Вы тут

Як не страцiць здароўе, працуючы на ўласных сотках


Каб сад i агарод радавалi, даводзiцца нямала папрацаваць. Але, на жаль, у людзей пажылога ўзросту ёсць вялiкая рызыка не разлiчыць свае сiлы, i нанесцi шкоду здароўю. Як сябе паводзiць, каб радасць ад вялiкага ўраджаю не была сапсавана болем у суставах, высокiм цiскам i iншымi непрыемнымi наступствамi садова-агародных работ, i як дапамагчы свайму арганiзму вытрымаць нагрузкi, расказала ўрач-гiгiенiст, загадчык аддзялення гiгiены працы Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Алена СМIРНОВА.


— Перш чым прыступiць да работы, варта разагрэць суставы, таму неабходна зрабiць размiнку. Павялiчваць нагрузку на арганiзм трэба паступова, нi ў якiм разе нельга адразу, за пару выхадных, перарабiць усе справы, якiя назапасiлiся ў садзе i агародзе, — кажа спецыялiст. — Важна дазiраваць нагрузку. Нават маладым людзям, не кажучы пра людзей сярэдняга ўзросту i тым больш пенсiянераў, патрабуецца адаптацыя да дачных умоў.

Як меней стамляцца падчас работы ў агародзе?

Каб работа не нагадвала пра сябе болем ва ўсiм целе цi асобных яго частках некалькi дзён пасля, медык раiць набыць невялiкi ўслончык, каб працаваць у больш зручнай позе — на каленях цi седзячы. Працаваць лепш ранiцай да 11 гадзiн i ўвечары пасля 16. Па-першае, пажылым людзям патрабуецца адпачынак, каб аднавiць сiлы. Па-другое, у пiк сонечнай актыўнасцi лепш паберагчыся.

Экiпiравацца пажадана ў кашулю з доўгiмi рукавамi i штаны. Яны будуць ахоўваць скуру ад ультрафiялету i пякучага пустазелля. Акрамя таго, не трэба забываць пра галаўны ўбор i сонцаахоўныя акуляры.

Важна сачыць i за станам здароўя

— Лекi, якiя вы прымаеце заўсёды, асаблiва ад астмы, сардэчнага прыступу, цiску, алергii на ўкусы пчол, павiнны заўсёды знаходзiцца пры вас, а не ў доме цi ў кiшэнях адзення, кiнутага на iншым канцы агарода, — папярэджвае ўрач.

Рэкамендуецца як мага часцей мяняць вiд работ. Пасля праполкi адной градкi палiце раслiны цi выканайце iншую работу. Галоўнае — змянiце позу i не дайце суставам «заблакавацца» ў адным становiшчы надоўга. Каб зняць напружанне, прайдзiцеся па траве басанож. Травяны дыван стымулюе рэцэптары, размешчаныя на ступнях, аднаўляючы сiлы, умацоўваючы iмунiтэт i аздараўляючы ўвесь арганiзм.

Памятайце, што час ад часу варта адрывацца ад свайго занятку, каб зняць напружанне мышцаў, якiя працуюць, i задзейнiчаць тыя, якiя зацяклi ад бяздзеяння. Алена Смiрнова раiць зрабiць некалькi простых практыкаванняў на градцы. Станьце прама, ногi пастаўце разам. Падымiцеся на дыбачках як мага вышэй i затрымайцеся ў такiм становiшчы на 30 секундаў. Станьце на зямлю поўнай ступнёй. Паўтарыце гэта практыкаванне 5—10 разоў. Выпрастайце спiну i 4—5 разоў нахiлiце галаву ўлева i ўправа, iмкнучыся вухам дакрануцца да пляча. Счапiце рукi за галавой, максiмальна адвядзiце локцi за спiну i пабудзьце ў такой позе 10 секундаў. Згiнайце спачатку адну, а потым другую нагу папераменна ў тазасцегнавым i каленным суставах. Паўтарыце 8—10 разоў.

Шкодныя позы

Не працуйце, нахiлiўшы корпус унiз са становiшча стоячы. Гэта вельмi шкодная поза i для работы на градках, i для пад'ёму цяжару. Гарантаваны боль у паяснiцы, а з часам — сур'ёзны паяснiчны радыкулiт, iшыяс (боль у сядалiшчным нерве), пашкоджаннi мiжпазванковых дыскаў (пратрузiя, грыжа). Iмаверныя павышэнне цiску i гiпертанiчны крыз.

Не працуйце, седзячы на кукiшках. Такое становiшча небяспечнае, бо ўскладняе рух крывi, пазбаўляе тканкi руху кiслароду i пажыўных рэчываў, перагружае сэрца. З высокай iмавернасцю з'явiцца боль у каленных i тазасцегнавых суставах, паяснiцы, можа падняцца цiск.

Небяспечна выконваць рухi, звязаныя са скручваннем у паяснiцы. Iх часам робяць, калi адкiдваюць глебу шуфлем цi нешта перакладваюць убок. Такiя рухi небяспечныя i садзейнiчаюць пашкоджанню мiжпазванковых дыскаў (пратрузii, грыжы). Паварот з грузам неабходна рабiць усiм корпусам.

— Не забывайце пра адпачынак i не iмкнiцеся пабiць «сусветныя рэкорды» на градках! На самай справе не вы дадатак да дачы, а яна служыць вам для адпачынку i ўмацавання здароўя. Калi вы падарвяце яго, дамагаючыся ўзорнага парадку на сваiх сотках, то якi сэнс будзе ва ўсёй гэтай садова-агароднай iдылii? Хто будзе атрымлiваць асалоду, калi вы апыняцеся ў бальнiцы? Выйдзiце ў сад i паляжыце пад дрэвамi на свежым паветры, палюбуйцеся кветкамi, паслухайце птушак цi прыемную музыку, шорах лiсця цi проста цiшыню. Няхай дача будзе ў радасць, — раiць доктар.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: 7dach.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.