Вы тут

Жыровічы. Сэрца Беларусі


Тут па-асабліваму ідзе час: не так спешна, не так шалёна, як у калаўроце гарадскіх будняў. І Божая Маці, чый абраз з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю Жыровічаў, чуе ўсіх, хто прыходзіць да яе з верай. Ацаляе хворых і суцяшае пакутных. Бо хіба ішла б па свеце слава аб цудах, якія адбыліся на зямлі Жыровіцкай, хіба вярталіся б сюды з удзячнасцю тыя, хто атрымаў па веры сваёй?


Фота Дзмітрыя Ласько. Прадастаўлена выдавецтвам «Беларусь».

Жыровічы называюць сэрцам Беларусі. Штогод тут сустракаюць тысячы паломнікаў, якія жадаюць воддаль ад гарадскога тлуму дакрануцца да вечнага, духоўных першавытокаў, пабыць сам-насам з Богам і, спавядаўшыся, папрасіць Яго аб дараванні грахоў, памаліцца пра самае запаветнае. Хтосьці прыязджае натхнёны далучэннем да Бога, але большасць вязе сюды свой боль, смутак, апошнюю надзею…

Адзін з галоўных асяродкаў праваслаўя ў Беларусі і найбуйнейшых у краіне архітэктурных ансамбляў XVII—XVIII стагоддзяў нядаўна адзначыў аж тры знакавыя для гісторыі веры на айчынных землях даты: 550-годдзе з’яўлення Жыровіцкага абраза Божай Маці, які шануецца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі і ўважаецца як цудатворны і праваслаўнымі, і каталікамі, 500-годдзе яго паўторнага з’яўлення і 500-годдзе заснавання Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра

З гісторыі

А пачыналася ўсё са з’яўлення маленькага абраза Божай Маці, які сёння ўваходзіць у сотню самых шанаваных святынь праваслаўя. Падлеткі, якія пасвілі гаспадарскі статак, зайшлі далёка ў лес і там, у гушчары, сярод галін дзікай грушы, убачылі ззянне... З заміраннем сэрца знялі яны цудоўны абраз і аднеслі ў дом Солтана, паведаміўшы, пры якіх незвычайных абставінах была знойдзена святыня.

Але гаспадар не надаў расповеду асаблівай увагі, паклаў абраз у куфэрак ды й забыўся на яго. А ўвечары вырашыў пахваліцца знаходкай перад гасцямі, адчыніў куфэрак, а там — пуста!

Пастухі ж назаўтра ізноў падаліся да той самай грушы. Гісторыя дакладна паўтарылася. Як і папярэдне, яны аднеслі абразок гаспадару. Той урэшце зразумеў: гэта ж цуд Гасподні! Ды сам выправіўся да лясной грушы. Памаліўшыся, Солтан даў зарок пабудаваць на месцы з’яўлення абраза храм у гонар Прасвятой Багародзіцы. У хуткім часе там паўстала драўляная царква, а вестка пра з’яўленне абраза Божай Маці хутка разышлася па ваколіцах, прывабліваючы мноства багамольцаў для пакланення. Шмат хто заставаўся тут жыць: адны стваралі сем’і, іншыя прысвячалі сябе служэнню Богу.

Фота з сайта zhirovichi-monastery.by

Каля 1520 года здарылася бяда: пажар знішчыў амаль усё пасяленне, у тым ліку і царкву. Засталася адна царкоўная школа. Не ўдалося адшукаць і цудатворны абраз. Думалі, страцілі назаўжды.

Аднак цуд Гасподні не трымаецца межаў магчымага, вызначаных розумам чалавека... Аднойчы, пасля заняткаў у школе, вучні пайшлі на найбліжэйшую горку. На вялікім камені ўбачылі Багародзіцу ў нябесным ззянні. У руках яе быў абраз, які дарэмна шукалі на пажарышчы. Шчаслівыя дзеці прыбеглі ў пасяленне і пра ўсё распавялі дарослым. Свяшчэннік ды іншы народ паспяшаліся да ўказанага месца, дзе і знайшлі на камені цудатворны абраз. Гэтая падзея ўважаецца за другое з’яўленне Жыровіцкага абраза Божай Маці. А камень, дзе яго знайшлі, абгарадзілі. На месцы драўлянага храма пабудавалі новы, куды і змясцілі святыню. Унук Солтана Іван Аляксандравіч пачаў будаваць вялікую каменную царкву. Завяршылася будаўніцтва толькі ў пачатку XVII стагоддзя. Прастол асвяцілі ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Цяпер гэты храм у Жыровіцкім комплексе называецца Яўленскім.

Тады, на пачатку XVII стагоддзя, абіцель пачалі засяляць уніяты. Але і ў іх цудатворны абраз заставаўся галоўнай святыняй. Шанаванне яго дасягнула апагею, калі ў 1726 годзе пастановай папскага капітула здзейснілі абрад каранавання Ісуса і Багародзіцы залатымі каронамі.

У 1810 годзе на тэрыторыю Жыровіцкага манастыра было перанесена епархіяльнае ўпраўленне, якое раней знаходзілася ў Навагрудку. Успенскі сабор Сэрца Беларусі (галоўны ў комплексе) стаў кафедральным. Да таго ж часу адносіцца і заснаванне ў манастыры духоўнай семінарыі. Абіцель стала галоўным асяродкам праваслаўя на беларускіх землях.

Падчас Першай сусветнай вайны манастырская маёмасць, а таксама цудатворны абраз вывезлі ў Маскву, а манастырскі архіў — у Новарасійск. Немцы занялі памяшканні пад казармы, пасеклі на дровы іканастас... Але мінулі змрочныя часы, абраз Божай Маці вярнуўся на сваё месца: архімандрыт Ціхан прывёз яго ў слоіку з варэннем... Нягледзячы на нялёгкія выпрабаванні і грамадзянскай, і дзвюх сусветных войн, абіцель выстаяла. Маці Божая па-ранейшаму знаходзіцца ў Жыровічах.

Абраз Маці Божай Жыровіцкай. Фота з сайта zhirovichi-monastery.by

Выяўленая на граніце, велічынёй усяго некалькі сантыметраў, апаленая пажарам, ледзь трэснутая ад агню і часу, Багародзіца па-ранейшаму прыціскае да грудзей Немаўлятка. І  моліць Сына свайго і Госпада Бога за ўсю Беларусь, перакананы вернікі...

З верай і надзеяй

З моманту з’яўлення цудатворнага абраза Божай Маці і да цяперашняга часу народ верыць, што праз выяву Багародзіцы можна атрымаць жыватворную дапамогу і ацаленне нават у самых цяжкіх выпадках. Многія з іх на працягу стагоддзяў фіксаваліся ў летапісах, іншыя перадаваліся з вуснаў у вусны.

Так, адна з першых занатаваных з’яў міласэрнасці Царыцы Нябеснай датуецца XVI стагоддзем. Ірына Вайнянка, адзіная дачка багатых бацькоў, у маладым веку пакутавала на невылечную хваробу. Ніхто не мог ёй дапамагчы, і тады яна сама з непахіснай верай звярнулася да Божай Маці Жыровіцкай. Хворая ўбачыла Багародзіцу ўва сне. Святая Дзева загадала ёй адправіцца ў Жыровічы. У Ірыны тым часам адняліся і рукі, і ногі. Бацькам самім давялося везці дачку, якая ўжо была на смяротным ложы, у абіцель. Але не паспелі: у дарозе Ірына памерла. Што ім заставалася, як не працягваць свой шлях, але ўжо з іншай мэтай: каб хаця б пахаваць дачку там, дзе яна жадала апынуцца...

Калі ж праводзілі абрад пахавання, памерлая раптоўна ўзнялася з труны і паспяшалася да цудатворнага абраза... Потым распавяла, што Маці Божая дакранулася да яе рук, ног, галавы і загадала, каб рэшту жыцця дзяўчына прысвяціла служэнню Богу ў сане інакіні. Уваскрэслая пастрыглася ў Пінскім манастыры святой Варвары, дзе 10 сакавіка 1580 года граматай караля Стэфана Баторыя была прызначана ігуменняй.

Не пералічыць усіх цудаў, якія адбыліся пазней: сляпыя станавіліся відушчымі, смяротнахворыя вылечваліся, ацаляліся вар’яты; тыя, хто тварыў кашчунствы, раптоўна ўцямлівалі, што яны робяць; у сем’ях, якія доўгі час заставаліся бяздзетнымі, нараджаліся дзеці; вярталіся скрадзеныя рэчы...

Інакш чым цудам не назавеш і тое, што адбылося з Алегам Бембелем, вядомым у  літаратурным свеце пад псеўданімам Зьніч. Прадстаўнік «залатой моладзі», сын вядомага архітэктара, народнага мастака Беларусі Андрэя Бембеля прыйшоў да веры ў тыя часы, калі ў Савецкім Саюзе шырока прапагандаваўся атэізм. Цяжкахворы, ён прыехаў у Жыровіцкі манастыр... паміраць.

— Дактары мне сказалі: «Мы зрабілі ўсё, што маглі, цяпер толькі на Бога спадзявайся», — распавядаў карэспандэнту «ЛіМа» манах Іаан (так яго цяпер завуць у абіцелі). — Папрасіў паслушанне. Рабіў тое, што мог. Але на працягу паўгода мне станавілася ўсё горш. Да Вадохрышча ўжо ледзь хадзіў. І вось надыходзіць свята. Ледзь даплёўся да купелі... Пачакаў, пакуль акунуцца ўсе, каб не замінаць, не выклікаць на сябе ўвагу. І з малітвай тры разы апусціўся ў ваду... Наступнай раніцай сябры па келлі сказалі: «Упершыню ты не замінаў нам спаць сваімі стогнамі...»

З таго часу здароўе паслушніка Алега (як тады звярталіся да нядаўняга гараджаніна) пачало паляпшацца. Апісаннем выпадку яго шчаслівага ацалення пачынаецца тоўстая кніга запісаў аб цудах, здзейсненых па малітвах Жыровіцкай Божай Маці... Пад расповедамі аб сваіх патрэбах, просьбах да Бога і  спраўджаных надзеях людзі пакідаюць імёны і прозвішчы — кожны Фама няверуючы можа пераканацца ў праўдзівасці таго, што адбылося.

А хіба не цуд тое, што сёлета пабачыла свет кніга паэзіі Зьніча?

— Ніякіх захадаў не рабіў, каб выдаць гэты зборнік. Але летась ад выдавецтва паступіла прапанова сабраць вершы, што і было зроблена, — згадвае паэт.

Яўленская царква Жыровіцкага манастырскага комплексу. Фота з сайта zhirovichi-monastery.by

У выданне «Святло з Жыровіч» увайшла духоўная паэзія. Матывы асэнсавання лёсу чалавека і чалавецтва, гісторыі грамадства і краіны, цуд судакранання Бога і душы, яе шлях да Творцы, патрыятычны пафас — усё знайшло адлюстраванне пад вокладкай кнігі. І гэта не сухія рытарычныя філасофскія разважанні, а напоўненыя жыццём метафары:

...Хрысце!..

...Цябе і аплявалі... і распялі...

...і я — як распінацелі Твае —

чаду Твайму,

што тут — са мной — жыве,

— цвіком — па сэрцы —

крэмзаю скрыжалі...

Але не толькі боскі бок душы гаворыць у вершах Зьніча. Тое, што заўжды было і будзе ўласціва чалавеку: яго маленькія радасці і смутак, надзеі і расчараванні таксама знайшлі сваё месца ў зборнічку, увасобіўшыся ў адметныя вобразы, яркія, маляўнічыя, калі адразу бачыш карцінку:

...маланка — бляскам

сведчыць аб сабе...

каханне — полымем,

што сэрца поўніць...

туга, калі кахаюць не цябе, —

паўней ад хмары у мігценні поўні...

У людзей, далёкіх ад царквы, зазвычай манастырскі ўклад жыцця, правілы, якіх абавязаны прытрымлівацца насельнікі, асацыіруюцца з суровасцю, строгасцю, нават пэўнай асуджанасцю. Бывае, што няма для бацькоў большага няшчасця, калі дзіця з юных гадоў прысвячае сябе служэнню Богу, прымае абрад пастрыжэння. Між тым нячаста можна сустрэць чалавека, шчаслівейшага за манаха Іаана. Ён знайшоў сваё прызванне ў сценах храма, заўжды энергічны, мэтанакіраваны, нягледзячы на свой немалады ўзрост (летась адзначыў 80-гадовы юбілей), займаецца пры манастыры выдавецкай справай. Умее і пажартаваць, і натхніць добрым словам на добрыя справы...

...У манастырскай абіцелі жыццё віруе. Манахі і паслушнікі не толькі праводзяць час у малітвах, але і выконваюць шмат працы па гаспадарцы, сустракаюць паломнікаў, праводзяць для іх экскурсіі па Жыровіцкім комплексе. І пасля судакранання са святлом гэтага месца адчуваеш сябе абноўленым, акрыленым, поўным сіл...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».