Вы тут

Раман Галоўчанка агучыў прыярытэты ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве»


Пра гэта заявіў па выніках саміта «Усходняга партнёрства» прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-членаў ініцыятывы адбылася сёння ў фармаце відэаканферэнцыі.


Асноўную ўвагу на саміце надалі пераадоленню наступстваў пандэміі. Раман Галоўчанка выказаў падзяку Еўрапейскаму саюзу за дапамогу намаганням Беларусі ў барацьбе з вірусам.

«Мы падзяляем ключавыя падыходы Еўрапейскага саюза да прынцыпаў «Усходняга партнёрства» і гэтыя прынцыпы, па нашым меркаванні, павінны базіравацца на аснове дыферэнцыяцыі і сумеснага кіравання, — адзначыў беларускі прэм’ер. — Мы зыходзім з таго, што краіны «Усходняга партнёрства» павінны самі выдзяляць тыя праекты, якія прадстаўляюць для іх інтарэс».

Па словах Рамана Галоўчанкі, індывідуальны падыход да супрацоўніцтва не павінен прыводзіць да шматхуткаснага «Усходняга партнёрства».

«Неабходна захаваць арыентацыю ініцыятывы на ўзаемавыгадную рэгіянальную эканамічную інтэграцыю з адчувальнымі вынікамі для простых грамадзян», — дадаў ён.

Прэм’ер-міністр назваў прыярытэтныя  для нашай краіны кірункі ўзаемадзеяння з ЕС — супрацоўніцтва ў развіцці інфраструктуры транс’еўрапейскіх транспартных калідораў, выкараненне вузкіх месцаў на граніцы Еўрасаюза з краінамі-ўдзельніцамі ініцыятывы і дыверсіфікацыю маршрутаў паставак энерганосьбітаў.

«На наш погляд, важна прасоўваць выкарыстанне аднаўляемай энергетыкі і тых тэхналогій, якія маюць на ўвазе нізкі ўзровень выкідаў у атмасферу. Напрыклад, як электратранспарт», — канстатаваў Раман Галоўчанка.

Падчас выступлення на саміце старшыня Саўміна агучыў факт, што хуткі запуск Беларускай атамнай электрастанцыі дазволіць нарасціць выкарыстанне чыстай электраэнергіі і надасць магутны імпульс пераходу да нізкавуглероднай эканомікі. Гэта ў сваю чаргу прывядзе да дасягнення мэтаў пагаднення па клімаце.

«Беларусь адкрыта да дыялогу па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы. Мы гатовы да канструктыўнага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам у гэтай сферы. Беларусі няма чаго хаваць у гэтым кантэксце», — выказаў думку кіраўнік урада.

Раман Галоўчанка ў размове з калегамі пацвердзіў выказаную раней ініцыятыву нашай краіны прыняць восенню ў Мінску мерапрыемствы «Усходняга партнёрства» высокага ўзроўню.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.