Вы тут

Юніёр Iван Прыткоў: Калi сабе пастаўлю мэту — усё змагу


Беларускiя пяцiборцы прывучылі балельшчыкаў да прыемных эмоцый — яны рэгулярна заваёўваюць высокiя ўзнагароды на мiжнародных спаборнiцтвах. Напрыклад, у 2019 годзе ў iх скарбонцы было 22 медалi рознай вартасцi ў розных узроставых катэгорыях. Прыемна, што ўзнагародамi радуюць не толькi дарослыя спартсмены, але i юнакi. Гэта сведчыць пра тое, што iснуе пераемнасць, ёсць каму працягнуць добрую традыцыю. Адзiн з самых прыкметных юнiёраў-пяцiборцаў на сёння, Iван Прыткоў, на сваiм першым юнацкiм чэмпiянаце Еўропы заваяваў адразу тры ўзнагароды, працягнуў поспех i на чэмпiянаце свету, стаўшы яго прызёрам. Пра пачатак сваёй кар'еры i вялiкiя планы на будучыню Iван расказаў у сваiм iнтэрв'ю.


— Як вы трапiлi ў прафесiйны спорт?

— У дзяцiнстве вельмi хацеў плаваць. З бацькамi знайшлi басейн побач з домам, але яго зачынiлi на рамонт. Тады перайшоў у iншы — на той час мне было гадоў 9. Там спадабаўся трэнерам, i яны ўзялi мяне ў пяцiбор'е. Спачатку проста вучыўся плаваць. Стала атрымлiвацца: на першым жа спаборнiцтве ў дваябор'i паказаў шосты вынiк, а на другiм сваiм турнiры заваяваў ужо «золата». Наогул наш вiд спорту падзяляецца па ўзроставых катэгорыях. Усё пачынаецца з дваябор'я (плаванне, бег), паступова дадаюцца астатнiя вiды (стральба, фехтаванне, конны спорт). Маiм каронным вiдам з самага пачатку быў бег.

— Спакусы перайсцi ў лёгкую атлетыку не было?

— Была, i гэта нават прапаноўвалi трэнеры, але я не захацеў. А праз два-тры гады пачалося трохбор'е, дадалася стральба. Калi пачаў трэнiравацца са старэйшымi, у мяне не вельмi добра атрымлiвалася, бо тут зусiм iншае сапернiцтва, па-iншаму трэба размяркоўваць сiлы. Калi раней быў першы, дык цяпер не трапляў нават у дваццатку. Псiхалагiчна ў гэты момант было вельмi складана. Мы з трэнерамi спрабавалi змяняць тэхнiку стральбы, i паступова я пачаў паказваць даволi добрыя вынiкi i ў трохбор'i. Пазней трэба было пераходзiць у спартыўную школу, i ў мяне з першым трэнерам не атрымлiвалася сумяшчаць заняткi, таму адправiлi да Агнii Валянцiнаўны Iвановай, цяперашняга настаўнiка, якую я вельмi паважаю i люблю. Спачатку мы прывыкалi адно да аднаго, было няпроста: новая група, новыя эмоцыi, я саромеўся i баяўся ў новым калектыве. Але паступова мы знайшлi агульную мову. Вынiк у Агнii Валянцiнаўны пачаў расцi вельмi хутка, я скiнуў хвiлiну ў бегу i 13 секундаў у плаваннi. Гэта вельмi шмат за год работы.

— Наогул, на ваш погляд, трэнер адыгрывае вялiкую ролю ў станаўленнi маладога спартсмена?

— Вельмi. Як у трэнiровачным працэсе, так i ў жыццi, у выхаваннi. Агнiя Валянцiнаўна можа падтрымаць мяне i за рамкамi спорту, таму што я дзялюся з ёй рознымi момантамi. Я i мае бацькi лiчым яе ўжо родным чалавекам. Перш за ўсё адносiны трэнера i вучня павiнны быць давернымi, без гэтага не будзе нiчога. Я магу з ёй паспрачацца, выказаць свой пункт гледжання, але ў межах разумнага, бо выдатна разумею, што ў яе больш вопыту i ведаў.

— Цi складана было трапiць на юнацкi чэмпiянат Еўропы?

— У перыяд падрыхтоўкi да адбору на гэты турнiр я выпiсаў свае мэты на асобны аркуш, паказаў яго трэнеру, каб яна ацанiла i сказала, над чым мне трэба працаваць, затым павесiў яго на сцяну, каб пастаянна бачыць i ведаць, што трэба рабiць. А мэта была трапiць у зборную, паехаць на чэмпiянат кантынента, а там узяць медаль i паказаць добры вынiк. На першым этапе адбору я яшчэ дрэнна спраўляўся са сваiмi эмоцыямi i стаў толькi другiм, прайграўшы ўсяго дзве секунды. Вельмi знерваваўся, бо ведаў, што мог быць першым. Стаў трэнiравацца яшчэ больш, браў дадатковыя заданнi i да другога этапу адбору падышоў нашмат больш сабраным, хваляваўся не так моцна. Выйграў «рэспублiку» i атрымаў магчымасць паехаць «на Еўропу».

— Медалi чэмпiянату Еўропы таксама дасталiся няпроста...

— Так, псiхалагiчна я вельмi напружваў сябе, у галаве пастаянна была думка, што абавязкова трэба паказаць добры вынiк. I пасля першага вiду, плавання, я стаў толькi 22-м. Тым не менш трэнеры мяне падтрымалi, сказалi, што трэба паспрабаваць i пацярпець. Са стральбы я бег перадапошнi, але за першыя 800 метраў дагнаў чалавек 15, на другой «васьмісотцы» быў ужо ў дзясятцы, а пасля заключнай стральбы перада мной засталiся толькi швед i расiянiн. Я разумеў, што магу iх дагнаць. Сцiснуўшы зубы, трываў да канца i стаў другiм. Вельмi стамiўся, але атрымаў неверагодны выбух адрэналiну, выканаў сваю мэту. Усе былi ў шоку, што з 22-га месца я змог падняцца на другое. Наступнай радаснай навiной стала тое, што мы перамаглi ў камандным залiку, а потым яшчэ дадалi сярэбраны медаль у мiксце.

— Як даўся чацвёрты вiд мнагабор'я — фехтаванне?

— Спачатку складалася не вельмi, таму што па натуры я не спакойны, а актыўны. А ў фехтаваннi, як i ў стральбе, трэба працаваць больш галавой, прадумваць стратэгiю, шукаць хады. Прайшоў ужо год з таго моманту, як дадалося фехтаванне. Калi б не адмянiлi чэмпiянат Еўропы, то зараз я быў бы ў Партугалii, дзе выступаў бы ўжо ў чатырох вiдах. Спрабаваў трэнiравацца i на канi ў пятым вiдзе, удзельнiчаў нават у адных спаборнiцтвах i выглядаў там даволi нядрэнна нягледзячы на тое, што здарылася падзенне.

— У канкуры на турнiрах па сучасным пяцiбор'i спартсменам можа трапiцца любы конь?

— Так, ён дастаецца па жараб'ёўцы. На тое, каб зразумець жывёлу, даюць 15 хвiлiн, але гэта вельмi мала, бо трэнiруемся мы на адным канi па некалькi гадоў. А тут трэба зразумець, як будзе паводзiць сябе жывёла ў той цi iншай сiтуацыi, як i на што адрэагуе, за дзясяткi хвiлiн. Спартсмен павiнен злiцца з канём разам, таму можна сказаць, што тут ёсць доля шанцавання.

— Якiмi рысамi павiнен валодаць паспяховы пяцiборац?

— У нас ёсць розныя людзi, але дамагаюцца поспеху больш актыўныя, мэтанакiраваныя, працаздольныя.

— Бацькi падтрымлiваюць вас у прафесiйнай кар'еры?

— У мяне вельмi спартыўная сям'я, яны падладжваюцца пад мой графiк. Дзве сястры прафесiйна займаюцца баскетболам, тата — гiравым спортам, а мама захаплялася спортам у дзяцiнстве, але скончыла харавое аддзяленне Iнстытута культуры. Я, дарэчы, таксама скончыў музычную школу, iграю на скрыпцы.

— Сёлета вы скончылi вучылiшча алiмпiйскага рэзерву. Як далася вам вучоба i цi плануеце развiвацца ў гэтым кiрунку?

— Было цяжкавата, таму што ўвесь час праходзiлi зборы i спаборнiцтвы. Калi больш часу аддаеш спорту, менш застаецца на вучобу. Трэба знайсцi нейкi баланс або выбраць нешта адно. Пакуль я зрабiў стаўку на спартыўны вынiк, хоць, разумею, што веды таксама трэба атрымлiваць. Цяпер застаюся ў вучылiшчы на курсы трэнераў, а потым буду паступаць у БДУФК. Вучоба таксама важная для мяне, каб працягнуць потым займацца трэнерскай дзейнасцю, бо ты павiнен мець нейкi падмурак.

— Якая ваша галоўная мэта ў спорце?

— Трапiць на Алiмпiйскiя гульнi, а мара — перамагчы там. Як кажуць трэнеры, калi я сам сабе пастаўлю мэту, то ўсё змагу. Яны бачаць ува мне перспектыву.

— Такая ўпэўненасць ва ўласных сiлах можа развiць «зорную хваробу»?

— Я ўжо адзiн раз «злавiў зорку» — гэта было перад чэмпiянатам свету, — i там не змог трапiць у прызы ў асабiстых спаборнiцтвах. Бачу, што многiя ставяцца да мяне як да тытулаванага атлета, але я трымаю сябе ў рамках i не магу сказаць, што дзесьцi ў iншых сферах жыцця з-за спартыўных дасягненняў мне робяць паблажкi.

Дар'я ЛАБАЖЭВIЧ

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».