Вы тут

На прамой лініі ў Савеце Рэспублікі жыхар Ліды распавёў загадкавую гісторыю з рамонтам даху дома


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец правёў прамую тэлефонную лінію, падчас якой прыняў дваццаць зваротаў.


Фота sovrep.gov.by

Тэлефанавалі пераважна па няпростых жыццёвых пытаннях, якія ў пэўны момант былі для гэтых грамадзян справай першаступеннай важнасці. Зразумела, што для шматдзетнай маці з Салігорска кватэрнае пытанне самае галоўнае. І быццам бы ўсё ішло як і належыць, але з нейкіх прычын трапіла нібы ў пастку. Жанчына моцна расчараваная несправядлівым рашэннем перанесці яе чаргу на будаўніцтва кватэры на наступны год. Дакладней, сям'я Кацярыны Святаславаўны разлічвала на тое, што яна заселіцца ў кватэру дома, які зараз узводзіцца. А раптам высветлілася, што сям'я ўжо ў спісе на кватэру ў іншым жылым доме, які пачнуць будаваць толькі ў другім квартале наступнага года.

Сяргей Сівец паабяцаў вывучыць прычыны такіх адносін да шматдзетнай сям'і і потым паведаміць аб магчымых кроках і прынятых мерах, вядома, пры ўмове, што парушаны яе правы. Пытанне паспрабуюць вырашыць у прававым полі ў межах кампетэнцыі Савета Рэспублікі.

А вось жыхар Ліды паведаміў крыху загадкавую гісторыю з рамонтам даху дома, у якім ён жыве ўжо шмат гадоў. Дык вось, яшчэ ў 2003 годзе мясцовыя адказныя асобы вырашылі адрамантаваць дах дома плошчай 900 «квадратаў». Але спачатку паклалі неякасную чарапіцу, якая літаральна праз год сапсавалася, аказалася непрыдатнай супраць дажджу і снегу. Яе замянілі на шыфер, на думку пенсіянера, не новы, якім ужо карысталіся. І ён запатрабаваў ад сенатара з дапамогай праваахоўных органаў разбрацца з гэтай 17-гадовай гісторыяй.

Былі звароты па зямельных праблемах, пытаннях справядлівага падзелу спадчыны і іншыя.

Старшыня Пастаяннай камісіі ў каментарыі аб выніках прамой лініі адзначыў, што за гады існавання суверэннай Беларусі назапашаны вялікі кластар нарматыўна-прававых актаў, прычым, рознай галіновай накіраваннасці. Іх прымяненне на практыцы часам у грамадзян выклікае пытанні. У гэтай сувязі прыёмы грамадзян і тэлефонныя лініі, пісьмовыя і электронныя звароты, просьбы і пажаданні людзей з'яўляюцца крыніцамі сігналаў з месцаў. Гэта выдатная магчымасць для заканатворцаў трымаць руку на пульсе грамадскага жыцця, звярнуць увагу на практыку правапрымянення на месцах, а для грамадзян — удзельнічаць у заканатворчым працэсе.

Сяргей Сівец адзначыў, што ў практыцы верхняй палаты ёсць прыклады таго, як па выніках разгляду зваротаў сенатарамі былі ініцыяваны змены ў шэраг законаў, скажам, у Жыллёвы кодэкс, Зямельны кодэкс і іншыя. Разам з тым ён падкрэсліў, што з пункту гледжання права жыллёвыя і зямельныя пытанні належаць да самых складаных. Таму Сяргей Сівец заклікаў грамадзян, асабліва сваякоў, не цягнуць гадамі з вырашэннем падзелу маёмасці, а звяртацца да натарыусаў, прафесійных юрыстаў па прававую кансультацыю, прыслухоўвацца да іх парад, каб потым не ісці ў суд. А гэта істотныя страты нерваў, грошай і часу.

Леанід Тугарын

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

На другасным рынку жыллё працягвае таннець (у глабальным плане без перапынкаў) ужо з верасня мінулага года.

Грамадства

Падмануць Альцгеймера. Як захаваць ясны розум да глыбокай старасці?

Падмануць Альцгеймера. Як захаваць ясны розум да глыбокай старасці?

Няўжо гэтую цяжкую хваробу так лёгка абвесці вакол пальца?

Калейдаскоп

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?

Мода вясны — 2021 прапануе некалькі глабальных кірункаў: мінімалізм, унісекс і 1990-я.