Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Вочы баяцца...

У Радашковічах, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы, ідуць работы па аднаўленні аргана. Рэстаўрацыяй інструмента займаецца майстар Маскоўскай філармоніі Дзмітрый Лотаў, які раней вярнуў да жыцця арган у недалёкім ад нас мястэчку Краснае.

«Убачыўшы гэты інструмент упершыню, я прыйшоў у жах, — кажа ён. — Гэта была проста куча дэталяў... Толькі потым, добра прыгледзеўшыся, я зразумеў, што з іх можна нешта зрабіць».

На сённяшні дзень устаноўленыя апошняя віндлада (скрыня, на якой стаяць трубы) і 10 рэгістраў (усяго іх каля 20). Зараз трэба падключаць трактуру, рабіць новы праспект... Гэта вельмі маштабная задача.

Але ж, трэба меркаваць, удзячная, бо, па словах майстра, самы стары з арганаў знаходзіцца ў Швейцарыі, і вялікая частка яго рэгістраў працуе з 1390 года. Ёсць арганы, якім 400 гадоў... Хочацца спадзявацца, што пасля рамонту столькі ж праслужыць і наш.

Алеся Давідовіч, г. п. Радашковічы, Маладзечанскі раён


Дуб-выратавальнік

...Гэта аблава ў 1944-м была, здаецца, апошняй. І вяскоўцаў пра яе ніхто, на жаль, не папярэдзіў, таму людзі заставаліся дома — хто ў хатах, хто ў зямлянках... А гітлераўцы між тым ужо гойсалі па вёсцы, выганялі ўсіх на вуліцу. Натоўп рос і пад канвоем ішоў да царквы.

Там па камандзе перакладчыка з яго ўтварылася падабенства шарэнгі. Паўз яе, памалу, ішлі некалькі немцаў — адбіралі на нешта асобных дзяцей і дарослых, «выцягвалі» з натоўпу... Малыя пры гэтым плакалі, рваліся назад, але немцы трымалі іх вельмі моцна.

Мой брат Васіль, якому ішоў толькі восьмы год, ростам быў зусім невялічкі, але ж досыць кемлівы, яго шмат чаму навучыла вайна. Немец толькі памкнуўся, вось-вось гатоў быў схапіць яго за кашулю, аднак Вася зрабіў крок назад і даўся наўцёкі...

Каля могілак, што раскінуліся вакол Кашэвіцкай царквы, раслі розныя кусты і дзядоўнік. Хлопчык сігануў туды. Фашыст кінуўся напярэймы, аднак, убачыўшы, што разагнацца не можа, стаў страляць. Вася ж якраз дабег да старога дуба, нырнуў у дупло і праз пару хвілін пачуў, як за некалькі крокаў прабег немец.

У пошуках малога ён потым доўга шнарыў па могілках, моцна лаяўся, зазіраў у густыя кусты арэшніку, страчыў з аўтамата па царкве, але хлопчыка так і не знайшоў. Вася стаяў у дупле, аж пакуль цягнік не адправіўся ў Германію. Ногі ў хлопчыка зацяклі, цела стала нібы чужое... Насілу ён вылез са схованкі і дамоў, у зямлянку, тады не пайшоў — накіраваўся ў вёску Яўсеевічы да бабулі Веры.

...Кожны раз, калі бываю ў Кашэвічах, абавязкова наведваю царкву, якая без адзінага цвіка была пабудавана ў 1642 годзе, і абавязкова — свой дуб.

Колькі яму гадоў, сказаць цяжка. Дзед расказваў, што ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя яго моцна пашчапаў пярун. Значыць, ужо быў высокі?

А царкву ў пачатку вайны фашысты ператварылі ў астрог для палонных чырвонаармейцаў. Тады ж планавалі зрэзаць дрэва, але нешта не атрымалася: дуб застаўся стаяць.

Што цікава, дупло ў ім з часам змянілася: і цяпер, калі глядзець на яго здалёк, можна ўбачыць выяву Божай маці. І таму кожны вернік, які ідзе ў царкву, абавязкова спыняецца каля дрэва.

Апошнія гады дуб прыцягвае да сябе паломнікаў. Нават з краін-суседак — з Расіі, з Украіны — людзі прыязджаюць не толькі паглядзець на гэты цуд прыроды, але і памаліцца, атрымаць дапамогу. Найперш — у лячэнні хвароб.

Уладзімір Пугач, аг. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён


На ўсё воля божая

...Трэба захоўваць дыстанцыю, насіць маску, не абдымацца... Трэба — каранавірус. Але адчыняеш дзверы, да цябе з радасным «баба!» бяжыць унучка, і...

Пакуль мыеш рукі (не дай бог што — сам сабе не даруеш), яна ўжо горка плача.

Няхай лепш цяпер?

Суседка жаліцца — дачка хоча прыехаць дадому, даўно не была, сумуе. Пытаецца, што ёй сказаць: «Прыязджай, бо я таксама сумую», ці «Не прыязджай, бо раптам...»?

Я не ведаю.

Альбо іду па вуліцы, спяшаюся, нехта са знаёмых спыняецца, каб падвезці. На аўтамаце саджуся ў машыну, з сумкі дастаю маску: не столькі для сваёй абароны — каб не нашкодзіць чалавеку, які зрабіў дабро...

(Хоць на добры толк мне б, відаць, лепш не садзіцца ў машыну. А яму? Не спыняцца?)

...У паліклініцы просяць трымаць дыстанцыю. Адступаю колькі крокаў назад, назіраю за жанчынай. Яна рукою трэ нос пад маскай, потым сцягвае яе пад падбароддзе, зноў нацягвае. Гэта міжволі? Ці маска ёй так — для галачкі?

А «на гарызонце» між тым яшчэ адзін аб'ект для назірання: мужчына без маскі, яго просяць надзець — кажа, што дома забыўся, прапануюць купіць — грошай з сабою таксама няма... Але пры гэтым — «Мне вельмі дрэнна... Дайце талон да доктара».

Нехта чарговы раз перад выбарам: адправіць па маску ці ўсё ж?..

...Іду дадому. Насустрач маці з дзіцем і цэлай «аблачынай» паветраных шароў — відаць, на свята? У некага дзень народзінаў.

«Якія безгаловыя», — думаю пра іх... А з іншага боку — ці можа адзінота стаць святам, тым больш для дзяцей?

...У вагон электрычкі заходзіць жанчына і тут жа бярэцца за... дэзынфекцыю: нечым пырскае на свае рукі ў пальчатках, на тэлефон, апрацоўвае сумку, сядзенне.

Мужчына побач пачынае кашляць (алергія, відаць?). Жанчына ў крыўду: маўляў, ездзяць тут... Калі кашляеш, — дык дома сядзі.

У каго больш рацыі? Ці чалавек чалавеку ўжо не брат, а вораг?

...Да сваякоў са сталіцы прыязджалі дзеці, унук рваўся ў госці да стрыечнікаў. Дзед з бабуляй не пусцілі, і самі пасля ад'езду гасцей на два тыдні заселі ў ізаляцыю.

Баязлівыя ці проста адказныя?

...Па тэлефоне размова. У пляменніка памёр аднакласнік. Перанёс аперацыю (анкалогія), упэўнена ішоў на папраўку, але гэты вірус...

Пахаванне больш далёкая радня і знаёмыя глядзелі ў запісе, плакалі паасобку, бо не стала дабрэннага хлопца, бацькі траіх дзяцей. Вось ён, сапраўдны твар хваробы. Як яго не баяцца?

Знаёмая (у яе цукровы дыябет і хворае сэрца) на вуліцу выходзіць толькі вечарам, ні з кім не спыняецца, каб пагаварыць, у магазін — калі ўсе на рабоце, толькі ў пальчатках і масцы. Дзеці не едуць, сябрам таксама забараніла...

Ад адзіноты голас як з-пад зямлі.

...Вось з такіх карцінак наша жыццё. Розныя людзі, розныя адносіны да бяды: нехта ўпэўнены, што яго пранясе, нехта з усіх сіл асцерагаецца.

Але жыць у пастаянным страху — таксама не выйсце. Ён стамляе, забірае здароўе. Перад вачыма — прыклад з жыцця маёй мамы. Яе мужа — нашага бацьку — забралі на фронт, а яна, цяжарная, моцна захварэла: тыф тады касіў як касою. Старыя мужчыны (маладыя пайшлі ваяваць) не паспявалі збіваць труны — столькі было памерлых. І дошак на гэта не мелі — не тое што габляваных, нават роўна абрэзаных. Труны збівалі так-сяк, быццам скрыні...

Мама ведала гэта і, захварэўшы, вельмі баялася, што дамавіна ёй дастанецца з дзіркамі — зямля праз іх будзе сыпацца на твар.

Хварэла яна цяжка, кожны дзень, як расказвала, тэмпература — за 40 і пры гэтым у пэўныя гадзіны (іх было па некалькі — раніцай і вечарам) пачынала ляпаць зубамі ад холаду, а потым — трэсціся ўсім целам...

На дактароў не спадзявалася, бо іх — адзінкі, а хворых — у кожнай хаце. Да таго ж вайна — аніякіх лекаў і ніякай амаль што ежы. «Тады каб скрылік сала, то, здаецца, і ажыла б, — успамінала мама. — А ў нас за шчасце бульбіна».

І пры гэтым не было пытання да Бога «за што?»... Як і думак, што выжыве: у перапынках паміж прыступамі хваробы мама проста малілася, каб... труна аказалася без дзірак.

На шчасце, яна не спатрэбілася: на 21-ы дзень хваробы высокая тэмпература нарэшце спала, чарговы прыступ шэхлі (так у нас называлі тыф) не пачаўся.

І зноў мама шчыра малілася, ужо дзякуючы Богу за літасць, а потым — за выздараўленне...

Пасля хваробы яна наноў вучылася хадзіць, у яе павылазілі валасы і аблезла скура... Але дзіця нарадзілася здаровае, калі не лічыць рахіт і проста... неўтаймоўны апетыт.

Сыну (нашаму брату) цяпер 75, ён нарадзіўся вясной 1945-га. Мама з бацькам-франтавіком у згодзе і любові пражылі больш за 50 гадоў, выгадавалі разам дзевяць дзяцей.

І для нас гэта відавочны прыклад: воля божая — каму жыць, а каму паміраць (мамы не стала ў 90).

...Не кажу, што не трэба асцерагацца, не. Але больш, на мой погляд, варта думаць аб тым, каб жыць чалавекам.

Валянціна Бобрык, г. Івацэвічы

Пошту чытала Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.