Вы тут

Шкодныя лекі


Амаль у кожнага ў хатняй аптэчцы ёсць пратэрмінаваныя медыкаменты. Не верыце? Раім праверыць! Гэта могуць быць “лекі на ўсялякі выпадак”, пра якія мы паспяхова забываемся на некалькі гадоў, ці моцныя антыбіётыкі, што часта застаюцца недапітымі пры першых паляпшэннях стану. Такія прэпараты здольныя дапамагаць нам, калі мы хварэем, але як толькі яны трапляюць у навакольнае асяроддзе, то становяцца атрутай для ўсяго жывога. Каб пратэрмінаваныя лекі не забруджвалі ні вадаёмы, ні глебу, іх трэба правільна ўтылізаваць. З нядаўняга часу ў Баранавіцкім раёне гэтым важным пытаннем пачала займацца ініцыятыва пад назвай “Прырода без фармацэўтычных адходаў”.

Ініцыятыва стартавала ў лістападзе мінулага года. Першы кантэйнер для медыкаментаў арганізатары ўсталявалі ў Баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы. Гараджане вельмі хутка ўцягнуліся ў працэс. Усяго за тры месяцы яны здалі каля 50 літраў фармацэўтычных адходаў.

Людзі прыносілі вельмі шмат медыкаментаў, кантэйнер быў часта перапоўнены. Стала зразумела, што яго аднаго на 180 тысяч жыхароў недастаткова, адзначыў адзін з ініцыятараў праекту, заснавальнік Цэнтру экалагічнага і сацыяльнага развіцця Яўген Калач. – Мы пачалі пашырацца, бо першапачатковая ідэя была ў тым, каб скласці цэлую сістэму збору такіх адходаў і распаўсюдзіць свой вопыт на іншыя гарады. Распрацавалі лагатып кампаніі, алгарытм дзеянняў, каб тыя, хто хоча зрабіць падобнае ў сваім населеным пункце, ведалі, з чаго пачынаць.

Сёння ў Баранавічах усталяваны ўжо 4 кантэйнеры. Аднак толькі адзін з іх знаходзіцца ў дзяржаўнай паліклініцы, астатнія – ў прыватных медцэнтрах. Справа ў тым, што ў адпаведнасці з заканадаўствам недзяржаўныя, грамадскія аб’яднанні не маюць права на бязвыплатнай аснове выкарыстоўваць дзяржаўную маёмасць. За арэнду памяшкання трэба плаціць у сярэднім 2-3 рублі ў месяц. Здавалася б – грошы невялікія, але калі кантэйнераў будзе шмат, то сума вырасце ў разы. Для маленькай ініцыятывы, якая не атрымлівае ніякіх даходаў, гэта непасільная задача. Да таго ж плаціць яшчэ трэба і за ўтылізацыю адходаў – спальванне на прадпрыемстве “Экарэс”, якое абсталявана неабходнымі для гэтага печамі. Зараз арганізатары спрабуюць вырашыць праблему і дабіцца ўсё ж бясплатнай арэнды.

Пакуль кантэйнер у гарадской паліклініцы стаіць на камерцыйнай аснове. Я плачу арэнду за яго. Грошы ж на самі ёмістасці мы збіралі на MolaMola, дапамаглі і прыватныя ахвяраванні, дадаў Яўген.

Самыя старыя лекі, якія здалі ў кантэйнер ініцыятывы “Прырода без фармацэўтычных адходаў”, былі ажно 2009 года вырабу!

Сваю ідэю арганізатарам удалося ўвасобіць у жыццё ініцыятыва паспяхова развіваецца не толькі ў Баранавічах, яна выйшла ўжо і за межы горада. Так, медыкаменты, напрыклад, збіраюць у адной з паліклінік г. Іванава Брэсцкай вобласці, у аптэцы г. Вілейкі Мінскай вобласці. Цікава, што ўладальніца гэтай аптэкі, фармацэўт па адукацыі, разумеючы сур’ёзнасць праблемы, сама зацікавілася зборам пратэрмінаваных лекаў і за свае грошы набыла і ўсталявала ў сябе неабходныя для гэтага ёмістасці. Па словах Яўгена, у бліжэйшы час пры падтрымцы Цэнтру экалагічных рашэнняў адпаведныя кантэйнеры павінны з’явіцца ў Гродне, Шчучыне, Лідзе, Навагрудку і Маладзечне.

У нас часта пытаюцца, дзе паблізу можна здаць медыкаменты. Людзі з іншых гарадоў прапануюць арганізаваць збор пратэрмінаваных лекаў і ў іх. Радуе, што інфармаванасць насельніцтва па такіх пытаннях расце. Мы самі стараемся працаваць у гэтым кірунку як з дарослымі, так і з дзецьмі. Нядаўна да нас далучыўся Баранавіцкі каледж лёгкай прамысловасці. Студэнты распрацавалі комікс на тэму медыцынскіх адходаў і прыдумалі супергероя Фармамэна, які распавядае пра шкоду пратэрмінаваных лекаў і неабходнасць іх правільнай утылізацыі. Хутка ў яго павінна з’явіцца сяброўка Фармацыя, расказаў Яўген.

Перад тым, як здаць пратэрмінаваныя медыкаменты, вызваліце іх ад упакоўкі, якую можна перапрацаваць. Не выкідайце ў кантэйнер шкляныя бутэлечкі (акрамя ампул), бо яны могуць разбіцца. Вітаміны, раслінныя прэпараты і мазі можна адпраўляць у агульнае смецце яны бяспечныя для навакольнага асяроддзя.

Інфаграфіка Таццяны Кузняцовай.

Пакуль на дзяржаўным узроўні збор лекаў у Беларусі наладжаны толькі ў медыцынскіх установах. Медыкаменты ад насельніцтва да гэтага часу лічацца адходамі спажывання. Аднак да ініцыятывы далучаецца ўсё больш грамадскіх арганізацый, адна з якіх плануе рыхтаваць запыт у Міністэрства аховы здароўя з прапановай стварыць у нас сістэму збору па еўрапейскім прыкладзе гэта значыць размясціць неабходныя кантэйнеры ва ўсіх аптэках і паліклініках краіны.

Яшчэ было б вельмі добра, калі б урачы дапамагалі пажылым пацыентам праводзіць рэвізію іх хатніх аптэчак, каб тыя выпадкова не ўжывалі лекі, тэрмін прыдатнасці якіх скончыўся, і ведалі, як іх трэба ўтылізаваць, адзначыў Яўген.

Важна!

Медыцынскія маскі трэба выкідаць у агульнае смецце. Разам з пратэрмінаванымі лекамі іх не збіраюць. Ні ў якім разе не змывайце маскі ў каналізацыю!

Чым небяспечныя пратэрмінаваныя медыкаменты?

Наяўнасць у вадзе гарманальных прэпаратаў негатыўна ўплывае на рэпрадуктыўную функцыю амфібій і рыб, прыводзіць да ныркавай недастатковасці ў птушак. Часам змяняюцца паводзіны жывёл: штучны жаночы гармон эстраген здольны пагаршаць зрок і падаўляць інстынкт самазахавання, таму многія жывёлы становяцца лёгкай здабычай драпежнікаў. Рэпрадуктыўныя таксіканты (супрацьзачаткавыя сродкі), трапляючы ў наваколле, могуць прывесці да парушэння рэпрадуктыўнай функцыі ў мужчын, у жанчын да змянення цыклу авуляцыі, парушэння развіцця плоду.

Дзе яшчэ можна здаць медыкаменты?

Ініцыятыва “Прырода без фармацэўтычных адходаў” – трэцяя ў Беларусі. Першымі пратэрмінаваныя лекі пачалі збіраць у сярэдняй школе № 3 г. Пінска, а праз некаторы час намаганнямі Цэнтру экалагічных рашэнняў спецыяльны кантэйнер з’явіўся ў 40-й паліклініцы г. Мінска.

Кацярына КІРЭЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.