Вы тут

Расiйскi бiзнесмен пабудаваў у родных мясцiнах турыстычную вёску


Клятное хаваецца ў адным з куточкаў Белавежскай пушчы, праўда, недалёка ад аб'язной дарогi вакол Нацыянальнага парку. I сёння, напэўна, вёска папоўнiла б шэрагi неперспектыўных населеных пунктаў, каб не яе ўраджэнец i тутэйшая славутасць Мiкалай Бурнас. Менавiта ён надаў новае жыццё роднай палескай вёсцы, якая згадваецца ў летапiсах з 1610 года.


Калi мары збываюцца

Ва ўсiх трох апошнiх войнах вёска была ўшчэнт спаленая — пры нашэсцi Напалеона, у Першую i Другую сусветную. I кожны раз адраджалася з попелу i небыцця. А ўсяго толькi лапiк зямлi сярод балот i лясоў! Каля двухсот жыхароў тут налiчвалася ў 1957 годзе, калi нарадзiўся Коля Бурнас, якi пазней адыграе гiстарычную ролю ў бiяграфii вёскi.

Гэты звычайны хлопчык Коля вельмi ж палюбiў сваю мясцiну. Яшчэ ў 2011 годзе падчас урачыстага адкрыцця турыстычнага аб'екта Мiкалай Аляксеевiч здзiвiў журналiстаў, калi сказаў, што такую вёску ён бачыў у марах, калi падлеткам тут пасвiў кароў. Мабыць, тая самая мара i натхнiла хлопчыка на ўсё, што адбылося з iм пазней. А пазней ён скончыў школу i мараходнае вучылiшча, прайшоў Цiхi, Iндыйскi, Атлантычны, Паўночны Ледавiты акiяны на падводным караблi... Затым распачаў свой бiзнес, разбагацеў i аднойчы вярнуўся ў родную вёску, каб адрадзiць яе, даць новае жыццё.

Мiкалай Бурнас мае асноўны бiзнес i жыве ў Санкт-Пецярбургу. У адным з тамтэйшых выдавецтваў убачыла свет кнiга яго ўспамiнаў. Сваё дзяцiнства аўтар згадвае найперш як мару пра чыстую, дагледжаную вёску, дзе людзi жывуць у дастатку, у добрых i прасторных дамах, усе прыязна размаўляюць адно з адным, таму што знiклi зайздрасць i злосць. Вось такiм, аказваецца, быў рамантыкам, будучы адважны марак ды паспяховы i прагматычны прадпрымальнiк. А яшчэ слова «паляшук» ён у сваёй кнiзе тлумачыць выразам — поле шукаць.

Турыстычная вёска

Сваё поле ён не шукаў, на iм нарадзiўся. На iм пабудаваў агратурыстычны комплекс. Работы пачалiся акурат дзесяць гадоў таму. Найперш у вёску правялi газ, праклалi сеткi водаправода i каналiзацыi. Затым правялi маштабнае добраўпарадкаванне тэрыторыi, з'явiлiся штучныя вадаёмы. На вачах выраслi першыя восем гасцявых домiкаў зручнай планiроўкi, гасцiнiца на
36 месцаў для VIP-персон, спартыўны комплекс. Адны з першых у тых домiках гасцявалi турысты з далёкiх Арабскiх Эмiратаў. Сапраўды, жыць у такiх апартаментах, трэба думаць, прыемна. Домiк разлiчаны на адпачынак сям'i або невялiкай кампанii. Усё прадумана да дробязяў, нават стол i крэслы, якiя выходзяць на возера, зроблены ў вясковым стылi i нагадваюць звычайны воз. Пах жывога дрэва спалучаецца з арыгiнальным дызайнам абстаноўкi, сюды дадаюцца самыя сучасныя выгоды: спадарожнiкавае тэлебачанне, хуткасны iнтэрнэт i яшчэ шмат мiлых дэталяў, што прываблiваюць турыста.

Ёсць у турыстычнай вёсцы рэстаран, лазня, саўна. Ёсць падсобная гаспадарка для забеспячэння рэстарана экалагiчна чыстай прадукцыяй. Узведзены спартыўны комплекс. Апошнi — не проста спартзала з трэнажорамi ды iншым стандартным наборам: тут зроблены памяшканнi для гульнявых вiдаў спорту, у якiх можна праводзiць сур'ёзныя спаборнiцтвы.

I, можа, самае галоўнае, што знойдзе падарожнiк, — раскошная прырода, подых цiшынi i спакою. На ўсе лады спяваюць птушкi. Вялiкi штучны вадаём упрыгожаны выгнутымi масткамi. А з невялiкай цаглянай вежы, стылiзаванай пад даўнiну, добра праглядваюцца ваколiца ды ўдалае архiтэктурнае вырашэнне самой турыстычнай вёскi. На гары стаiць вятрак, але насамрэч гэта сучасная мiнiэлектрастанцыя на сонечных батарэях. Ну, а хто хоча лепш пазнаёмiцца з пушчанскай прыродай, можа прайсцiся па экалагiчнай сцяжыне ў гiдралагiчным заказнiку «Дзiкое». Менавiта тут пачынаецца адно з найбуйнейшых у Еўропе балот, якое да гэтай пары захавалася ў некранутым выглядзе. У тутэйшых прыгажэнных мясцiнах мноства раслiн-чырванакнiжнiкаў, розных рэдкiх птушак, накшталт вяртлявай чаротаўкi. На 16-кiламетровай сцяжыне, калi пашанцуе, сустрэнецца i значна большы за птушку цi зайца насельнiк пушчы. Ды i сам балотны пейзаж варты таго, каб яго ўбачыць. Тут ёсць такiя астравы, да якiх у вайну баялiся падступiцца немцы, i да гэтай пары засталiся партызанскiя зямлянкi.

Для турыстаў тут прадугледжана многа забаўлянак. А для сябе прадпрымальнiк узвёў дыхтоўны дом, бо любiць прыязджаць i адпачываць на малой радзiме. А вось мацi яго Вера Мiкалаеўна не захацела пераходзiць у сынавы харомы i засталася ў сваёй хаце. Бацькоўскi дом сын таксама адрамантаваў i мадэрнiзаваў.

Падарункi маме

Мiкалая Бурнаса адрознiвае асаблiвае, трапятлiвае стаўленне да матулi, якая, дарэчы, па стане здароўя нядаўна перабралася да сына ў Пiцер. А тады, у 2011 годзе, урачыстае адкрыццё агратурыстычнага комплексу ён прымеркаваў да 14 чэрвеня — дня нараджэння мамы. Калi мацi стала цяжкавата наведваць царкву ў суседнiм Сухопалi, было прынята рашэнне... узвесцi храм у Клятным. I ў 2016 годзе быў асвечаны храм у гонар святых мучанiц Веры, Надзеi, Любовi i мацi iх Сафii.

Ён уяўляе сабой копiю вядомай Цiхвiнскай каплiцы ў агароджы Андрэеўскага сабора Кранштата, дзе больш за 50 гадоў служыў вялiкi святы Iаан Кранштацкi. Ён не падобны на iншыя храмы Пружаншчыны. Вялiкi сферычны купал з крыжам над цэнтральным аб'ёмам i дзве пары iанiчных паўкалон на высокiм п'едэстале нагадваюць традыцыi праваслаўнага Паўночнага краю. Будавалi на вякi: храм i званiцу пакрылi асаблiвай меддзю, якая праз 70 гадоў павiнна атрымаць высакародны бронзавы адлiў. Манументальная надбрамная шмат'ярусная званiца мае вышыню 33 метры (па лiку зямных гадоў Хрыста).

Унутры царква ўпрыгожана ажурнай пазалочанай лепкай. Усе iконы для яе напiсаны санкт-пецярбургскiмi майстрамi. Сем званоў рознай велiчынi вырабiлi ў Варонежы. Цяпер гэтыя званы перыядычна абвяшчаюць ваколiцам пра набажэнства i нагадваюць пра фундатара тутэйшых мясцiн.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Пружанскi раён

Загаловак у газеце: Чацвёртае адраджэнне Клятнога

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.