Вы тут

Крыніца гістарычнай памяці


Лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» калекцыянера старых паштовак Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА добра ведаюць чытачы многіх перыядычных выданняў нашай краіны.


І не толькі таму, што пра яго часта пішуць, не толькі таму, што журналісты газет і часопісаў часта бяруць у яго інтэрв'ю. Уладзімір Аляксеевіч і сам з'яўляецца аўтарам многіх публікацый, літаральна кожная з якіх суправаджаецца рэпрадукцыямі старых паштовак, старых фотаздымкаў ці іншых ілюстрацый па розных тэмах. І ўсе гэтыя ілюстрацыйныя матэрыялы, усе гэтыя паштоўкі — з уласнай шматтысячнай калекцыі збіральніка гістарычных памятак пра Беларусь і блізкія да нашай Айчыны мясціны. Сваю шматгранную дзейнасць па гістарычнай адукацыі грамадства Уладзімір Ліхадзедаў назваў праектам «У пошуках страчанага». Пад такой рубрыкай друкуюцца матэрыялы ў розных газетах і часопісах. З гэтай пазнакай у некалькіх выдавецтвах выходзіць серыя кніг, філакартычных альбомаў. І выдадзена іх ужо недзе каля трыццаці. Лідарам тут, несумненна, з'яўляецца Выдавецкі дом «Звязда». З назвай «У пошуках страчанага» арганізаваны пастаянна дзеючыя на працягу 15 і болей гадоў экспазіцыі, вандроўныя выстаўкі ў бібліятэках, музеях, школах, ВНУ, праваслаўных храмах, карцінных галерэях. А яшчэ ў Мінску было праведзена некалькі міжнародных канферэнцый, на якія з Масквы, Вільнюса, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Адэсы, іншых гарадоў суседніх краін прыязджалі калекцыянеры, гісторыкі, даследчыкі філакартыі.

І як вынік многіх гадоў напружанай збіральніцкай, гісторыка-асветніцкай, грамадскай дзейнасці ў межах аднаго гісторыка-асветніцкага праекта «У пошуках страчанага» — вылучэнне члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Фактычна збіральнік паштовак прадстаўлены да яе за сваю літаратурную, літаратурна-краязнаўчую дзейнасць, стварэнне выставак і музейных экспазіцый, захаванне і вяртанне культурна-гістарычнай спадчыны.

Філакартычныя альбомы Уладзіміра Ліхадзедава (пачатак іх выданню пакладзены ў 2007 годзе) уяўляюць сабою, як правіла, раскладзеную па раздзелах публікацыю рэпрадукцый старых паштовак на тую ці іншую актуальную з пункту гледжання асветніцтва, гістарычнага выхавання грамадства тэму. У 2007 годзе была выдадзена кніга «Сінагогі». Праўда, у ёй калекцыянер паказаў сінагогі не толькі Беларусі, але і многіх краін свету. Розгалас выданне мела досыць шырокі. Кніга, якая ўвабрала ў сябе больш за 400 паштовак, была прэзентавана ў мінскім Доме яўрэйскай культуры. Лаўрэат Ленінскай прэміі, вядомы архітэктар і скульптар Леанід Левін адгукнуўся на яе так: «Гэтае ўнікальнае выданне павінна пачаць сваё падарожжа па краіне, неабходнай здаецца прысутнасць кнігі ў нашых бібліятэках...»

Наступны быў альбом «У пошуках страчанага». На яго старонках паштоўкі, прысвечаныя мясцінам Мінска і шасці абласцей краіны, суправаджаліся кароткімі краязнаўчымі эсэ пра той ці іншы куточак Беларусі.

Такі быў кніжна-філакартычны пачатак. Далей — болей... У 2008 годзе выйшлі альбомы «Мінск. Падарожжа ў часе», «Беларусь вачыма нямецкага салдата. 1915—1918», «Знічкі Айчыны», альбом, прысвечаны выявам, што звязаны з жыццём і творчасцю класіка польскай літаратуры, аўтара «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Дарэчы, міцкевічаўскі альбом паклаў пачатак цікаваму, досыць арыгінальнаму кірунку ў выкарыстанні ілюстрацыйнага матэрыялу дзеля раскрыцця асобы вялікага чалавека, а праз яго — і лёсу нацыянальнай культуры.

Нараджэнне фатаграфіі адносіцца да 1839 года. Фактычна толькі другая палова XІX стагоддзя пашырыла фатаграфічную прастору. І як жа ў такім разе расказаць пра класіка з дапамогай фотаздымкаў і тым болей старых паштовак, нараджэнне якіх увогуле адносіцца да 1869 года? Уладзімір Ліхадзедаў праявіў сябе як вопытны даследчык-рэканструктар. У выпадку з міцкевічаўскай тэмай ён пайшоў наступным шляхам. Асобна згрупаваў паштоўкі, якія ўяўляюць сабой выявы мясцін, звязаных з жыццём паэта. Асобна — паштоўкі, на якіх мы можам убачыць помнікі Адаму Міцкевічу. Таксама вылучаны асобным раздзелам і паштоўкі з надрукаванымі рэпрадукцыямі ілюстрацый да твораў класіка польскай і сусветнай літаратуры. Што цікава, звяртаючыся да тэмы мемарыялізацыі памяці аўтара «Пана Тадэвуша» і «Дзядоў», Уладзімір Ліхадзедаў падабраў красамоўныя старыя паштоўкі, якія расказваюць пра тую ці іншую мясціну ў розны час. І здаралася, што нейкая падборка старых паштовак выглядае ўнікальным гісторыка-краязнаўчым эсэ — у якім выразна гаворыцца і пра ўсталяванне помніка, і пра яго дэмантаж пры пэўных грамадска-палітычных абставінах, і пра вяртанне праз дзесяцігоддзі. Да месца будзе згадаць, што ў грамадскіх, асветніцкіх ініцыятывах Уладзіміра Аляксеевіча ёсць прыклады, калі ён праз краязнаўчы пошук выяўляў помнікі і пасля вяртаў іх да жыцця. Яны звязаны геаграфічна з Міншчынай і з Берасцейшчынай. Ажыццявіць гэты клопат дапамагалі Уладзіміру Ліхадзедаву і яго нераўнадушным паплечнікам старыя паштоўкі, старыя фотаздымкі.

Але ж вернемся да філакартычных альбомаў беларускага калекцыянера. Праз публікацыю рэпрадукцый у кнігах руплівы збіральнік гістарычнай памяці ўсямерна, шматбакова, досыць рэльефна раскрыў повязі Беларусі з мусульманскім светам, шырока адлюстроўваў фінансава-банкаўскую гісторыю і Беларусі, і ўвогуле Расійскай імперыі. А яшчэ ж з'явіліся на свет кнігі «Палігон», «Місія міласэрнасці», альбомы, звязаныя з імёнамі Юльюша Славацкага, Тадэвуша Касцюшкі, іншыя досыць грунтоўныя філакартычныя выданні. Між іншым, кнігі выдаваліся на васьмі мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, польскай, арабскай і турэцкай. Некаторыя альбомы з унікальнай філакартычнай бібліятэкі «У пошуках страчанага» ўжо даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. З кнігамі працуюць у школах, у ВНУ — найперш на гістарычных факультэтах. Уважліва разглядаючы старыя паштоўкі, можна ўявіць, якімі некалі былі нашы гарады, мястэчкі, якую вопратку насілі нашы прашчуры, якімі рамёствамі яны займаліся.

Шмат якія здымкі, выкарыстаныя на старых паштоўках (як, дарэчы, і самі, здавалася б, тыражныя паштоўкі), захаваліся ў адзіным экзэмпляры. А калі ёсць нават некалькі на адну тэму, то не заўсёды яны даступныя з архіваў і запаснікаў музеяў. За філакартычным кнігазборам Уладзіміра Ліхадзедава ўважліва сочаць ва ўсім свеце. Кірыл Сокал, пісьменнік, кандыдат геаграфічных навук, які працуе ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава, так выказаўся пра зробленае беларускім калекцыянерам: «Другой такой аўтарскай бібліятэкі не існуе не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. А можа быць, нават і ў свеце... Выдавецкая дзейнасць калекцыянера ўражвае. Ведаю, што магутны штуршок дзеля падтрымкі Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава зрабіла беларуская дзяржава. І што самае важнае — і кнігі, і альбомы, і газетныя і часопісныя публікацыі ўтрымліваюць істотны тэкставы матэрыял. З такімі выданнямі можна смела ісці ў школу, у студэнцкія аўдыторыі. Паштоўка можа і павінна дапамагаць вывучаць гісторыю краіны».

Другі складнік гісторыка-асветніцкага праекта «У пошуках страчанага» — стварэнне выставак і музейных экспазіцый. І гэты кірунак работы краязнаўца, філакартыста проста не можа не ўражваць. За мінулыя 15 гадоў у Беларусі і за яе межамі Уладзімір Ліхадзедаў правёў каля 100 (!) аўтарскіх выставак арыгінальных фотаздымкаў і старых паштовак. Сапраўды, самімі выстаўкамі, стварэннем новых музейных экспазіцый калекцыянер спрыяў і спрыяе развіццю цікавасці да нашай краіны, да гісторыі, да турыстычнага патэнцыялу праз розныя адрасы Беларусі. Толькі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Аляксеевіч правёў больш за 20 выставак. Найбольш значныя сярод іх — «У пошуках страчанага» (было прадстаўлена 400 арыгінальных паштовак з відамі гарадоў і мястэчак Беларусі), «1812 год» (з нагоды 200-годдзя Айчыннай вайны), «Беларусь 1915—1918» (з нагоды 90-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны)... У 2014 годзе пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Маскве прайшла выстаўка «Імгненні Першай сусветнай вайны. Погляд па абодва бакі фронту».

Асобна ў праекце «У пошуках страчанага» вылучаецца тэма ўзнаўлення гісторыка-культурнай спадчыны. У 2014 годзе Уладзімір Ліхадзедаў упершыню прадставіў экспазіцыю «Друкарскі двор». Адбылося гэта ў час правядзення Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі. У экспазіцыі калекцыянера з'явіліся дзеючы друкарскі станок і абсталяванне для вытворчасці паперы па тэхналогіях XV—XVІІ стагоддзяў. З таго часу «Друкарскі двор» пачаў падарожнічаць па Беларусі і Расіі. Госці міжнародных кніжных выставак, фестываляў займелі магчымасць не проста стылізавацца «пад Скарыну» — у ролі «першадрукароў» аддрукаваць старонкі старых кніг. З часам калекцыянер, філакартыст, пісьменнік ідзе далей і ўзнаўляе «Біблію Рускую», аддрукаваўшы кнігу на паперы і па тэхналогіях XVІ стагоддзя. Доктар гістарычных навук, вядомы скарыназнаўца Георгій Галенчанка на гэту падзею адгукнуўся так: «...варта разумець, што пры сённяшнім развіцці тэхнікі зрабіць факсімільнае ці рэпрынтнае выданне не дужа і складана, у той час як узноўленая кніга — рэдкасць...»

...Усе здабыткі, усе абсягі, якія выводзяць праект «У пошуках страчанага» на шырокі асветніцкі прасцяг, і пералічыць цяжка. Уладзімір Ліхадзедаў працуе як сапраўдны навукова-практычны цэнтр, як інстытут, дзе галоўныя пазіцыі ў высвятленні гістарычнай памяці займае старая паштоўка. Працуе даследчык, збіральнік не адзін год. І ўжо самім прыкладам паслядоўнай руплівасці на гісторыка-краязнаўчай, калекцыянерскай ніве Уладзімір Ліхадзедаў уражвае, вучыць любіць нашу Радзіму — Беларусь і рабіць усё магчымае для яе росквіту.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.