Вы тут

Што ўяўляюць сабой сучасныя айчынныя беспілотнікі?


Апошнiм часам у свеце вельмi хуткiмi тэмпамi развiваецца беспiлотная авiяцыя. Яно i зразумела — мноства задач беспiлотнiк можа выканаць лепш за пiлота на звычайным лятальным сродку, але пры гэтым мае перад iм шмат пераваг. Ды i кошт такога апарата значна меншы.


Што да Беларусi, то на нашай зямлi выкарыстанне ваенных беспiлотных лятальных апаратаў мае даволi доўгую гiсторыю. Але — з перапынкам... Толькi праз сямнаццаць гадоў пасля таго як Беларусь стала незалежнай, у нас зноў з'явiўся сектар ваенных беспiлотнiкаў. Як бы i не так шмат у параўнаннi з узбраеннем iншых родаў войскаў. Аднак менавiта на беспiлотную авiяцыю сёння ўскладаюцца вельмi моцныя спадзяваннi. У тым лiку i таму, што за распрацоўкай такiх комплексаў стаiць вельмi iстотны навукова-тэхнiчны прагрэс. Апараты, якiя лiчылiся суперсучаснымi тады, на старце, у 2008 годзе, па цяперашнiх мерках маюць ужо даволi сцiплыя характарыстыкi. I iм на змену прыйшлi тыя, якiя, у сваю чаргу, 12 гадоў таму лiчылiся чымсьцi з разраду навуковай фантастыкi.

Падрабязней пра развiццё беспiлотнай авiяцыi расказаў начальнiк упраўлення выкарыстання i развiцця беспiлотных авiяцыйных комплексаў Узброеных Сiл Iгар Завiдняк.

Савецкi пачатак

— Гэта можа здацца дзiўным, але першае падраздзяленне беспiлотнай авiяцыi на тэрыторыi Беларусi было сфармiравана яшчэ ў канцы 1963 года ў Бярозе, — гаворыць Iгар Завiдняк. — То быў 510-ы асобны дывiзiён беспiлотных самалётаў-разведчыкаў.

На ўзбраенне тады былi прыняты апараты Ла-17р. Фактычна гэта былi пераробленыя лятаючыя мiшэнi. На iх ускладалася задача вядзення паветранай разведкi i карэкцiроўкi агню артылерыi. Праз тры гады статус дывiзiёна быў павышаны да эскадрыллi, якой прысвоiлi 106-ы нумар.

У канцы 1970-х гадоў Ла-17р пакрысе пачалi змяняцца апаратамi «Стрыж» — Ту-141. Яны таксама мусiлi весцi авiяцыйную разведку. На жаль, на гэтым савецкая гiсторыя беспiлотнiкаў у Беларусi абрываецца — у 1987 годзе 106-я эскадрылля была перадыслакавана на тэрыторыю Украiны.

Другое дыханне

У сучаснай гiсторыi краiны Упраўленне выкарыстання i развiцця беспiлотных авiяцыйных комплексаў пры камандаваннi ваенна-паветраных сiл i войскаў процiпаветранай абароны было створана ў 2008 годзе. Два гады рыхтавалася нарматыўна-прававая база, падбiраўся будучы калектыў i... у 2010 годзе быў сфармiраваны 927-ы цэнтр падрыхтоўкi i выкарыстання беспiлотных авiяцыйных комплексаў у Бярозе. Сiмвалiчна!

— Але з цягам часу задачы, якiя ставiлiся перад нашым упраўленнем, i iх спецыфiка пачалi выходзiць за межы ваенна-паветраных сiл. Таму наша ўпраўленне i Цэнтр былi ў сярэдзiне дзесяцiгоддзя ўведзены ў склад цэнтральнага падпарадкавання.

Сучасная беларуская беспiлотная авiяцыя пачыналася з расiйскiх «Iркутаў». Пасля таго як нашы спецыялiсты навучылiся абыходзiцца з апаратамi, стала ясна — трэба iх рабiць у Беларусi, каб не залежаць у гэтым складнiку ад iншых краiн. Цi, прынамсi, у супрацоўнiцтве з расiйскiмi вытворцамi. Так з'явiлiся на свет «Суперкам С100», «Суперкам С350». А сярод айчынных распрацовак — «Маскiт», «Беркут-2». Асобна варта вылучыць комплекс «Бусел-10». Мiж iншым, гэтыя комплексы маюць радыус дзейнасцi ад 10 да 600 кiламетраў. Апошняя лiчба — гэта амаль як працягласць Беларусi з поўначы на поўдзень!

— Усе комплексы ў нас на перасоўнай базе. «Бусел-10» — працуе на шасi МАЗа, — расказвае Iгар Завiдняк. — У яго склад уваходзiць цэлы жылы модуль, якi дазваляе кругласутачна кiраваць лятальнымi апаратамi. Там ёсць месцы для адпачынку, маюцца ўсе сiстэмы жыццезабеспячэння. «Бусел-10» можа працаваць некалькi сутак аўтаномна, не падключаючыся нi да якiх агрэгатаў электрасiлкавання. I гэта пацверджана на практыцы, як узiмку, так i ўлетку.

«Гэта ваш паветраны бiнокль»

У канцы 2019 года Прэзiдэнтам была зацверджана Канцэпцыя развiцця Узброеных Сiл. Пэўная частка ў ёй адведзена i беспiлотнай авiяцыi. Мяркуецца, што з наступнага года пачнецца яе развiццё ў сухапутных войсках.

— З гэтага года мы пачынаем фармiраваць падраздзяленнi беспiлотных авiяцыйных комплексаў у агульнавайсковых брыгадах, — адзначае начальнiк упраўлення. — Яно ўжо сфармiравана ў 11-й брыгадзе ў Слонiме. Ёсць падраздзяленне ў сiлах спецыяльных аперацый. Там на ўзбраенне ставяцца комплексы невялiкiя, малапрыкметныя. Аператар-дэсантнiк прытым мусiць умець не толькi кiраваць лятальным апаратам, але i праходзiць падрыхтоўку па сваё праграме.

Разам з тым беспiлотнiкi ўжо шырока выкарыстоўваюцца падчас выканання задач сумесна з сухапутнымi войскамi, ракетнымi войскамi i артылерыяй.

— Нашы афiцэры тлумачылi, што па сутнасцi — гэта ваш паветраны бiнокль, праз якi вы можаце бачыць усю абстаноўку на адлегласцi ў дзясяткi кiламетраў.

«Згубiць апарат вельмi складана»

Афiцэраў, якiя кiруюць i абслугоўваюць беспiлотнiкi, спярша вучылi на авiяцыйным факультэце ў Ваеннай акадэмii. Iх аднакурснiкамi былi будучыя лётчыкi. Але гэта накладвала свае асаблiвасцi на падрыхтоўку будучых спецыялiстаў, ды i якраз датычна беспiлотнiкаў iшла рэарганiзацыя, аб якой казалася вышэй. Таму асобная кафедра была сфармiравана ўжо на базе Беларускай дзяржаўнай акадэмii авiяцыi.

— Наша галоўная асаблiвасць — у пастаянным з'яўленнi новых комплексаў, — лiчыць Iгар Завiдняк. — Як толькi яны ставяцца на ўзбраенне, то праграма адразу ж карэкцiруецца, i курсанты апрабоўваюць навiнкi адразу на базе 927-га цэнтра. I калi мы запознiмся на год-два, то веды ўжо страцяць актуальнасць. Прычым навучальная праграма складзена так, што перавучыцца спецыялiсту на новы комплекс са старога няцяжка. Тэхнiка хоць i мадэрнiзуецца, але яна не настолькi ўскладняецца, каб даводзiлася ўсё асвойваць з нуля. Наадварот, кiраванне нават спрашчаецца. Напрыклад, цяпер беспiлотнiкi камплектуюцца курсавымi камерамi. Гэта значыць, што ў аператара ствараецца карцiнка, нiбыта ён сядзiць за штурвалам сапраўднага самалёта i iм кiруе. Хоць знаходзiцца ён пры гэтым у кабiне на зямлi. Пры пастаноўцы перашкоды сучасны беспiлотнiк можа вярнуцца ў пункт старту. Увогуле, згубiць такi апарат цяпер вельмi складана.

Самае галоўнае, чым адрознiваецца беспiлотнiк, — тым, што ўнутры яго няма чалавека. Гэта кардынальна змяншае яго кошт у параўнаннi з пiлатуемай авiяцыяй. Фактычна могуць быць толькi дзве прычыны страты — гэта нейкая паломка i памылка аператара. Што да паломак, то ў апараце на гэты конт прадугледжаны аварыйныя рэжымы, падчас якiх ён падае спецыяльныя сiгналы на экране ў аператара. Ды i тое, да страты гэта наўрад цi прывядзе.
А асабовы склад ставiцца да тэхнiкi вельмi беражлiва.

На кожным вучэннi

— Цяпер любое вучэнне, пачынаючы ад батальённага ўзроўню, абавязкова мае на ўвазе выкарыстанне беспiлотнiкаў, — кажа Iгар Завiдняк. — Напрыклад, на вучэннях «Шчыт Саюза—2019» летась была даведзена ўводная аб выдачы дакладных каардынат аб'екта. Апараты рабiлi гэта з такой мiнiмальнай пагрэшнасцю, што былi паспяхова выкананы ўсе нарматывы.

Але сумесным беларуска-расiйскiм вучэнням перад тым папярэднiчалi два гады ўдзелу ў Армейскiх гульнях. Старт у 2018 годзе адбыўся нядрэнны — з чацвярых удзельнiкаў нашы спецыялiсты занялi трэцяе месца. Пры гэтым трэба прыняць пад увагу тое, што i Расiя, i Казахстан, якiя занялi больш высокiя месцы, ужо выступалi раней i мелi якi-нiякi досвед. За год узровень падрыхтоўкi быў моцна падцягнуты, i вось ужо беларусы падзялiлi другое месца з расiянамi. Больш за тое, нашы вайскоўцы вярнулiся адтуль з пачэсным званнем «Найлепшы разлiк».

— Памылкова лiчыць, што мы развiваем толькi ваенны сектар. Насамрэч мы заадно рыхтуем беспiлотнiкаў для Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, Дзяржпагранкамiтэта. Штогод адбываецца збор спецыялiстаў, дзе мы кантралюем iх падрыхтоўку i пры неабходнасцi можам павысiць iх класнасць.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Загаловак у газеце: Беспілотнік бачыць усё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».