Вы тут

Cтол, інкруставаны фрагментамі каштоўных парод дрэва, захоўваецца ў Магілёве


У фондах Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Раманава захоўваецца цікавы рарытэт — стол, інкруставаны фрагментамі каштоўных парод дрэва. Яго аўтар, Якаў Сцяпанавіч Арлоў, быў вядомым майстрам-чырванадрэўшчыкам, меў талент, як той казаў, ад Бога. Стол рабіў да вайны ў падарунак Сталіну і нават не падазраваў, якую трагічную ролю адыграе гэты твор мастацтва для яго сям'і.


Нават французы былі ў захапленні

Да вайны шматдзетная сям'я Арловых, дзе выхоўвалася чацвёра дзяцей, жыла ў вёсцы Нядашава Магілёўскага раёна. Гаспадар быў вядомы тым, што вырабляў самабытную прадукцыю: пано, рамкі, шкатулкі, сталы, куфэркі. Мазаічныя работы Якава Сцяпанавіча з розных парод дрэва экспанаваліся і адзначаліся ўзнагародамі на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы ў 1937 годзе, на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Ён неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Свае работы Арлоў рабіў на заказ партыйных органаў.

Двухтумбавы пісьмовы стол у падарунак Сталіну ён стаў майстраваць да 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Выраб быў інкруставаны маленькімі, з палову запалкавага пачка, пласцінамі з каштоўных парод дрэва і нават меў сакрэт: адкрыць яго можна было толькі з дапамогай адной з цэнтральных скрынь. На стальніцы ён зрабіў надпіс: «Вялікаму правадыру Іосіфу Сталіну ад беларускіх сялян». Вайна пачалася да таго, як майстар скончыў сваю работу...

Гітлеру не аддалі

Якава Арлова даўно ўжо няма ў жывых, з яго першай сям'і засталася адзіная дачка — Лілія Якаўлеўна Піскунова. Калі пачалася вайна, ёй было ўсяго дзевяць гадоў.

Акупанты, даведаўшыся пра ўнікальны стол, вырашылі адправіць яго ў падарунак Гітлеру. І загадалі майстру змяніць былы надпіс на новы — «Вялікаму фюрэру ад беларускага народа». Той не хацеў гэта рабіць, але немцы настойвалі. І тады знайшлі выйсце. Зімовай ноччу ў лютым 43-га партызаны ўзвода разведкі Івана Пархаўчэнкі з 620-га партызанскага атрада імя Васіля Чапаева забралі стол і адвезлі яго на санках у партызанскі атрад. Разам з партызанамі сышоў і Арлоў. Па сям'ю Якава Сцяпанавіча партызаны паабяцалі вярнуцца праз пару дзён. Але не паспелі. Немцы даведаліся пра зніклы стол і забралі сям'ю ў закладнікі. Маці і дзяцей адвезлі ў турму ў Магілёў, паабяцаўшы адпусціць, калі вернецца бацька сямейства.

Жахлівая цана

Лілія Піскунова ацалела толькі таму, што ёй пашчасціла збегчы з нямецкай турмы. Пасля вайны яна скончыла Магілёўскі педагагічны інстытут і 56 гадоў працавала настаўніцай матэматыкі. Кажуць час лечыць, але, як можна выкрасліць з памяці той жахлівы перыяд жыцця.

— Маці штодня выклікалі на допыты, з якіх яна вярталася са шматлікімі пабоямі, кашляла крывёю, — расказвае жанчына. — Малодшага браціка Валодзю немец забіў на нашых вачах некалькімі ўдарамі бота па галаве. А маці, сястру і яшчэ аднаго брата расстралялі, бо так і не дачакаліся бацькі са сталом для падарунка Гітлеру...

Шмат пакут ёй давялося перажыць пасля ўцёкаў з турмы. Збегчы дапамагла родная цётка. Жанчына падкупіла паліцая і той вывеў дзяўчынку да яе. Цётка хуценька схапіла Лілю на рукі і пабегла. Малую хавалі, яна жыла ў розных сваякоў у Магілёўскім раёне. Увесь час хавалася пад падлогай, таму што была вялікая рызыка быць знойдзенай і расстралянай, разам са сваімі дабрадзеямі.

Навіну пра забойства сям'і Якаў Арлоў успрыняў з цяжкім сэрцам, перажываў гэтую страту: вельмі дарагой цаной абышоўся майстру стол. Пасля вайны ён замяніў надпіс на ім на звычайны арнамент. А ў 1963 годзе, незадоўга да сваёй смерці, перадаў стол у Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Сёння экспанат з трагічнай гісторыяй знаходзіцца ў экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне.

— Некалькі гадоў таму да нас прыходзіла дачка майстра ад другога шлюбу і расказала невялікую сямейную гісторыю, — гавораць загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела музея Аляксандра Буракова. — Стол быў з сакрэтам, проста так яго не адкрыеш. І бацька гэтым карыстаўся, хаваў ад малой цукеркі.

Талент у спадчыну

Лілія Якаўлеўна прызнаецца, што яе ўвесь час цікавіла нешта новае, ёй падабалася вучыцца. Яна і шыла, і вышывала, займалася лазой, самастойна асвоіла тэхніку саломапляцення. На пенсіі яна працяглы час вяла гурток па рабоце з саломкай і льном у Семукацкай школе, вучыла дзяцей вырабляць касцюмы з прыроднага матэрыялу. Педагог-арганізатар Семукацкай ВПК «Дзіцячы сад-сярэдняя школа» Магілёўскага раёна Наталля Азаронак успамінае, з якім задавальненнем падлеткі спасцігалі азы гэтага мастацтва. А самым папулярным нумарам на канцэрце падчас сустрэчы выпускнікоў былі дэфіле ў саламяных касцюмах ад Ліліі Піскуновай. Пра іх дагэтуль памятаюць і ў Магілёве, яны праводзіліся ў абласным краязнаўчым музеі і Палацы піянераў (зараз гэта абласны цэнтр творчасці). Работы таленавітай настаўніцы нязменна займалі прызавыя месцы ў конкурсах рознага ўзроўню. Калекцыя касцюмаў Ліліі Піскуновай цяпер захоўваецца ў абласным краязнаўчым музеі. Адна з работ майстрыхі ёсць нават у калекцыі Прэзідэнта Беларусі — была падаравана, калі ён наведваў Магілёўскі раён. Пра яе работы расіяне знялі невялічкі фільм. Лілія Якаўлеўна расказвае, што на «Дажынках» у Бабруйску яе касцюмамі вельмі зацікавіліся расійскія тэлевізійшчыкі. Сёння майстрыха працягвае займацца творчасцю, але ўжо не так актыўна. Разам з мужам Міхаілам Іларыёнавічам перабраліся на лецішча ў Магілёўскі раён і чакаюць, калі ўжо нарэшце скончыцца гэтая пандэмія. Яна не прывыкла сядзець без справы, а абмежаванні перашкаджаюць весці паўнавартаснае жыццё.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з абласнога краязнаўчага музея

Загаловак у газеце: Стол з гісторыяй

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.