Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Асаблівасці туркменскай рыбалкі

Сёлетняя вясна ва ўсіх адносінах выдалася няўдалая: да апошняга дня і холадна было, і няўтульна. А для нас, для агароднікаў, дык гэта кара нябесная: на градах нічога не расце, на раку з-за дажджоў не сходзіш... Хоць з вудай пасядзець — адно задавальненне! Пашчасціла нам: лецішчы — вакол Гайны. Як старыя кажуць, празвалі гэту рэчку так з-за яе вады: яна, маўляў, раны гоіць, таму і Гайна...

Дык вось: сёлета нават самы спрытны рыбак злавіў у ёй хіба некалькі акунькоў. А ляшча — ніводнага! Усе абураліся!

Спакойны заставаўся толькі мой сусед, палкоўнік у адстаўцы. Ён не раз казаў, што не разумее, як можна гадзінамі «тупа глядзець на паплавок». А калі нехта пачынаў хваліцца ўловам (маўляў, учора... дваццаць хвастоў...), то адстаўнік з усмешкай дадаваў:

— ...І змясціліся яны ў адзін карабок ад запалак.

— Гэта таму, — між сабой казалі рыбакі, — што рыбу толькі на патэльні бачыў, што ён на беразе ні разу не сядзеў. Ну вядома ж — ваенны, увесь час заняты...

А ён якраз міма ішоў і размову пачуў. Спыніўся, закурыў. Сказаў:

— На рыбу — ды нейкімі там ляшчамі — вы мяне не заманіце. Я асятра на Каспіі лавіў!

— А на што бярэцца? — зацікавіліся мы.

Палкоўнік яшчэ раз усміхнуўся і стаў успамінаць, як яго прызначылі камандзірам палка ў Туркменіі, як саслужыўцы для бліжэйшага знаёмства запрасілі на рыбалку — і якраз на таго асятра.

— А па мне (тут і далей да-слоўна) — хоць бы і на кіта. Я не аматар. Але ж адмовіцца тады не выпадала: згадзіўся.

Быў якраз канец лютага, Каспійскае мора пачало пакрысе прагравацца. І вось мы ўтраіх — я, начальнік штаба і нампаліт — на двух «газонах» і цягачы дабраліся да ўзбярэжжа. Выгрузіліся, размясціліся. Гляджу на сваіх спадарожнікаў і не разумею: усе з пустымі рукамі. Пытаюся: дзе ваш рыштунак, чым будзеце лавіць? Нампаліт адказвае — зараз убачыце. І тут жа загадвае кіроўцу на ГАЗ-66 даць задні ход... у мора. Той — што называецца — ад слова: памалу едзе, аж пакуль машына па самыя барты не хаваецца ў вадзе...

Я нічога не разумею.

Мне кажуць, што трэба пачакаць.

Недзе з паўгадзіны праходзіць, потым цягач чапляе лябёдкай таго «газона» і па камандзе нампаліта рэзка выцягвае грузавік на бераг. З бартоў выліваецца вада, і перад намі, як той казаў, карціна алеем: поўны кузаў вялікіх, як бярвёны, асятроў і рапарт: «Прымайце ўлоў, таварыш палкоўнік!»

Аказваецца, той куфрык проста адчыняўся: вада каля берага прагравалася хутчэй, асятры спяшаліся ў ёй пагрэцца. А тут, як на ліха, мы... Праўда, узялі далёка не ўсё — некалькі штук. Астатніх выпусцілі назад у мора.

— Дык гэта ж не рыбалка, — прызнаў нехта з нашых мужчын.

Палкоўнік толькі ўсміхнуўся:

— Мы рыбы налавілі? Налавілі. Значыць, парыбачылі. А наконт метадаў, дык у кожнага свае. Як казаў знаёмы генерал: вялікая рыба і бярэцца па-вялікаму.

Ну што тут скажаш? Няма чым крыць: у Гайне асятры не водзяцца.

Віталь Жураўскі, г. Жодзіна


Схадзіў Кузьма па бярозавік

Фота: 1prof.by

Пасля смерці бацькоў сыну дастаўся невялічкі дамок у вёсцы, які ён з форсам называў дачай. Кожнае лета яго сям'я з'язджала туды адпачываць, жыла, можна сказаць, на хутары, бо ад вёскі амаль нічога не засталося... А перад гэтым ён, гаспадар, кожную вясну адкрываў сезон — ездзіў туды прыбірацца.

Вось і ў той год з'явіўся на дачы яшчэ да шпакоў, бо ведаў, што фронт работы ўжо адкрыты: недзе трэба было падправіць платы, недзе — падрэзаць дрэвы, падгрэбці лісце... Хапала вакол і рознага смецця, сухой травы.

Факт, што неўзабаве пасярод участка запалала невялікае вогнішча. Сухія абрэзаныя сукі гарэлі, можна сказаць, весела, а вось дым — той даймаў. «На халеру ж ім дыхаць, — падумаў гаспадар, — калі побач, за плотам, пачынаецца лес, а ў ім — нямала гонкіх бяроз. Значыць, можна разжыцца сокам!»

Кузьма рабіў гэта штогод, таму і сёлета спрытна сабраў рыштунак, прыхапіў спецыяльны посуд, рушыў у лес...

Назад вяртаўся знаёмымі сцежкамі і яшчэ здалёку носам ловячы дым: «І няшмат жа
ламачча было, а бач — дагэтуль не дагарэла».

Толькі ён так падумаў — выйшаў на ўскраек і ледзьве не сеў, бо ўбачыў, што дагарае зусім не касцёр, а... ягоны хутар, яго любімая дача... А па пажарышчы ходзяць ратавальнікі.

— Нешта шукаеце? — на ватных нагах прыплёўшыся бліжэй, спытаў Кузьма. — Дык я тутэйшы — дапамагу... Скажыце толькі, што?

— Не што, а каго, — паправілі дзядзьку хлопцы ў адмысловых касцюмах. — Дачніка, які тут вогнішча развёў.

— Дык не трэба яго шукаць, — выдыхнуў Кузьма. — Гэта я... У лес схадзіў — па бярозавік.

...Трэба сказаць, што нятанна ён абышоўся, бо, па-першае, за грубае парушэнне правіл пажарнай бяспекі гора-гаспадару ўляпілі штраф, па-другое, сям'я засталася без любімай дачы. Ну і, па-трэцяе, пацярпелі суседнія сялібы. Значыць, ён па вушы ў даўгах яшчэ і перад суседзямі.

...Шмат па вясне такіх вось гісторый. І напісана пра іх таксама нямала. Тады навошта яшчэ?

Ды каб нехта, можа, расклаўшы вогнішча, узяў і ўспомніў Кузьму.

Анатоль Палынскі, г. Беразіно


Як стаць «акадэмікам»

Фота: photographers.ua

Больш за сорак гадоў таму ў наш калгас прыслалі новага агранома. Яму адразу ж выдзелілі асобны дамок, у які (ці не назаўтра ж) прыехала маці, дапамагла свайму сыну трохі абжыцца.

Далей трэба было самому...

Складанасць заключалася ў тым, што аграном (позняе дзіця нейкага дробнага начальніка з Горак) быў тыповым «батанікам» і мамчыным сынком, абсалютна не прыстасаваным да самастойнага жыцця, а тым болей — жыцця вясковага. Не ўмеў ён, бедны, ні поліўкі нейкай зварыць, ні адзежу памыць, ні ў хаце прыбраць. Тыдні са тры з магазіна карміўся, а потым...

Пасля хатніх харчоў, ну напэўна ж, яму нясмачна было, ды і страшнавата, каб хваробы якой не нажыць. Выйсце бачылася адно — трэба ажаніцца... Дома, пад пільным наглядам матулі, ніякіх стасункаў з дзяўчатамі гэты хлопец не меў, а тут — як з ланцуга якога сарваўся! Найбольш да адной прыкіпеў — самай грудастай...

А далей — некалькі танцаў-абжыманцаў, некалькі вечароў на лавачцы, і вось ужо пададзена заява ў сельсавет на рэгістрацыю шлюбу.

З ёй маці маладой вырашыла не зацягваць — так, на ўсякі выпадак: каб зяцёк не адумаўся. Маці ж маладога, за два дні да роспісаў пачуўшы навіну пра жаніцьбу, злягла ў бальніцу з гіпертанічным крызам. Бацька застаўся пры ёй...

Факт, што вяселле ў агранома атрымалася вельмі сціплае: госці вечарок пасядзелі, маладых павіншавалі, падарункі аддалі. Прычым адзін з іх аказаўся жывым: апроч пяцісот рублёў, цешча не тое падарыла, не тое ў пасаг падагнала авечку, бо трэба ж маладым з нечага пачынаць.

Аграном (а варта сказаць, што пасля вяселля той ззяў, як новенькі юбілейны рубель) быў зусім не супраць: з авечкай ён, можна сказаць, нават пасябраваў. І таму праз нейкі час, вядома ж, заўважыў, што да рук яна чамусьці не ідзе, нічога не есць... «Ці не захварэла?» — спытаў калгаснага ветэрынара. «З чаго б гэта?.. Цекуе, відаць, да кавалера просіцца», — растлумачыў калега. І тут жа падказаў, што злучку можна лёгка арганізаваць — паблізу, у цёткі Бараніхі. Яна, маўляў, гадуе авечак, а жыве пры балоце, апошняя хата справа.

Недзе праз паўгадзіны аграном ужо прыехаў на месца. Заглушыў матацыкл, ветліва павітаўся з гаспадыняй, колькі слоў сказаў пра надвор'е (вядома ж, па-руску). Адзінае — слова «случка» здалося яму некультурным і грубым, таму ён сарамліва папрасіў «тетю Бараниху разрешить знакомство яго Каси (жонка так авечку назвала) и вашего Барана»...

Гэткага ляманту і гэткай бруднай лаянкі вёска не чула з той даўняй пары, калі цётка застукала свайго мужа з паштальёнкай, а бедны аграном — дык і наогул ні разу ў жыцці! Справа ў тым, што цётчыным мужам быў наш настаўнік фізкультуры па прозвішчы Баранаў, чалавек цалкам станоўчы. Ён не піў, не курыў, іграў на акардэоне, быў душою любой кампаніі і марай многіх дзяўчат. Але ж маладых ён чамусьці пазбягаў, затое са старэйшымі раманы здараліся. Да жонкі чуткі даходзілі. Нават не раз...

Карацей, назаўтра з беднага агранома пасмейваўся ўвесь калгас. І толькі наш былы старшыня шчыра паспачуваў. Сказаў:

— А што вы хацелі? Гэта ж «акадэмік»: ён калі аграном, то толькі аграном, а ў жывёлагадоўлі — ні бум-бум, як свіння ў апельсінах.

Так праз два гады ён ад нас і з'ехаў — вось з гэтай мянушкай, жонкай і дачушкай. Казалі — дамоў, у родныя Горкі.

Дарэчы, аграномам ён быў не зусім безнадзейным. Потым, казалі, працаваў выкладчыкам, бо яно ж здавён так: хто ўмее рабіць, — той робіць, а хто не ўмее — той вучыць, як трэба.

М. С., г. Бабруйск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.