Вы тут

Ала — народны праект памяці. Невядомая трагедыя беларускай вёскі ў ваеннае ліхалецце


Аб гэтым населеным пункце не пісалі ў падручніках па гісторыі, не здымалі аб яго трагічным лёсе фільмаў, відавочцаў таго жаху ўжо няма сярод жывых. Між тым у невялікай вёсачцы фашысты знішчылі ў 12 разоў больш людзей, чым ва ўсім вядомай Хатыні. На досвітку 14 студзеня 1944 года ў Але былі забітыя 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей.


Казачнай прыгажосці дубровы і хвойнікі перамяжоўваюцца люстрамі найчысцейшых азёраў. На выспах пануе птушынае царства. Запаведныя мясціны заказніка «Выдрыца»... Невялікая рэчка Ала — прыток Бярэзіны — указвае нам маршрут. Мой праваднік — дырэктар Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Заяц. Сваю першую экскурсію да колішняй маленькай вёсачкі Ала яна, малады краязнавец, правяла на пачатку 2000-х гадоў. Тады многія здзіўляліся, чаму аб адзіным на Беларусі населеным пункце, дзе ў вайну адначасова загінула самая вялікая колькасць мірных жыхароў, так мала ведаюць. Між тым для тутэйшых жыхароў гэты сціплы лясны куточак заўсёды быў месцам сакральным.

— Перад вайной у Але налічвалася 34 двары і 168 жыхароў, — кажа Ірына Валянцінаўна. — Тут знаходзіўся Шацілкаўскі лесаўчастак, была пачатковая школа, якую напярэдадні вайны закончылі 35 вучняў.

У студзені 1944 года сюды прыйшлі жыхары навакольных вёсак. Ёсць дзве версіі, чаму так здарылася. Па адной з іх у пачатку студзеня мірных грамадзян сагналі ў Алу, каб вывозіць на работы ў Нямеччыну. Па другіх звестках, у снежні на мосце цераз рачулку быў забіты ці паранены фашысцкі афіцэр. Атрад карнікаў помсціў за гэта, запалохваў — каб іншым не было спакусы змагацца. Ала, вядома, заўсёды была вельмі глухім паселішчам — навокал лясы ды балоты.

— Тутэйшыя жыхары не думалі і не гадалі, што фашысты зробяць аблаву і прыйдуць у вёску. 14 студзеня ў Але — прастольнае свята — Васіль Вялікі, — адзначае краязнавец. — Мясцовыя вярнуліся ў хаты з лесу, з імі прыйшлі і жыхары навакольных вёсак, якія мусілі пераседзець у глухім месцы. У большасці гэта былі жанчыны і дзеці.

Трэба разумець сітуацыю: лінія фронту па гэтай тэрыторыі пралягала дзевяць месяцаў. У канцы лістапада 1943 года ў раёне ніжняга цячэння Бярэзіны з баямі савецкія войскі занялі Вялікі Бор, Мармавічы, Давыдаўку, Прасвет, Людзвінаўку, Якімаву Слабаду... Вызвалена была чыгуначная станцыя Шацілкі — асноўны перавалачны пункт, адкуль вагонамі вывозілі дзяцей з навакольных вёсак у Нямеччыну. Мірныя жыхары адчувалі і чакалі: хутка іх родныя мясціны вызваляць ад акупантаў.

Каб схавацца, у Алу з лесу прыйшлі вяскоўцы са Здудзічаў, Чыркавічаў, Іскры, Рудні, Кароткавічаў, Мормаля. Людзей было шмат, а дамоў усяго крыху больш за 30. Па ўспамінах сведак, у адной вясковай хаце ў той час магло знаходзіцца па 50—60 чалавек. Вызваленне прыйшло ў Алу 27 студзеня, праз 13 дзён пасля знішчэння людзей фашыстамі.

Ірына Валянцінаўна тлумачыць, што для эскурсійных аповедаў аб Але супрацоўнікі музея бяруць за аснову звесткі са жлобінскага архіва, а таксама матэрыялы дакументальнай аповесці таленавітага краязнаўца, журналіста і пісьменніка Усевалада Мігая «Бярэзіна ў агні». Былы франтавік пасля вайны сабраў успаміны ўдзельнікаў вызвалення Парыцкага (цяпер Светлагорскага) раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З першых вуснаў пра гэтыя жахі сёння ўжо няма каму расказаць, але ж доўгі час жыхарка Чыркавічаў
Марыя Зыкун займалася зборам матэрыялаў: запісвала ўспаміны сведак, якія цудам засталіся жывыя ў тым пекле:

— Эсэсаўцы прыйшлі на досвітку, стралялі па вокнах аўтаматнымі чэргамі. Людзей, якія выбягалі з дамоў, расстрэльвалі ва ўпор. Усё насельніцтва было сагнана ў вялікую калгасную адрыну. Мужчын расстрэльвалі групамі па 6—7 чалавек. Жанчын спалілі жывымі. Шмат дзяцей пазагрызалі сабакі. У хаце аднаго з жыхароў фашысты застрэлілі парадзіху, а немаўля забілі ўдарам аб сцяну.

У кнізе «Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён» можна знайсці апісанне страшнага эпізоду сведкам тых падзей Тарасам Колесневым: «Ад групы адлучылася жанчына ў целагрэйцы і вялікай клятчастай хустцы. Аўтаматчык ішоў за ёй. Я пачуў просьбу дазволіць згарэць у сваёй хаце. Гэта была Аксіння Цімафееўна Курловіч, жонка бухгалтара калгаса. Пад дружны рогат фашыстаў жанчына павярнулася і цвёрдым крокам пайшла да сваёй падпаленай хаты. За ёй бег фашыст з вялікім балонам за спінай і апырскваў яе бензінам. Жанчына не звяртала на яго ўвагі. Афіцэр дастаў пісталет. Але на парозе хаты жанчына ўспыхнула паходняй і схавалася за дзвярыма...»

Між іншым, ёсць падставы сцвярджаць, што ахвяр, хутчэй за ўсё, было больш, чым 1758 дакладна высветленых — каля дзвюх тысяч. Не так даўно Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей атрымаў афіцыйны архіўны дакумент, на які цяпер таксама можна спасылацца:

— Копія акта камісіі 194-й стралковай Рэчыцкай Чырванасцяжнай дывізіі па раследаванні злачынстваў, учыненых фашысцкімі захопнікамі з 1941 да 1945 года на тэрыторыі тады Парыцкага раёна Палескай вобласці, — адзначае Ірына Заяц. — Сведчанні пра вёску
Ала падпісалі вайскоўцы стралковай дывізіі і мясцовыя жыхары. Яны прыехалі сюды, на месца пакарання, фактычна на апазнанне цел. Чытаеш, і ком стаіць у горле.

Уратаваліся ад смерці сям'я Кандрата Зыкуна, Тарас Колеснеў, Таццяна Ярашэвіч, Антаніна Навуменка. Вольгу Курловіч з сынам фашысты не заўважылі пад целамі забітых. Арцём Усціменка за некалькі хвілін да расправы праз патаемны ход з печы на падстрэшак вылез на двор і дабег да лесу. Яго хата стаяла каля самага хвойніку.

— Дарэчы, тыя самыя Вольга Іванаўна Курловіч і Арцём Макаравіч Усціменка ў 1945 годзе былі выкліканы ў Бранск на судовы працэс над ваеннымі злачынцамі, якія расстрэльвалі мірных жыхароў у нашым раёне, — дадае дырэктар музея. — Але, на жаль, няма ніякай інфармацыі, як праходзіў гэты працэс. Мы нават у Бранскі архіў накіравалі запыт, каб даведацца аб гэтай падзеі больш падрабязна.

Ала стала адраджацца адразу пасля вайны. У 1948 годзе быў пабудаваны 21 двор. Пачала працаваць пачатковая школа. У 1958 годзе на месцы брацкіх могілак, дзе акрамя мірных жыхароў былі пахаваны 700 савецкіх ваенных, партызанаў і мірных жыхароў, усталявалі памятны знак.

Але з цягам часу вёска вымірала. Спрыяла гэтаму яе месцазнаходжанне: далёка ад дарогі, у лясах, за ракой. У 1969 годзе ў Але — тры двары. Апошняга свайго вяскоўца яна страціла ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. У 90-я гады, успамінаюць тыя, хто прыязджаў да помніка, аб тым, што ў глухім месцы была некалі вёска, нагадваў пахілены каркас хаты ды калодзежны журавель.

— Аднак, вы ведаеце, калі я прыязджала сюды, мяне ўразіла адна асаблівасць, — не стрымлівае эмоцый Ірына Валянцінаўна. Так, дарогі добрай не было, усё пазарастала, але лес не кранаў месца брацкага пахавання і пасляваеннага помніка. Яны былі там, дзе знаходзілася калгасная адрына. На гэтым месцы, фактычна, алтары жудаснай кары, за 70 гадоў не прарасло ніводнае дрэва.

У 2013 годзе ў былой вёсцы з'явіліся паклонны крыж і памятны знак, які нагадваў аб вялікай трагедыі. Была зроблена новая дарога. Для таго, каб усё гэта ажыццявіць, давялося добра папрацаваць будаўнічым і меліяратыўным арганізацыям раёна. Актыўна дапамаглі і дэпутаты райсавета.

Ідэя стварэння новага маштабнага мемарыяла ў Але належыць паэту, журналісту, краязнаўцу, ганароваму грамадзяніну Светлагорска — Ізяславу Катлярову. Ён прысвяціў трагедыі спаленай вёскі паэму, якая потым натхніла майстроў з усёй Беларусі стварыць цыкл скульптурных кампазіцый для тады яшчэ будучага мемарыяла.

Летась у снежні, падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі са студэнтамі і выкладчыкамі мед-
універсітэтаў, пытанне аб неабходнасці стварэння мемарыяла ў Але падняла студэнтка адной з гомельскіх ВНУ. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву. Стварэнне архітэктурнай канцэпцыі манументальнага комплексу было даручана групе архітэктараў Інстытута «Гомельграмадзянпраект». Для Гомельшчыны «Ала» — сапраўды народны праект памяці і патрыятычнага духу.

Кампазіцыйна комплекс — гэта тры блокі: уваходная група, пешаходны маршрут і мемарыяльная зона.

Нас сустракае абеліск з картай Гомельскай вобласці, на якой адзначаны ўсе спаленыя вёскі рэгіёна. Пасля наведвальнік, па задуме архітэктараў, праходзіць пешшу і бачыць страшныя лічбы ахвяр. Ён спрабуе зразумець і ўсвядоміць, але гэта інфармацыя не для розуму, а для сэрца. Дарога вядзе праз парталы, праходжанне праз кожны праём падсвядома — пераход да іншага эмацыянальнага стану.

Пешаходны маршрут — гэта амаль 300 метраў лясной дарогі, выкладзенай камянямі ў тым напрамку, як праходзіла галоўная вуліца вёскі. На месцы дамоў — 34 стылізаваныя брамы падворкаў і абеліскі з сілуэтамі людзей. У мемарыяльнай зоне адноўлены пліты брацкай магілы. Побач размясцілася званіца: колькасць званоў — па ліку вёсак, жыхары якіх загінулі ў Але. Тут жа — стэла з набатным звонам, а таксама пляцоўка з імправізаванымі лавамі для ўрокаў памяці пад адкрытым небам.

У мемарыяльнай зоне высаджаны яблыні сорту Ала. Сімвалічна, што ў іх чырванаваты ствол, чырвоныя плады і пялёсткі квітнеюць ружовым адценнем.

Важнымі «эмацыянальнымі клічнікамі» выступаюць дзесяць каменных скульптур. Высечаныя ў камені сюжэты ўзнаўляюць трагедыю вёскі. Маці моцна прыціскае немаўля да грудзей, маленькая дзяўчынка са спалоханымі вачыма і прастрэленай цацкай у руках, драўляная хата ў сполахах полымя...

Многія адзначаюць, што аўтары праекта паставіліся вельмі акуратна да месца — «прыродны малюнак» навокал, здаецца, таксама частка мастацка-архітэктурнай канцэпцыі.

У аснову комплексу была пакладзена траекторыя выгнутай грунтавой дарогі, якая паўтарае цяпер абрысы галоўнай вуліцы былой вёскі, а лес навокал стварае натуральны вечназялёны фон комплексу. У канцы пешы маршрут ці адмысловая «вуліца» выводзіць да плошчы, на якой устаноўлена некалькі кампазіцый.

На плошчы пакладзеныя на пахавальныя пліты манумента сучасныя дзіцячыя цацкі пакідаюць незабыўнае ўражанне. Прымушаюць асэнсаваць і навечна пакінуць у памяці — у Але абарваліся жыцці 950 дзяцей.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Ганны ПАШЧАНКІ

Выбар рэдакцыі

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба.