Вы тут

Чаму не цвітуць півоні?


Раскошнае цвіценне півонь кожную вясну ўпрыгожвае сады вакол нашы двары і падворкі. Гэтыя кветкі непатрабавальныя і, правільна пасаджаныя, дзясяткі гадоў растуць на адным месцы. Аднак кветкаводы-пачаткоўцы нярэдка скардзяцца на тое, што півоні ў іх не зацвітаюць. Прычын для гэтага можа быць некалькі.


  • Няправільна выбранае месца для пасадкі — залішне цяністае і вільготнае або паблізу буйных раслін (дрэў, кустоў). У такіх месцах півоні калі і цвітуць, то слаба.
  • Кіслая глеба (для півонь аптымальная кіслотнасць грунту 6,5). Травяністыя півоні не любяць торф. Непажадана яго выкарыстанне нават у выглядзе мульчы, зімовага ўкрыцця, дадання ў пасадачную яму.
  • Занадта мелкая або занадта глыбокая пасадка — змяшчальныя пупышкі, размешчаныя каля пачатку сцёблаў, павінны знаходзіцца не глыбей чым за 3—5 см ад паверхні зямлі. Калі пупышкі заглыбленыя — півоні не зацвітуць. Калі пупышкі амаль не прыкрытыя зямлёй — зімой яны могуць вымерзнуць, і кветак, зноў жа, не будзе.
  • Недакорм або перакорм угнаеннямі. Пры поўнай адсутнасці падкормак півоні цвітуць, але слаба. А вось лішак азоцістых угнаенняў дасць магутныя, высокія кусты з буйнымі лістамі, але без кветак! Азот патрэбен півоні толькі падчас бутанізацыі.
  • Недастатковы паліў у засушлівае надвор'е. Асабліва моцна півоні маюць патрэбу ў вільгаці ў перыяд бутанізацыі, прычым паліў ім трэба багаты: па 3-4 вядры вады на куст! Пры адсутнасці паліву вялікая частка бутонаў, якія ўжо завязаліся, засохне.
  • Моцная зрэзка сцёблаў з кветкамі і лісцем (для букетаў), а таксама заўчасная абрэзка лісця восенню. Лісце забяспечвае харчаванне расліны; чым больш лісця на кусце півоні, тым больш закладваецца пупышак аднаўлення для парасткаў будучага года. На зіму ўсю надземную частку расліны зразаюць да ўзроўню зямлі, але рабіць гэта трэба толькі тады, як пасля першых замаразкаў сцёблы півонь палягуць. Да гэтага моманту ідзе адток пажыўных рэчываў з лісця і сцёблаў у карані, і занадта ранняя абрэзка наносіць раслінам вялікую шкоду.

Пажадана не дапускаць ападання пялёсткаў на лісце, бо пры гэтым на лісці адразу ж (у вільготнае надвор'е або ад расы) утвараюцца плямы шэрай гнілі — вельмі небяспечнай хваробы півонь. Калі кветкі страцілі дэкаратыўнасць — адцвілі, — зрэжце іх галоўкі да першага зялёнага лістка і прыбярыце з участка, каб не было гнілі.

Вельмі карысна перыядычна праводзіць прафілактычныя апырскванні півонь супраць шэрай гнілі — двойчы да цвіцення (у перыяд масавага адрастання парасткаў і ў перыяд бутанізацыі) і двойчы пасля цвіцення — супраць плямістасці. Апырскваць лепш хлоракісам медзі (40 г/10 л вады).

  • Частыя і нясвоечасовыя перасадкі. Перасаджваць півоні трэба ў жніўні. Перасаджаныя вясной не зацвітуць у год перасадкі.
  • Старэнне кустоў з разбурэннем цэнтральнага кораня. Куст распадаецца на некалькі слабых парасткаў, якія ўжо не зацвітуць. Іх трэба выкапаць, падзяліць і пасадзіць — тады гады праз два яны падужэюць і зноў пацешаць цвіценнем.

Калі купілі дзялёнку півоні вясной, адразу ў грунт яе лепш не высаджваць! Пасадзіце ў гаршчок і ўкапайце яго на абраным месцы (не забывайце паліваць!). Інакш півоня аслабне, не маючы магчымасці нармальнага атрымання пажыўных рэчываў і выкарыстоўваючы для гэтага запасы з уласнага карэнішча. У жніўні можна выняць расліну з гаршка і пасадзіць у зямлю па ўсіх правілах, бо толькі пры восеньскай пасадцы ў півонь з'яўляюцца дробныя ўсмоктвальныя карэньчыкі.

Каб атрымаць буйныя шапкі кветак, за час бутанізацыі два разы паліце іх водным растворам мачавіны (1:10).

Вельмі адказны перыяд жыцця півонь — месяц-паўтара пасля цвіцення. У гэты час ідзе закладка і развіццё пупышак аднаўлення — тых, якія будуць цвісці на наступны год ці праз два гады. Для пышнага цвіцення півонь у будучым годзе патрэбныя падкормкі калійнымі ўгнаеннямі (сульфат калію, калімагнезія і іншыя). Выдатна рэагуюць яны і на арганічныя падкормкі. З гэтай мэтай многія кветкаводы асцярожна закопваюць неглыбока па перыметры куста бульбяныя шалупіны, размочаныя хлебныя скарынкі і іншыя здробненыя харчовыя адкіды. Можна выкарыстаць і вадкае «зялёнае ўгнаенне» — настой пустазелля.

Калі кусты выраслі досыць вялікія, трэба паставіць падпоркі, а пасля таго як адцвітуць півоні, прыбраць іх.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.