Вы тут

Адмаўляцца ад сродкаў аховы, сацыяльнага дыстанцыравання і іншых мер прафілактыкі пакуль рана


Ні спякотнае надвор'е, ні стомленасць ад працяглага нашэння масак, ні нават станоўчы аналіз на антыцелы, які сведчыць аб тым, што вы перанеслі каранавірусную інфекцыю, не павінны заспакойваць: адмаўляцца ад сродкаў аховы, сацыяльнага дыстанцыравання і іншых мер прафілактыкі пакуль рана. Пра гэта паведаміла ў эфіры телеканала АНТ намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская.


Яна падкрэсліла, што калі б у Беларусі не прымаліся меры барацьбы з COVІD-19, а гэта выяўленне кантактаў, лабараторнае тэсціраванне і прафілактычныя мерапрыемствы, то колькасць цяжкіх выпадкаў, у тым ліку і лятальных, была б нашмат большая.

— Сёння ніхто не можа сказаць адназначна, ці будзе другая хваля захваральнасці. Назавём мы гэта другой хваляй ці пад'ёмам захваральнасці, але адмаўляць іх нельга: вірус застанецца з намі. І тут многае залежыць ад нас саміх. У сістэмы аховы здароўя гатоўнасць ёсць. Прычым як да адносна спакойнай сітуацыі, так і да больш цяжкіх варыянтаў, — адзначыла Ірына Глінская.

Яна падкрэсліла, што людзі расслабіліся яшчэ да наступлення спякоты. Ужо ў маі ўзровень сацыяльнага дыстанцыравання быў нізкі ў параўнанні з красавіком. Па яе назіраннях, вельмі мала людзей носіць маскі ў грамадскім транспарце.

— Вірус можа выдзяляцца да з'яўлення клінічных сімптомаў захворвання або чалавек увогуле можа не мець сімптомаў. Таму меры ранейшыя. І варта настроіць сябе, што гэта — атрыбуты сённяшняга часу, нягледзячы на тое, што ў спякоту камусьці, магчыма, і нязручна хадзіць у масцы. Калі патрабаванні не выконваць, будзе і другая, і трэцяя хвалі, — папярэдзіла эксперт.

Яна заўважыла, што для фарміравання калектыўнага імунітэту неабходна, каб 60—80 % насельніцтва перахварэла. А нам да гэтых лічбаў пакуль далёка.

Што датычыцца тэстаў на антыцелы, якія зараз можна зрабіць платна ў некаторых установах аховы здароўя, то, як падкрэсліў прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, доктар медыцынскіх навук Дзмітрый Данілаў, пераацэньваць іх не трэба. Адмоўны тэст не адмаўляе развіцця захворвання. А станоўчы вынік не павінен заспакойваць, бо магчыма і паўторнае развіццё інфекцыі, тым больш што існуе да шасці разнавіднасцяў COVІD-19.

Асаблівасці экспрэс-тэсціравання на антыцелы растлумачыла Ірына Глінская.

— Наяўнасць у тэсце імунаглабулінаў М сведчыць пра тое, што захворванне развіваецца ў цяперашні момант, а імунаглабулінаў G — што вы перанеслі захворванне. У які час — складана вызначыць. Але нельга сказаць, што такім людзям не трэба прытрымлівацца мер перасцярогі, — дадала Ірына Глінская.

Па звестках на 18 чэрвеня, у нашай краіне выяўлена 56 657 чалавек са станоўчым тэстам на COVІD-19. За гэты час паправіліся і выпісаны 34 023 пацыенты, 331 чалавек памёр. Усяго праведзена 800 435 тэстаў. За апошнія суткі прырост склаў 625 інфіцыраваных, пры гэтым выпісана 1288 чалавек, сем пацыентаў выратаваць не ўдалося. Трэція суткі прырост новых выпадкаў не перавышае 700, дагэтуль на такім узроўні ён быў да 23 красавіка, пасля ж фіксавалася больш за 800 і 900 выпадкаў штодзень.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: ru.euronews.com

Загаловак у газеце: Расслабляцца яшчэ рана

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».