Вы тут

Чым адметны спектакль «ШкiлеТЫ» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра


Ён глядзiць у тэлефон, iмкнецца кантраляваць сiтуацыю. Яна ўпэўненая, што яго турбуюць з работы. Яны шчаслiвыя. Пакуль яна ўсё ж не выхапiла прыладу i не прачытала паведамленне. Ён iмкнецца апраўдацца. Цi атрымаецца?


Зразумелая сiтуацыя, фактычна, навокал можна назiраць, як людзi лiтаральна «сядзяць» у сваiх смартфонах, нават прытым, што побач знаходзiцца хтосьцi з блiзкiх. Але ў вiртуальным свеце побач з табой адначасова могуць быць iншыя людзi, кантакт з якiмi захапляе нават больш, чым з тым, каго даўно i добра ведаеш. Да чаго гэта можа прывесцi, паказалi ўдзельнiкi спектакля «ШкiлеТЫ» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Героi, якiя даўно знаёмыя i сябруюць сем'ямi: Гана (актрыса Аляксандра Змiтровiч) i Вiктар (акцёр Дзянiс Маiсейчык), Карына (Таццяна Новiк) i Юрый (ролю выконваў Гарык Вепшкоўскi, якi заўчасна пакiнуў гэты свет), Ларыса (Вольга Роiк) i Вiктар (Андрэй Гладкi), Антон (Аляксандр Корнеў) i Глаша, яго новае каханне, якое ён павiнен усiм прадставiць. Сустрэча, задуманая для прыемных зносiн i разняволення, абарочваецца выкрываннем патаемных бакоў жыцця кожнага з герояў. За весялосцю гiсторыi паступова праступае яе рэальны твар, скрыўлены глыбокiмi драмамi.

Гэта адна з чаканых прэм'ер сезона, разлiчаная на актыўнага гледача, якога запрашаюць да прамой размовы i абмеркавання шэрагу пытанняў, што некага (а можа i ўсiх) павiнны зачапiць. Для гэтага прыдатныя ўмовы: Малая зала, у якой iграюць артысты, дзе фактычна няма адлегласцi ад сцэны.

Пры гэтым самi ўдзельнiкi спектакля спускаюцца ў залу i звяртаюцца да прысутных у спробах разабрацца ў сiтуацыях. I публiка iдзе на кантакт, як паказала практыка першых паказаў. Гледачы гатовыя да таго, што тэатр можа iснаваць у актыўнай форме: не проста iлюстраваць жыццёвыя праблемы i задаваць пытаннi са сцэны, а прапаноўваць шукаць адказы разам праз абмеркаванне лiтаральна падчас паказу. Спектакль-iнтэрактыў — вызначыў форму Аляксей Шутаў, якi выступiў рэжысёрам-пастаноўшчыкам. I прапанаваў людзям не быць маўклiвымi назiральнiкамi, а разважаць разам з героямi. Аказалася, публiка гатовая да прамога кантакту i не саромеецца выказвацца па кожнай з прапанаваных тэм.

Тым больш што ў спектаклi «ШкiлеТЫ» перад вачыма разгортваюцца чалавечыя драмы, i адсутнасць нябачнай сцяны, якая аддзяляе публiку ад сцэны, робiць кожнага датычным да чужых таямнiц. А гэта iнтрыгуе.

Як i сустрэча, на якую нас запрашаюць. У антыкафэ адбываецца выстаўка нейраграфiкi (мастак-пастаноўшчык Вольга Калабан упрыгожыла сцэну сваiмi работамi). Гэта мастацтва, якое iмкнецца зазiрнуць у глыбiнi чалавечай падсвядомасцi. Нездарма абраны такi фон: кожнаму з герояў, з якiмi мы тут сустрэнемся, неабходна разабрацца ў сабе. I было б добра iм гэта зрабiць своечасова, не зацягваючы ўласныя праблемы i комплексы, зразумеем мы. I адначасова даведаемся пра мастацтва, здольнае стаць выкiдам псiхiчнай энергii для кожнага.

Гаспадар антыкафэ (акцёр Яўген Лук'янаў) яшчэ да пачатку спектакля распавядае каб практыцы нейраграфiкi, прапануючы ўласнаручна дакрануцца да яе кожнаму, каго цiкавяць таямнiчыя «ШкiлеТЫ». Ён прапануе героям быццам бы бяскрыўдную гульню з прачытаннем уголас паведамленняў, што прыходзяць на мабiльны тэлефон.

Шкiлеты ў шафе мае кожны з герояў, якiх Аляксей Шутаў запрасiў у спектакль, уласна стварыўшы драматургiчны матэрыял паводле iтальянскага фiльма «Iдэальныя незнаёмцы». Вядома, калiзii фiльма як глеба для тэатральнай пастаноўкi патрабавалi дапрацоўкi з пралiчанай завязкай, кульмiнацыяй i дакладна прадуманымi i прастаўленымi сюжэтнымi паваротамi, бо тэатр патрабуе веры. Аднак рухавiком спектакля, якi для Шутава з'яўляецца дэбютам у рэжысуры, сталi не сюжэтныя калiзii, у якiх не стае тэатральнай дадуманасцi, а менавiта iнтэрактыўная форма, якой не можа прапанаваць фiльм. У гэтым плюс тэатральнай работы, якая вылучаецца сярод прапаноў мiнскiх рэпертуарных тэатраў неардынарнасцю. Пагадзiцеся, спектакль, якi можа быць адначасова сеансам псiхатэрапii, (паводле падыходу: «А цi не хацелi б вы пра гэта паразмаўляць?») — для нас навiнка.

Пра што размаўляць, падказваюць сюжэтныя лiнii i стасункi ў парах. Напрыклад, псiхолаг Ганна ўвесь час незадаволеная сабой i iмкнецца падправiць сваю знешнасць. Але хавае гэта ад мужа, пластычнага хiрурга. У яго свой погляд на прыгажосць. Ды наогул на ўсё — Вiктар размаўляе па-беларуску i лiчыць, што гэта натуральна i прыгожа. Давер да людзей i асаблiва да блiзкiх — таксама натуральна, як i адкрытыя стасункi бацькi з дачкой, якая не знаходзiць агульнай мовы з мамай. Цi не варта гэта ўсё абмеркаваць?

Не так проста ўсё ў сям'i Карыны i Юры: шмат гадоў сумеснага жыцця i жаданне кожнага з сужэнцаў пашукаць вострых пачуццяў дзесьцi па-за шлюбам: тэлефоны па-здраднiцку выдаюць кампраметуючыя кантакты з вiртульнага свету — а сёння ён прыцягвае кожнага сваiмi неабмежаванымi магчымасцямi, у тым лiку ў абуджэннi пачуццёвасцi. Iншае пытанне: цi мацуе гэта сям'ю? Вось прыклад яркiх пачуццяў — Вiктар i яго жонка Ларыса. Вочы гараць, абдымкi ды пацалункi не спыняюцца на зайздрасць сябрам. Шчасце... Яго можна не хаваць, калi iншыя гатовыя да твайго шчасця.

З гэтым не пашчасцiла Антону: насамрэч няма нiякай каханай Глашы, але Антон i не самотны. Ды для сяброў становiцца шокам яго выбар. Зразумець — значыць паспрабаваць улезцi ў скуру сябра, што адбываецца з Юрам, у якога на твары застаецца крывавы след сяброўства ды шмат пытанняў. Iгра Гарыка Вепшкоўскага i асаблiва яго натуральны выхад у iнтэрактыў былi сапраўднай удачай спектакля, што накладвае дадатковую адказнасць на акцёра, якi яго заменiць...

Пытаннi пра шчасце — заўсёды самыя абстрактныя i адначасова вельмi канкрэтныя. Сваё шчасце мы як правiла звязваем з дарагiмi людзьмi. Але цi значыць «даражыць» — «давяраць» цалкам i назаўсёды? Банальнае пытанне, здавалася б, з адназначна правiльным адказам. Не ўсё так проста: небанальнае вырашэнне адкрывае прысутным магчымасць быць самiмi сабой у тэатры, паглыбляючыся ў сцэнiчную гiсторыю, не забываць пра ўласнае «я». Пры ўсiм тым, што акцёры iмкнуцца выводзiць гледачоў на адкрыты дыялог, гiсторыя iдзе да лагiчнай кропкi са скразной думкай: цi можна кагосьцi ашчаслiвiць праз хлусню? Праўда бывае балючай, але яна дазваляе пазбегнуць незваротнай жыццёвай катастрофы, якую потым захавае гiсторыя паведамленняў у мабiльнай прыладзе.

Першыя паказы гэтага спектакля, што адбылiся вясной, выклiкалi небывалую цікавасць i аншлаг, прытым, што ў той час гледачы ўжо хадзiлi ў тэатр з асцярогай з-за пандэмii. Пасля ў тэатра некаторы час быў вымушаны перапынак. Цяпер установа працуе, iдуць рэпетыцыi новых спектакляў. I ёсць спадзяванне, што выбiраючы бiлеты ў тэатр летам, гледачы не забудуць пра нядаўнiя прэм'еры Маладзёжнага

Ларыса ЦIМОШЫК

Прэв’ю: bgmteatr.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.