Вы тут

Жыццё без бар'ераў, або як у Валожыне стварылі камфортнае асяроддзе для інвалідаў


У савецкія часы чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі быў практычна адарваны ад жыцця. Ён не мог самастойна наведаць краму, паліклініку, кінатэатр, дом культуры, іншае грамадскае месца. Пры будаўніцтве сацыяльна значных аб'ектаў не прадугледжваліся пандусы, іншыя прыстасаванні, якія адкрывалі б доступ інвалідам для карыстання дабротамі цывілізацыі. Нельга сказаць, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці не ствараліся ўмовы для інтэграцыі такой катэгорыі людзей у грамадства. Тут заўсёды разумелі, што грамадскія аб'екты павінны быць даступныя для ўсіх. Аднак рабілася гэта кропкава — не хапала сродкаў.


Першая ў Беларусі экасцежка для інвалідаў.

У Валожыне я не была даўно. І ў чарговы прыезд прыемна здзівіла тое, што зроблена для грамадзян з інваліднасцю. У цэнтры сустракаю жанчыну на калясцы. Ганна Іванаўна накіроўваецца ў раённую паліклініку.

— Цяпер я магу свабодна, без пабочнай дапамогі дабрацца да месца, — кажа яна. — На шляху няма ніякіх перашкод: паніжаныя бардзюры, уладкаваныя пераходы цераз вуліцу, адзначаныя «зебрай», а перад уваходам у медыцынскую ўстанову выкладзена тактыльная плітка, усталяваны пандус. Люблю проста пагуляць па горадзе, наведаць краму, Цэнтр культуры ды іншыя адаптаваныя для інвалідаў-калясачнікаў месцы.

У вестыбюлі райвыканкама таксама ўлічаны патрэбы людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі — уладкаваны пандусы з поручнямі, а ў вестыбюлі змешчаны таблічкі са шрыфтам Брайля для тых, у каго слабы зрок.

— У Валожынскім раёне жыве 2335 інвалідаў, у тым ліку 137 калясачнікаў, 125 інвалідаў па зроку. Раённая ўлада робіць усе магчымыя захады, шукае розныя варыянты, каб стварыць даступнае асяроддзе для жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб. У тым ліку і прыцягвае сродкі тэхнічнай матэрыяльнай дапамогі. Так, на стварэнне інфраструктуры безбар'ернага асяроддзя Еўрасаюз выдзеліў грант на 1 мільён еўра. Рэалізавалі праект Валожынскі райвыканкам, грамадскае аб'яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў», Беларускае грамадскае аб'яднанне «Адпачынак у вёсцы», мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя», — уводзіць у курс справы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святлана Ракавец. — Гэта першы праект такога кшталту ў нашым раёне, ды, бадай, і ў Беларусі. Ён пачаўся ў 2015 годзе і закончыўся 1 чэрвеня 2020-га. За гэты час праведзена каласальная работа. Спачатку эксперты зрабілі маніторынг 279 аб'ектаў сацыяльнай і рэкрэацыйнай інфраструктуры раёна. Па яго выніках падрыхтаваныя справаздача і экспертныя рэкамендацыі. У выніку было вызначана 19 сацыяльных, культурных, гандлёвых, медыцынскіх, адміністрацыйных будынкаў, якія падлягалі адаптацыі для патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Часткова іх рэканструявалі, абсталявалі спецыяльныя туалеты, поручні, пандусы, панізілі бардзюры, уладкавалі спецыяльныя стаянкі, паклалі тактыльную плітку. У раённай бальніцы не было магчымасці ўстанавіць пандус, яго замянілі электрапад'ёмнікам.

Вельмі задаволеныя засталіся і юныя грамадзяне. У Цэнтры культуры штогод праводзіцца фестываль творчасці дзяцей-інвалідаў. Раней яго ўдзельнікам было складана трапіць у залу. Цяпер ім адкрыты свабодны доступ у будынак і на сцэну.

Змены закранулі не толькі Валожын, але і населеныя пункты раёна — такія як Вішнева, Івянец, Ракаў, з якімі непарыўна звязаны лёс і жыццё славутых людзей, дзе шмат цікавых помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры. Ёсць надзея, што не толькі ў райцэнтр, але і сюды паедуць калясачнікі з усёй Беларусі і з-за мяжы. Да іх прыезду падрыхтаваліся, набылі спецыяльна абсталяваны мікрааўтобус. Турыстаў змогуць сустрэць на вакзале, у аэрапорце і арганізаваць для іх экскурсію. А спыніцца на начлег можна ў хостале.

У межах праекта прайшла рэканструкцыя будынка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва. На першым паверсе — аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, дзе праведзены рамонт за бюджэтныя сродкі. На другім паверсе за кошт Еўрасаюза створаны інфармацыйна-турыстычны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з інваліднасцю з хостэлам для пражывання, канферэнц-залай, дзе мяркуецца ладзіць розныя мерапрыемствы, семінары. Тут устаноўлены ліфт, закуплена неабходнае абсталяванне для людзей з інваліднасцю, са слабым зрокам і слыхам: інфармацыйныя табліцы, стэнды, шчыты, дарожныя знакі са шрыфтам Брайля. У будынку абсталявана модульная кацельня.

На спецыяльна створаным сайце патэнцыйныя наведвальнікі, госці змогуць пазнаёміцца з інфармацыяй — пералікам і відамі турыстычных паслуг у Валожынскім раёне.

Пяць сядзіб, якія бралі ўдзел у конкурсе міні-грантаў, адаптаваныя да патрэб турыстаў з інваліднасцю і аказання ім паслуг. У выніку госці могуць пакатацца на коннай павозцы па распрацаваным маршруце ў сядзібе «Коні-поні» або праплыць водным маршрутам на спецыяльнай платформе ў сядзібе «За масточкам». Сядзіба «Свет пчол» прапануе паназіраць за жыццём гэтых крылатых істот. Вядома, турысты едуць не толькі адпачыць, але і пазнаёміцца з гісторыяй, культурай, традыцыямі і звычаямі Валожыншчыны. Яны хочуць больш даведацца пра мясцовую кухню, пакаштаваць новыя стравы. У сядзібе «Ганка» госці сваімі рукамі спякуць хлеб па старадаўніх рэцэптах.

Аграсядзіба «Ганка» гатова прыняць турыстаў-калясачнікаў.

І яшчэ адзін унікальны інклюзіўны аб'ект — турыстычная адукацыйная экалагічная сцежка «Белакорац», адаптаваная да патрэб інвалідаў. Яе мне параілі абавязкова наведаць. Яна знаходзіцца непадалёк ад аднайменнай вёскі, там, дзе пачынаецца Налібоцкая пушча. Працягласць — каля паўтара кіламетра. «Гэта сапраўды ўнікальная сцежка. Яна створана ў запаведніку, дзе забараняецца выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і матэрыялы, — расказалі спецыялісты. — Напрыклад, спецыяльнае пакрыццё толькі знешне нагадвае асфальт».

Нягледзячы на будны дзень, на стаянцы шмат машын.

— Я тут часта бываю, — кажа Алена Сцяпанаўна. — Праўда, на калясцы сюды далекавата дабірацца. Звычайна мяне прывозіць сын на машыне. Пакуль я гуляю, ён едзе займацца сваімі справамі. Цяпер людзей паменела — карана-вірус. А пабачылі б вы, колькі наведвальнікаў тут было раней!

Сцежка нагадвае лічбу восем. Зрабіўшы адзін круг, калі не хапае сіл рухацца далей, чалавек можа вярнуцца назад. Паўз дарожку ўладкаваны альтанкі, лаўкі, крытая пляцоўка, ёсць таблічкі для людзей са слабым зрокам. Прадугледжаны аўтастаянка, месца для кемпінга.

— Тут шмат раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу. Мне цікава назіраць за птушкамі, слухаць іх спевы, любавацца драўлянымі фігуркамі лясных жыхароў, якія ўпрыгожваюць сцежку, — загаварыла са мной незнаёмка.

Аб'ект перададзены на баланс заказніка «Налібоцкі», які абяцае прадоўжыць праект. У прыватнасці, плануецца абсталяваць вальеры з дзікімі жывёламі, каб госці даведаліся больш пра дзівосную фаўну Налібоцкага краю.

Карыстаецца ў Валожыне папулярнасцю і інклюзіўная дзіцячая пляцоўка. Праект задуманы і рэалізаваны ініцыятыўнай групай саміх жыхароў горада. У будаўніцтве бралі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадпрыемствы. Усе аб'ядналіся для адной агульнай мэты — каб дзеці маглі гуляць разам незалежна ад дыягназу, без бар'ераў у зносінах.

Міжнародны праект закончыўся. Але на гэтым не пастаўлена кропка. Глабальная работа па ўладкаванні безбар'ернага асяроддзя прадоўжыцца — ужо распрацаваны план мерапрыемстваў да 2028 года. Мяркуецца правесці і семінары, каб паказаць іншым раёнам прадукт, які стварылі ў Валожыне, і падзяліцца вопытам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.