Вы тут

На прыём да сенатара прыходзяць не толькі з пытаннямі добраўпарадкавання, рамонту дарог і работы транспарту


Член Савета Рэспублікі Уладзімір ХРАЛЕНКА больш за дваццаць гадоў узначальвае адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасці малака і мяса ў краіне — ААТ «Парахонскае» ў Пінскім раёне, што на Брэстчыне. У раённым маштабе гаспадарка выпускае 23 працэнты валавой прадукцыі, прытым што займае 15 працэнтаў тэрыторыі сельгасугоддзяў. На тэрыторыі ААТ знаходзяцца тры сельсаветы. Тут функцыянуюць дзве сярэднія школы, два дзіцячыя садкі, музычная школа, амбулаторыя, дзве ўчастковыя бальніцы, дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр, спартыўная школа, дзве сельскія ўстановы культуры. Жывуць 4200 чалавек.


І вось гэтую вялікую сацыяльную сферу ў «Парахонскім» ніколі не аддзялялі ад гаспадаркі. Любая з устаноў адукацыі, культуры, спорту, аховы здароўя разлічвае на дапамогу сельгаспрадпрыемства ў самых розных сітуацыях. Калі патрэбен транспарт для выезду на мерапрыемствы, набыццё мэблі, канцэртных касцюмаў, апаратуры, не кажучы ўжо пра розныя тэрміновыя сітуацыі, — усе ідуць да кіраўніка сельгаспрадпрыемства і заўсёды атрымліваюць дапамогу. Уладзімір Храленка лічыць, што нельга аддзяляць сацыяльныя праблемы вёскі ад патрэб уласна гаспадаркі. Тут вучацца, займаюцца ў гуртках і секцыях дзеці работнікаў, ва ўстановах аховы здароўя лечацца ветэраны саўгаснай вытворчасці, чыімі рукамі ствараўся падмурак сённяшняга дабрабыту. Землякі цэняць такі падыход, таму актыўна выбіраюць у дэпутаты любога ўзроўню свайго кіраўніка. Уладзімір Фёдаравіч і цяпер не толькі член Савета Рэспублікі, але і дэпутат Брэсцкага абласнога Савета.

Акрамя прыёмаў у якасці сенатара Уладзімір Храленка праводзіць сустрэчы ў розных працоўных калектывах у складзе інфармацыйных груп як абласны дэпутат. Паводле яго слоў, гэтыя сустрэчы многа даюць з пункту гледжання разумення галоўных патрэб раёна, настрою людзей, іх праблем і пажаданняў. Сёлета такія сустрэчы прайшлі ў аграгарадку Аснежыцы, у вёсцы Вяз, у самім Пінску. У Вязе працуе дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Світанак». Яго работнікі папрасілі абсталяваць аўтобусны прыпынак каля дзіцячага садка — цяпер гэтае пытанне вырашана.

У адной з устаноў адукацыі горада да дэпутата звярнулася жанчына з просьбай паспрыяць у працягненні працоўнага кантракта. Яна працуе прыбіральшчыцай, кантракт скончыўся, а наймальнік не меў намеру захоўваць працоўныя адносіны. Але пасля кансультацый з членам Савета Рэспублікі кантракт быў працягнуты, тым больш што жанчына знаходзіцца ў перадпенсійным узросце і знайсці іншую работу ёй было б няпроста.

А вось маладыя людзі прыйшлі на прыём з ініцыятывай далучыцца да акцыі «Гадзіна Зямлі». І сенатар падтрымаў іх прапанову. Упершыню ў Беларусі да гэтай акцыі далучыўся сельскі населены пункт: у аграгарадку Парахонск 28 сакавіка адключылі падсветку адміністрацыйных будынкаў на гадзіну. А перад гэтым была праведзена вялікая тлумачальная работа, накіраваная на павышэнне экалагічнай свядомасці жыхароў.

— Бываюць, на першы погляд, дробныя пытанні, але для людзей яны выглядаюць важнымі, — расказвае Уладзімір Храленка. — Пенсіянеры з вёскі Альшанка папрасілі падвезці пясчанай сумесі да вясковых могілак, каб навесці парадак перад Вялікаднем. Праблема была вырашана разам з мясцовай уладай. Гэтак жа аператыўна вырашалі пытанне падсыпкі ўчастка дарогі ў Парахонску (работу правяло ДРБУ-104). А вось рамонт кавалка дарогі на трасе Р-8 Лунінец—Пінск з асфальтабетонным пакрыццём запатрабаваў значна большых сіл і сродкаў, чым падсыпка ў Парахонску. Але патрэба ўзнікла: дэфекты дарогі спрыяюць, а ў некаторых выпадках нават правакуюць ДТЗ. Таму пытанне знаходзіцца на кантролі. Рамонт запланаваны на трэці квартал бягучага года.

У асноўным на прыёмы прыходзяць людзі з пытаннямі, якія датычацца іх паўсядзённага жыцця — найчасцей гэта добраўпарадкаванне, транспарт, гандлёвае абслугоўванне, — працягвае сенатар. — Але бываюць і прапановы зусім іншага кшталту. Напрыклад, актывісты гісторыка-патрыятычнага клуба «Пошук» знайшлі могілкі часоў Першай сусветнай вайны ў лесе каля вёскі Азарычы. Яны хочуць абазначыць гэтае месца, паставіць агароджу, зрабіць таблічкі, стэнды з інфармацыяй пра месцы баёў і пахавання вайскоўцаў. Для гэтага патрабуюцца матэрыялы. Мы з імі дамовіліся, што распачнём дзейнічаць пры паляпшэнні эпідэміялагічнай сітуацыі, бо фармат работы прадугледжвае ўдзел вялікай колькасці людзей. Цікавасць праявілі школьнікі, ветэраны, работнікі лясной гаспадаркі, прадстаўнікі грамадскасці. А матэрыялы для ўзвядзення канструкцыі будуць выдзелены.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Экалагічная свядомасць і гістарычная памяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».