Вы тут

Уладзiмiр Лiпскi: «Вясёлку» нельга прачытаць i потым здаць у макулатуру


Iтальянскi казачнiк Джанi Радары, якога шануюць дзецi ўсiх краiн, пакiнуў нам мудрую падказку: «Няма на свеце чалавека, шчаслiвейшага за таго, хто можа падарыць што-небудзь дзецям».


Старэйшыя мае сябры, настаўнiкi, пiсьменнiкi Iван Шамякiн, Васiль Вiтка, Анатоль Грачанiкаў даверылi мне беларускi часопiс «Вясёлка» сорак адзiн год таму. За гэты час падпiсана ў свет 492 нумары дзiцячага часопiса. 492 мастацкiя кнiжачкi ўвайшлi ў сем'i, дзе гадуюцца дзецi. А калi скласцi гэтыя кнiжачкi ў адну, то атрымаецца зборнiк дзiцячай лiтаратуры ў 11 808 старонак. У iм — усе колеры дзiцячага чытва: казкi, апавяданнi, вершы, паэмы, загадкi, смяшынкi, вандроўныя нататкi...

Мне часта даводзiцца выступаць у дзiцячых аўдыторыях, у вялiзных залах, класах, бiблiятэчных пакоях. I кожны раз чую ад сваiх юных сяброў прызнанне: «Мая бабуля выпiсвала «Вясёлку», «А мая мама захоўвае «Вясёлку», якую чытала ў маленстве». Сапраўды, наш часопiс нельга прачытаць i потым здаць у макулатуру. Мы дорым творы мастацкiя, якiя могуць крануць душу i сэрца маленькага, але вельмi патрабавальнага чытача. Вось чаму ў рэдакцыi для ўсiх пакаленняў супрацоўнiкаў iснуе адно нязменнае правiла: трэба пазiраць не ў твар аўтара, а ў яго твор. Дарэчы, за год мы друкуем на старонках «Вясёлкi» да ста беларускiх аўтараў. Найлепшыя з найлепшых уганароўваюцца прэмiяй Васiля Вiткi, медалём з выяваю заснавальнiка часопiса i дыпломам. Дарэчы, вось ужо больш за дзесяць гадоў я ўручаю прэмiю галоўнага рэдактара юным аўтарам. Вырошчваем спадчыннiкаў беларускай лiтаратуры!

За апошнi час мы прапанавалi сваiм чытачам вельмi цiкавыя вандроўкi па Беларусi пад назвай «Я тут жыву». Пабывалi з iмi на БелАЗе, праплылi па Нёмане, Прыпяцi, Дняпры, наведалi Белавежскую пушчу, Нарач, гарады i вёскi, дзе нарадзiлiся вядомыя дзiцячыя пiсьменнiкi, праехалi Беларускай чыгункай па ўсiх станцыях. Мастакi стварылi ўнiкальныя карты нашай Айчыны, усiх шасцi абласцей i сталiцы — Мiнска. (Хутка ўвесь гэты вясёлкаўскi здабытак выйдзе асобнай кнiгай «Я тут жыву» ў найбуйнейшым педагагiчным выдавецтве Беларусi «Адукацыя i выхаванне».)

А ёсць жа яшчэ «Тэатр Васi Вясёлкiна», якi прапануе не толькi прачытаць кароткую п'еску, але i разыграць яе на сцэне, у класе. Ёсць «Спеўнiк «Вясёлкi» з нотамi ды «Смяшынкi-весялiнкi», якiя не толькi павесяляць, а i прымусяць задумацца. Апроч таго, шырока раскрыты старонкi часопiса для юных мастакоў. У кожным нумары мы адкрываем новыя таленты, якiя некалi, веру, папоўняць кагорту беларускiх жывапiсцаў.

Уся гэтая вялiзная праца для чытачоў дае нам права спадзявацца на тое, што надыдзе час, калi паштальёны будуць насiць «Вясёлку» ва ўсе сем'i, дзе жывуць, гадуюцца дзецi. Давайце падорым iм «Вясёлку» i станем тымi шчаслiвымi «чалавекамi», пра якiх казаў мудры казачнiк Джанi Радары.

I яшчэ некалькi слоў пра наш новы часопiс «Буся». Мы стварылi яго некалькi гадоў таму для дашкольнiкаў. Да гэтага чатырыста тысяч дзетсадаўцаў не мелi свайго выдання. Вось мы, вясёлкаўцы, i вырашылi зрабiць iм падарунак. Цяпер марым пра тую залатую пару, калi ўсе чатырыста тысяч выхаванцаў дзiцячых садкоў стануць сябрамi «Бусi».

Уладзiмiр Лiпскi, галоўны рэдактар часопiсаў «Вясёлка», «Буся»

Загаловак у газеце: Падорым дзецям радасць!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.