Вы тут

Эмiлiя Плятэр (1806—1831)


Жыццё Эмiлii Плятэр стала легендай, а яе iмя — сiмвалам самаахвярнай любовi да Айчыны. Яе подзвiг услаўлены паэтамi i мастакамi. Яе параўноўвалi са славутай Жаннай д'Арк. За свае кароткае жыццё яна зрабiла тое, на што iншы i за доўгiя гады няздатны. Не толькi сваёй самаахвярнасцю i гераiзмам увайшла ў гiсторыю Эмiлiя Плятэр, але i як адна з першых беларускiх паэтаў i фалькларыстаў.


Яе бацька, Францiшак Ксаверый, паходзiў са старажытнага нямецкага роду Плятэраў, а мацi Ганна Моль была родам з Браслава. Сямейнае жыццё бацькоў Эмiлii не склалася. Мацi з дачкой жылi ў маёнтку Лiксна Вiцебскай губернi. Эмiлiя атрымала хатнюю адукацыю, захаплялася гiсторыяй i матэматыкай. А ў вольны час ездзiла верхам на канi i вучылася страляць з пiсталета. Пра такiх баявiтых дзяўчынак кажуць: хлопец у спаднiцы. Яна марыла пра гераiчны подзвiг за Айчыну. «Ад дзiцячых гадоў была думка, што калiсьцi пайду я на вайну», — прызнавалася пазней Эмiлiя.

Блiзкасць да простага люду паўплывала на чуллiвую душу дзяўчыны, Эмiлiя захапiлася беларускiм фальклорам i пiсала па-беларуску «народныя» вершы. Хто ведае, каб iначай склаўся лёс Эмiлii, цi не прысвяцiла б яна сябе беларускай фалькларыстыцы i паэзii.

Вобраз юнай Эмiлii ўваскрашае ў сваiх мемуарах вiцебскi настаўнiк Максiмiлiян Маркс. У госцi да яго мацi ў Вiцебск часта прыязджала Эмiлiя. Яна добра спявала беларускiя народныя песнi i танцавала пад заахвочвальныя воклiчы гаспадароў i iх гасцей: «Ну паненка, ну дзявуха! Ды i яшчэ i якая дзявуха — залатая дзявуха!» З успамiнаў Маркса Эмiлiя паўстае рамантычнай асобай. «Першая яна, — бадай, я не памыляюся, — з запалам, уласцiвым чулым, высакародным сэрцам, аддалася душою беларускаму люду, вывучала яго бяду, спачувала ёй, стараючыся па магчымасцi аблегчыць яе, збiрала, спявала яго песнi, шчодра плацiла за iх дастаўку i спрабавала пяро ў iх наследаваннi. На фартэпiяна яна ўмела найвыразней перадаць i зухаватасць, i тугу народных матываў, нават тэмбр сапрана-жалейкi i баса-дуды... Голасам, у якiм, здаецца, чулiся стагоддзi, яна пачынала:

Авой, авой, дзяцюк ты мой!

Не на радасць, не на шчасце ты радзiўся!

I ўсе выпрабаваннi, усе пакуты жыцця беларускага мужыка падрабязна тут пералiчвалiся, дакладна апiсвалiся, глыбока наноў перажывалiся».

Безумоўна, гэтыя два радкi не даюць поўнага ўяўлення пра паэтычны дар Эмiлii. Але яе творчасць — з'ява знакавая! Як i Ян Чачот, i яго сябры фiламаты, як i Ян Баршчэўскi, Эмiлiя была прадвеснiкам беларускага Адраджэння.

Калi ў 1831 годзе пачалося паўстанне супраць царызму, Эмiлiя ўзяла ў рукi зброю. Яна стварыла невялiчкi атрад з чатырох дзяўчат. 29 сакавiка ў мястэчку Дусяты дзяўчына выступiла з прамовай перад людзьмi, заклiкаючы iх падняцца на паўстанне. Яе радасна прывiталi: «Няхай жыве графiня Эмiлiя! Няхай жыве наша ясная паненка!» У атрад Плятэр уступiла некалькi сотняў добраахвотнiкаў.

У першым баi 2 красавiка паўстанцы разбiлi пяхотны аддзел царскiх войскаў. Акрыленая перамогай Эмiлiя вырашыла завалодаць Дынабургам. Высланы з горада царскi аддзел трапiў у засаду i быў разбiты. Праследуючы ўцекачоў, Эмiлiя хацела адразу ўзяць Дынабург. Каля горада дарогу паўстанцам загарадзiў батальён пяхоты з гарматамi. Агонь гармат пасеяў смерць у паўстанцкiх шэрагах. У такiх неспрыяльных умовах паўстанцы адступiлi.

Рэшткi атрада Эмiлiя далучыла да атрада свайго стрыечнага брата Цэзара, а сама ў суправаджэннi ад'ютанта Марыi Прушынскай ляснымi сцежкамi дабралася ў Жамойць, дзе ваяваў паўстанцкi корпус генерала Караля Залускага. Увесь цяжар вайсковага жыцця гэтая кволая дзяўчына пераносiла мужна i адважна змагалася з ворагам. Ёй раiлi вярнуцца дадому, але пачулi ў адказ: «Вырашыла змагацца, пакуль не вернем незалежнасць». Генерал Хлапоўскi, якi ўзначалiў паўстанцкiя сiлы на Жамойцi, надаў Эмiлii чын капiтана i прызначыў ганаровым водцам роты. Хоць так хацеў усцерагчы яе ад небяспекi.

Свае ўражаннi пра легендарную паўстанку напiсаў Iгнат Дамейка. «Невялiчкая ростам, бледная, не прыгажуня, але з акруглым, прыемным, сiмпатычным тварам, блакiтнымi вачыма, стройнага, хоць i не моцнага складу. Была паважаная, хутчэй суровая, чым свойская, у абыходжаннi, малагаваркая i поглядам нiбыта патрабавала да сябе належных адносiн i прыстойнасцi. Дый нiхто ў лагеры не дазваляў у яе прысутнасцi кiнуць якое недарэчнае слова, жарт або паграшыць у ветлiвым абыходжаннi». З рамантычнай гарэзлiвай дзяўчыны вырасла суровая амазонка з палымянным сэрцам патрыёта. У баi 19 чэрвеня каля Вiльнi Эмiлiя была ў першых шэрагах. Пад ёй забiлi каня, i яна разам з iм грымнулася на зямлю. Рызыкуючы сабой, маёр Станiслаў Мацэвiч прарваўся да Эмiлii, пасадзiў яе на свайго каня i вывез з поля бою. У iншым баi, пад Шаўляем, Эмiлiя за сваю адвагу заслужыла пахвалу генерала Хлапоўскага.

Пад ударамi царскiх войскаў паўстанцы адступiлi ў Прусiю. Эмiлiя цяжка перажывала гэтае паражэнне паўстання. «Лепей было памерцi са славай, чым скончыць такiм ганебным прынiжэннем», — заявiла Плятэр. Удзельнiчаць у гэтай «ганьбе народа» яна не хацела, не дазваляла чыстае сумленне. «Што да мяне, дык пакуль чую iскру жыцця ў грудзях, буду бiцца за Айчыну!»

У суправаджэннi Цэзара Плятэра i сяброўкi Марыi Рушановiч Эмiлiя выправiлася да Варшавы. Яна яшчэ спадзявалася, што там гарыць агонь змагання. Рухалiся яны ўначы па лясных сцежках, а днём хавалiся ў сялянскiх хатах. Аднак яе здароўе не вытрымала, дзяўчына цяжка захварэла. Давялося спынiцца ў вёсцы Юсцiнава, што ў Сейненскiм павеце, у доме шляхцiца Iгната Абламовiча. Эмiлiя назвалася Карвiнскай, бо яе шукалi царскiя ўлады. Яна спадзявалася паправiцца, бо было дзеля чаго жыць. «Жыццё сваё аддала Айчыне i да апошняга ўздыху буду змагацца за яе незалежнасць», — казала яна. Навiна пра падзенне Варшавы забiла апошнюю надзею працягваць змаганне. «Няма дзеля чаго жыць», — са смуткам прызналася Эмiлiя. Перад смерцю яна наказала брату i сяброўцы: «Жыццё маё канчаецца. Пакiньце мяне тут, а самi iдзiце служыць Айчыне, якой можаце яшчэ быць патрэбныя». Памерла Эмiлiя Плятэр 23 снежня 1831 года i была пахавана на могiлках каля вёскi Капцёва (цяпер вёска Капчамесцiс у Лiтве).

Яшчэ доўга не верылi ў яе смерць. Пра яе складалi легенды, бо i сапраўды была яна легендай.

Вiтаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».