Вы тут

«Звязда» пабывала на здымках праекту «Здорава здаровым быць»


Паўгода, як у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выходзіць з аўторка да пятніцы праект «Здорава здаровым быць», які папулярызуе здаровы лад жыцця і ў кожным з выпускаў дае адказы на самыя разнастайныя і актуальныя пытанні, што датычацца нашага здароўя. «Звязда» завітала на здымкі чарговых выпускаў і пагаварыла з вядучымі і стваральнікамі праекта.


За час сваёй прысутнасці ў эфіры праект «Здорава здаровым быць» даў гледачам магчымасць разабрацца ў самых розных тэмах: ад мігрэні да рэабілітацыі неданошаных дзетак. Як адзначаюць стваральнікі праграмы, тэмы выбіраюцца, зыходзячы з актуальнасці для аўдыторыі.

— Гэтая праграма адукацыйная, і яе галоўная мэта ў тым, каб сарыентаваць людзей на важныя працэсы, якія адбываюцца ў іх арганізме, каб захаваць здароўе і рэсурс, які дадзены кожнаму з нас прыродай. Бо, на жаль, шкодныя звычкі, няправільнае харчаванне і спосаб жыцця часта прыводзяць да таго, што чалавек пачынае хварэць, не можа жыць якасна і раней памірае, — дзеліцца ў перапынку паміж здымкамі кіраўнік праекта «Здорава здаровым быць» Наталля Шаруба. — Мы бачым зваротную сувязь: людзі пішуць і тэлефануюць нам амаль штодня. Іх неабыякавасць і актыўнае абмеркаванне той ці іншай тэмы пераконваюць у тым, што мы карысныя і патрэбныя. Бо тыя ці іншыя праблемы ў гэтай сферы — не толькі генэтыка, а яшчэ ў большай ступені наступствы нашага стаўлення да саміх сябе.

Тут цяжка не пагадзіцца, таму што часта мы звяртаемся да ўрача, калі хвароба ўжо запушчана ці калі самалячэнне не дае вынікаў, што ў абодвух выпадках вельмі рызыкоўна для пацыентаў. Між тым вядучыя абмяркоўваюць тэму для аднаго з будучых выпускаў — біяхакінг, то-бок назіранне за чалавечым арганізмам і своечасовае выкарыстанне тых магчымасцяў, якія дазваляюць пазбегнуць яго старэння. Аказваецца, існуюць правілы залатога ўзросту, з дапамогай якіх кожны можа дапамагаць сабе захоўваць здароўе, нягледзячы на лічбы ў пашпарце. Сакрэтаў ніякіх: сон, рух, пазітыўны настрой, адмова ад курэння, правільнае харчаванне, звароты да ўрачоў (калі ў тым ёсць неабходнасць) і правільнае лячэнне існуючых праблем. Не менш важным момантам у тым, як падтрымаць свой арганізм і працэсы, што працякаюць у ім у залежнасці ад узросту, з'яўляецца і своечасовая здача аналізаў. Іх пералік і нюансы па кожным растлумачаць у адным з наступных выпускаў праграмы.

Увогуле ў «Здорава здаровым быць» парады даюць найлепшыя ўрачы Беларусі — тыя, хто на ўласнай практыцы ведае, што сёння хвалюе большасць пацыентаў. Каб абмеркаваць важныя для сябе тэмы, трэба патэлефанаваць у рэдакцыю праграмы альбо напісаць яе стваральнікам у сацыяльных сетках. Клапаціцеся пра сваё здароўе і рабіце гэта правільна!

Бліц-апытанне для вядучай праграмы «Здорава здаровым быць» Вольгі Венскай:

1. Якія адкрыцці вы зрабілі за час працы ў праграме?

— Кардынальна змяніліся мае ўяўленні пра тое, што такое здаровы лад жыцця. Напрыклад, больш не набываю так званыя здаровыя спартыўныя батончыкі. А выбіраючы прадукты ў краме, гляджу на састаў і аналізую яго.

2. Калі казаць пра аптэчку, то якія лекі можна знайсці ў вашай сумачцы?

— Увогуле нічога, бо я не прыхільніца лекаў. Хоць, прызнаюся, да прыходу на праект я магла набываць і піць нейкія вітаміны, прапісваючы іх сама сабе. Але пасля размоў з экспертамі і спецыялістамі зразумела, што нават яны ўжываюцца і прызначаюцца не проста так. Таму ў маёй сумачцы толькі памада, люстэрка і мабільны тэлефон.

3. Як ставіцеся да самалячэння?

— З «доктарам гуглам» я ніколі асабліва не сябравала, бо часам можна начытацца такога, што ніякая нервовая сістэма не вытрымае. Мне прасцей звярнуцца да рэальнага ўрача.

4. Якія ў вас рытуалы і сакрэты прыгажосці?

— Напрыклад, у мяне падрыхтоўка да сну займае каля 40 хвілін. Гэта такі час толькі для сябе, калі я займаюся гігіенай, фэйс-фітнесам, выцягваннем пазваночніка. І розных такіх момантаў існуе шмат, калі ты клапатліва ставішся да сябе і свайго цела, каб захаваць усё тое, што дала табе прырода.

5. На ваш погляд, што такое здароўе?

— Гэта, па-першае, увага да сябе і да тых «званочкаў», якія падае ваш арганізм; па-другое, абсалютнае ўсведамленне ўсяго, што з табой адбываецца звонку і ўнутры, і адсутнасць страху перад дактарамі. Бо, як паказвае практыка, усё не так страшна, як мы ўмеем сабе надумаць.

Алена ДРАПКО

Прэв'ю: publicityhound.com

Загаловак у газеце: Каму што баліць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.