Вы тут

е-закладкі, новы праект


е-закладкі, новы праект

Лета. Самы час пагружацца ў розныя таямніцы і прагна шукаць адказы…

З чэрвеньскага нумара «Маладосць» прапануе чытачам інтэлектуальнае і графічнае ўвасабленне абсалютна новай ідэі — аўтарскі праект Змітра Кузменкі “е-закладкі”, візуалізаваны Ганнай Кірэенка.

Гэта і праўда закладкі. Аўтар праекта прапануе наведваць электронныя базы, віртуальныя бібліятэкі, якія захоўваюць алічбаваныя рарытэты, даступныя “не толькі даследчыкам з сур’ёзных навуковых інстытутаў”, а такія, якімі “можа карыстацца кожны жыхар планеты. Цалкам бясплатна”.

Чытачам “Маладосці” ў кожным нумары прапанавана закладка, самая звычайная знешне, але, па-першае, “імянная” — бо мае на сабе назву адпаведнага сайта, а па-другое, жывая, актыўная — бо ўтрымлівае кюар-код для пераходу непасрэдна да рарытэтаў.

Першы выпуск рубрыкі прадстаўляе «Скруткі Мёртвага мора»  — скруткі з тэкстамі кніг Старога Запавету, знойдзеныя ў 1947 годзе каля руін паселішча Кумран. Двухтысячагадовыя манускрыпты можна ўбачыць у любы час у выглядзе фатаграфічных выяў. Гэта і інфрачырвоныя негатывы 1950-х гадоў, і сучасныя каляровыя здымкі высокага разрознення, што дазваляе ўбачыць любую дэталь. “У многіх выпадках працаваць з такой лічбавай копіяй нават зручней, чым з цьмяным і ломкім арыгіналам”, — піша аўтар праекта Зміцер Кузменка.

Другі выпуск, у ліпенньскі нумар, таксама ўжо падрыхтаваны. Закладка адсылае чытача ў Бібліятэку рэдкіх кніг і рукапісаў Бейнеке Ельскага ўніверсітэта, дзе захоўваецца дзіўны кодэкс XV стагоддзя, сакрэты якога дагэтуль не можа раскрыць ніхто, — рукапіс Войніча.

Але сэнс і значэнне рубрыкі не толькі ў тым, каб пагружаць чытача ў загадкі. Праект ствараўся з матывацыйнай мэтай. “Колькі падобных рарытэтаў дагэтуль хавае ў сабе наша беларуская зямля? А колькі іх загінула? Полацкі летапіс... Ненадрукаваныя пераклады Францішка Скарыны... Беларускія вершы Адама Міцкевіча... Рукапісы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча... Колькі неацэнных пергаментных скруткаў і папяровых аркушаў было выкінута ў агонь з шляхецкіх ды манастырскіх куфраў? Знесена з гарышчаў і ўжыта на распал ці самакруткі...” — дзеліцца аўтар сваімі перажываннямі. Яго мара — айчынны партал такога кшталту, “з паўнавартаснымі перакладнымі версіямі на англійскай, французскай, нямецкай мовах... Неістотна, як ён будзе называцца, — проста «Спадчына Беларусі» ці неяк больш арыгінальна і сімвалічна. Галоўнае, што ў яго межах у бездакорных лічбавых копіях будуць прадстаўлены і даступны для вывучэння найвыдатнейшыя помнікі беларускай старажытнасці і новага часу. Сапраўдныя кутнія камяні беларускай нацыі. Рукапісныя. Друкаваныя. Выяўленчыя... Гэты партал мог бы таксама стаць пляцоўкай для віртуальнай рэстытуцыі гістарычных каштоўнасцей, вывезеных у розныя часы за межы Беларусі”.

Зміцер Кузменка ўпэўнены, што мы на такое здольныя, што рупліва зберагаць і карпатліва вывучаць свае каштоўнасці і з гонарам прэзентаваць іх астатняму свету мы таксама можам. У тым фармаце, які пасля таксама трапіць у е-закладкі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.