Вы тут

Сшытак са звесткамі пра 200 ваеннапалонных знойдзены на тэрыторыі былога канцлагера


Сёння спаўняецца 79 год ад таго, як на тэрыторыю Беларусі прыйшла самая разбуральная ў яе гісторыі вайна. І зараз наша зямля хавае шмат напамінаў пра тыя падзеі. Дагэтуль знаходзяцца астанкі салдат і мірных жыхароў. А яшчэ трэба высветліць, менавіта каму яны належаць. І праца гэтая складаная. Падрабязней пра гэта распавёў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Сяргей Варановіч.


За 2019 год палявыя работы праведзены на 117 пошукавых аб’ектах. Прычым першапачатковая колькасць такіх аб’ектаў планавалася прыкметна меншай. Як вынік — мясцовым выканаўчым і распарадчым органам для наступнага перапахавання былі перададзены парэшткі амаль двух тысяч вайскоўцаў і ахвяр вайны, знойдзена 6 узнагарод, 25 медальёнаў, 10 адзінак зброі, 989 узрыванебяспечных прадметаў. Былі высветлены звесткі пра 122 чалавек, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Самымі буйнымі аказаліся пазапланавыя працы ў Брэсце. Там знойдзены астанкі больш за тысячу вязняў гета. Па ўсходзе краіны пошукавікі дасталі з зямлі парэшткі соцень салдат. Сярод іншага, чакалі іх і незвычайныя знаходкі.

У гэтым годзе ў Добрушы праводзіліся земляныя працы. Падчас іх былі знойдзены чалавечыя парэшткі. Мяркуецца, што яны належаць загінуламу італьянскаму салдату. Справа ў тым, што ў падвале будынку, побач з якім знайшлі астанкі, аказаліся гранаты і вінтоўка — меркавана, італьянскай вытворчасці. Падчас вайны ў гэтым будынку размяшчаўся нямецкі штаб.

Усе нашы знаходкі мы перадалі ў Следчы камітэт. Яны пройдуць праз усе неабходныя экспертызы. Калі наша версія пацвердзіцца, што астанкі належаць італьянскаму вайскоўцу, Міністэрства абароны праінфармуе пасольства Італіі, — адзначыў Сяргей Варановіч.

Акрамя таго, месяц таму нечаканая знаходка адбылася на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Падчас прац з зямлі былі падняты парэшткі польскага вайскоўца. Загінуў ён у 1939 годзе. У гэты час праводзіцца экспертыза. Па яе выніках стане зразумела, што далей рабіць з парэшткамі.

Ужо пачаліся пошукавыя працы ў Мінску, на месцы знойдзенага вайсковага пахавання «Шталаг-352», — працягвае Сяргей Варановіч. — Мы знайшлі парэшткі 81 чалавека, пры васьмі з іх былі медальёны. Але ўкладышы былі толькі ў двух. Іх уладальнікаў і ўдалося ідэнтыфікаваць. Адзін з іх — Іван Анісімаў, 1912 года нараджэння, выхадзец з адной з вёсак Пскоўскага раёна. Яго сваякі пакуль устанаўліваюцца. А вось родных другога вайскоўца адшукаць удалося. Гэта быў Павел Трошын 1909 года нараджэння, які паходзіў з Саратаўскай вобласці. Яго сваякі пражываюць у Саратаве і Санкт-Пецярбургу.

Амаль праз восем дзясяткаў год раскрывае свае таямніцы яшчэ адзін канцлагер — «Шталаг-354», які месціўся паблізу сучаснага Наваполацка. Падчас рамонту старога будынка рабочыя натрапілі на сшытак, у якім вёў запісы адзін з медыкаў санітарнай часці. Там занатавана шмат звестак пра ваеннапалонных — прозвішчы, гады нараджэння, званні вайскоўцаў, адрасы па якіх яны пражывалі да вайны, нацыянальнасць, а таксама дыягназы, з якімі вязні траплялі ў шпіталь, часы прыбыцця, выбыцця, і даты смерці. Усяго там знойдзена інфармацыя пра дзвесце чалавек. Мяркуецца, што гэты сшытак вёў Сцяпан Васільевіч Бяляеў, які сустрэў вайну камандзірам аперацыйна-перавязачнага ўзвода 215-га медыцынскага санітарнага батальёна 166-й Сібірскай стралковай дывізіі. Падчас акружэння Бяляеў разам з абозам медсанбата і раненымі патрапіў у палон. У далейшым яму ўдалося здзейсніць пабег са шталага, ён пайшоў у партызаны, а пасля зноў служыў у дзеючай арміі. 

Дзякуючы гэтаму сшытку ўжо ўдалося высветліць імёны 39 ваеннапалонных, што загінулі ў лагеры. Раней яны лічыліся зніклымі без вестак. Дакументы аб разглядзе пытанняў аб ушанаванні памяці накіраваны ў Наваполацкі гарадскі выканаўчы камітэт. 

Добрая навіна прагучала для тых, хто спрабуе адшукаць інфармацыю пра сваіх родных і блізкіх, якія не вярнуліся дадому з вайны. На сайце Міністэрства абароны ўжо працуе тэставая версія аўтыматызаванага банка дадзеных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь». Праграмны комплекс яшчэ чакае некаторай дапрацоўкі, пасля чаго шукаць звесткі можна будзе пры дапамозе запыту па прозвішчы або пра месца пахавання вайскоўца.

Разам з тым ваенным пошукавікам моцна перашкаджаюць працаваць так званыя «чорныя капальнікі». Вочна яны не перасякаюцца. Аднак раённыя выканкамы і мясцовыя жыхары часам паведамляюць, што на мясцовасці былі праведзены раскопкі невядома кім. Калі ж пошукавікі прыязджаюць на месца, дзе ўжо пашчыравалі нелегалы — аказваецца, што парэшткі знайсці можна, але вось ідэнтыфікаваць, каму яны належаць, ужо немагчыма.

Няма спадарожных знаходак, могуць быць ускрыты медальёны. Вядома, гэта кашчунства,. Пэўна, «чорныя капальнікі» на гэтым нажываюцца. Таму што для іх цікавасць — узнагароды, медалі, нейкія цікавыя артэфакты, — лічыць Сяргей Варановіч.

Агулам на дзяржаўны ўлік з пачатку года прынята 46 пахаванняў загінулых падчас войнаў. Цяпер іх там значыцца амаль 8 тысяч. Апошні спачын у іх знайшлі больш за 2 мільёны чалавек. Але высветліць звесткі ўдалося толькі пра 528 тысяч. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Прэв'ю: ntv.ru

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.