусi. Галоўнай яго мэтай выступае вырашэнне праблем у гэтай сферы. Мы плануем нават набраць групу спецыялiстаў-выкладчыкаў, якiя пройдуць навучанне па кiрунках, прапiсаных у нашым пагадненнi, па якiх у будучым стануць навучаць спецыялiстаў сферы ЖКГ.

 — А цi могуць спецыялiсты выпадкова двойчы трапiць на навучанне да вас?

 — Менавiта для гэтага мы стварылi праграмны комплекс «Статыстыка», якi пастаянна аднаўляецца. Тут сабраны звесткi пра тых, хто ўжо прайшоў атэстацыю, пра тое, якiя сертыфiкаты былi выдадзены, калi людзям спатрэбiцца зноў праходзiць атэстацыю. Цяпер мы распрацоўваем новыя падыходы да фармiравання банка даных i плануем весцi ўлiк усiх тых асоб, якiя нават проста праходзiлi навучанне ў нашым цэнтры.

 — Што ж датычыцца атэстацыi  — нядаўна прынцыпова змянiлiся падыходы. Сёння яе абавязаны праходзiць усе, хто прэтэндуе на кiруючую пасаду ў сферы ЖКГ?

 — I калi яны не пройдуць атэстацыю, то проста не змогуць займаць пасаду. Усяго адзначана шэсць галiн, па якiх прэтэндэнт будзе здаваць экзамен. Па якой з iх канкрэтна, ужо будзе залежаць ад сферы дзейнасцi прадпрыемства. Пры гэтым хтосьцi можа здаваць экзамен адразу па ўсiх, а хтосьцi  — толькi па адной. Калi спецыялiст вырашыць змянiць месца работы, але сфера дзейнасцi застанецца тая ж, то зноў праходзiць атэстацыю яму не трэба. Калi ж, напрыклад, галоўны iнжынер ЖЭУ пажадае перайсцi на такую ж пасаду, але ў арганiзацыю, якая ўжо займаецца вывазам цвёрдых камунальных адходаў, то экзамен ён павiнен будзе здаць зноў, але ўжо па iншых кiрунках.

 — I якiм чынам праходзiць экзамен?

 — У форме камп'ютарнага тэсцiравання. Звычайна адна галiна атэстацыi ўключае 60 пытанняў, адна палова з якiх адносiцца да прафесiйнай падрыхтоўкi, а другая  — да тэарэтычных ведаў асноў эканомiкi, бухгалтарскага ўлiку, аховы працы, заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, працы, адмiнiстрацыйных працэдур, зваротаў грамадзян i юрыдычных асоб, жыллёвага заканадаўства. Калi ж чалавек будзе здаваць экзамен адразу па некалькiх галiнах, то на гэтыя 30 тэарэтычных пытанняў ён адкажа толькi адзiн раз, i ў кожнай галiне будзе ўжо толькi 30 пытанняў, якiя будуць адносiцца менавiта да прафесiйнай падрыхтоўкi. На падрыхтоўку адказу слухачу даецца адна хвiлiна, i лiчыцца, што ён паспяхова здаў экзамен, толькi ў тым выпадку, калi адказаў не меней чым на 85 % пытанняў. Калi экзамен быў не здадзены, то прэтэндэнту трэба нанава прайсцi адмiнiстрацыйную працэдуру i здаць экзамен.

 — Атэстацыю абавязаны прайсцi нават асобы, якiя прэтэндуюць на пасаду старшынi праўлення. А што датычыцца iх навучання ў цэлым?

 — Наш цэнтр  — першы, якi ўкаранiў праграму навучання для iх, але, на мой погляд, 56 гадзiн для навучання вельмi мала, тут патрабуецца больш прафесiйная падрыхтоўка. Дом  — складаная iнжынерная канструкцыя, i кiраваць iм павiнны прафесiяналы. Магчыма, з цягам часу мы павялiчым колькасць гадзiн.

 — Гэта значыць, што перш за ўсё для прафесiйнага кiравання маёмасцю патрэбны прафесiянал?

 — Для паспяховага развiцця любой сферы патрэбны высокаквалiфiкаваныя кадры, i забяспечыць якасную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне квалiфiкацыi спецыялiстаў сферы ЖКГ дазваляюць вучэбныя цэнтры. Аднак iм самiм трэба пастаянна працаваць над стварэннем i аднаўленнем сучаснай вучэбна-матэрыяльнай базы, распрацоўкай вучэбна-праграмнай дакументацыi i адказна падыходзiць да выбару выкладчыкаў. I самае галоўнае  — любы спецыялiст цi кiраўнiк прадпрыемства павiнен разумець, што ад яго ведаў, навыкаў i ўменняў залежыць не толькi эфектыўная работа прадпрыемства, але i ў цэлым работа сiстэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркi.

Валерыя КIСЛАЯ, фота з архiва ДЦ «Жылком»

Загаловак у газеце: Клiентаарыентаванасць i псiхалагiчнае тэсцiраванне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.