Вы тут

Жыхары аграгарадка Семукачы Магілёўскага раёна ўшанавалі памяць загінулых


Строгая чырвоная зорка ў абрамленнi зялёных галiнак з яблыневымi кветкамi i дзве пурпурныя ружы на ўрачыстым гранiце. Вакол шмат маленькiх дрэўцаў, якiя праз некалькi гадоў падымуцца i зашумяць густымi кронамi над месцам памяцi ў гонар тых, хто ваяваў, загiнуў або выжыў у той цi iншай вайне ХХ стагоддзя — Першай сусветнай, Вялiкай Айчыннай, афганскай...


Зона адпачынку  ў Вялiкiх Бялевiчах.

Памятны знак з'явiўся ў цэнтры аграгарадка Семукачы Магiлёўскага раёна зусiм нядаўна — 29 мая. Але работа над iм вялася некалькi месяцаў. Насельнiцтва аграгарадка, а гэта каля 350 жыхароў, падтрымала iдэю старшынi Семукацкага сельсавета Тамары Укружскай. На мемарыял было сабрана 600 рублёў. Канешне, чагосьцi маштабнага на гэтыя грошы не зробiш, але хацелася, каб нават сцiплы знак памяцi кранаў, будзiў нешта ў сэрцы, нагадваў пра гераiчныя моманты нашай гiсторыi. Старшыня асабiста ўзяла працэс рэалiзацыi iдэi на сябе. Яе падтрымалi кiраўнiкi мясцовага дзiцячага сада-школы, камунальнай i сацыяльнай службаў, амбулаторыi. А пачалося ўсё з пасадкi дрэў. Сiмвалiчна, што першыя саджанцы былi пасаджаны сумеснымi намаганнямi школьнiкаў i людзей сталага ўзросту, бо для памяцi вельмi важна захаваць пераемнасць пакаленняў. У акцыi ўзялi ўдзел салiсты аматарскага калектыву «Галiнка бэзу» i навучэнцы дзiцячага сада-школы. Так з'явiлася сасновая алея, а ўжо праз месяц жыхары стварылi непадалёк яшчэ адну — з блакiтных елак у форме сiмвалiчнай лiчбы 75. Гэтыя елачкi роднай вёсцы прэзентаваў яе ўраджэнец Вадзiм Iўчын. Акрамя сосен i елак, тут былi таксама пасаджаны туi, клёны i каштаны. Туi, дарэчы, падарыла яшчэ адна ўраджэнка вёскi — Янiна Гаравая. Цяпер яна жыве ў Бялынiчах, але не забывае пра сваю малую радзiму. У пасадцы дрэў былi задзейнiчаны ўсе: насельнiцтва, работнiкi сельскага Савета, камунальнай гаспадаркi, сацыяльнай службы, школьнiкi, iх настаўнiкi — усе тыя, каго аб'яднала iдэя.

Чырвоная зорка на месцы памяцi таксама зроблена рукамi ўраджэнца аграгарадка.

— Мы доўга шукалi ў iнтэрнэце падыходзячы варыянт, пакуль не натрапiлi на зорку, — кажа Тамара Укружская. — Сталi звяртацца ў розныя фiрмы, каб нам яе зрабiлi, i аказалася, што сёння такiм наогул нiхто не займаецца. Добра, што ўспомнiлi пра нашага земляка — майстра па метале Мiкалая Сталярова, якi працуе ў Магiлёўскiм прафесiйным лiцэi № 2. Ён зрабiў тое, што мы жадалi, i за сваю работу не ўзяў нi капейкi. Заплацiлi толькi за матэрыял.

Сам майстар прызнаецца, што працаваў з натхненнем.

— Хацелася пакiнуць напамiн пра тое, што на гэтай зямлi няма нiчога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё. Таму няма i меж удзячнасцi тым, хто ваяваў, адстойваючы нашу будучыню, — адзначыў ён.

Яшчэ адзiн ураджэнец вёскi Генадзь Казакоў, якi цяпер узначальвае мiнскi завод ААТ «Агат — сiстэмы кiравання», таксама падтрымаў добрую справу, пералiчыўшы на яе некалькi сотняў беларускiх рублёў. У аграгарадку нiкога з яго родных не засталося, але ён заўсёды гатовы ўдзельнiчаць у жыццi населенага пункта, дзе нарадзiўся.

Дарэчы, кожная дэталь помнiка — гэта маленькая ахвяра, прычым не толькi жыхароў аграгарадка. Напрыклад, невялiкая гранiтная плiта ў аснове помнiка — гэта падарунак магiлёўскай рытуальнай фiрмы «Белгранiт». Напярэдаднi Дня Перамогi яе работнiкi рамантавалi помнiк на мясцовым воiнскiм пахаваннi, i старшыня сельсавета папрасiла дапамагчы з маленькiм кавалачкам гранiту для мемарыяла. Фiрма не толькi дапамагала, але яшчэ i надпiс зрабiла пазалочанымi лiтарамi: «У гонар удзельнiкаў войнаў ХХ стагоддзя, што абаранiлi жыццё».

Месца памяцi ў Семукачах аб'яднала ўсiх жыхароў.

Стараста аграгарадка Тамара Бельская згадвае, што людзi самi прыносiлi грошы, нiкога не даводзiлася ўгаворваць, шукаць.

— Практычна ўсё насельнiцтва адгукнулася, — сведчыць яна. — Прычым удзельнiчалi жыхары нават суседнiх вёсак — Смалярнi, Пушчы, Рога, Хiмнiцы. Некаторыя здаюць грошы i цяпер — кажуць, што не супраць, калi яны пойдуць на кветкi i вазоны. Гэта таксама важныя элементы мемарыяла.

Старшыня сельвыканкама Тамара Укружская пацвярджае, што каля памятнага месца хутка будуць размешчаны 15 вазонаў з кветкамi i пастаўлены лаўкi.

— Яшчэ нядаўна гэта была пустка, якую мы выкошвалi, — кажа яна. — Ужо зараз яе не пазнаць, а ў будучым гэтае месца стане цэнтральным у аграгарадку для адпачынку.

Сёлета сельсавет атрымаў другую прэмiю ў спаборнiцтве сярод органаў мясцовага самакiравання. Купленыя на гэтыя грошы каруселi таксама прапiсалiся непадалёк ад будучага парку.

Прыгажосць наводзiцца i ў iншых вёсках сельсавета. У тых жа Вялiкiх Бялевiчах жыхары сабралi на добраўпарадкаванне 800 рублёў. Нядаўна яны пад кiраўнiцтвам мясцовага фермера Уладзiмiра Укружскага нават «Амкадор» з драўляных дэталяў сабралi. Цяпер гэта галоўная мясцовая славутасць i любiмае месца гульнi для дзятвы.

— Усе гэтыя сумесныя справы яднаюць людзей, вучаць паважаць адно аднаго, не забываць сваiх продкаў i натхняць сваiмi прыкладамi дзяцей, — лiчыць Тамара Укружская.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва Семукацкага сельсавета

Загаловак у газеце: Людзей аб'яднала памяць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.