Вы тут

Гары Потэр па-беларуску. Якую папулярную замежную літаратуру можна знайсці ў кнігарнях?


Папулярызацыя беларускай мовы і белару­скай кнігі — справа вельмі шматгранная, і поспех залежыць ад мноства фактараў і многіх людзей. Адным з найбольш камерцыйна ўдалых кірункаў гэтай не надта масавай і, адпаведна, не надта выгаднай справы з’яўляюцца пераклады сусветнай літаратуры на беларускую мову.


Іх можна размежаваць на дзве катэгорыі. Першая  — гэта сусветная класіка, якую большасць патэнцыйных пакупнікоў ужо даўно і, магчыма, неаднаразова, чытала ў перакладзе на рускую, а некаторыя, можа, — і ў арыгінале. Падобныя кнігі на беларускай з’яўляюцца альтэрнатывай для рускага перакладу: для кагосьці становяцца добрай нагодай перачытаць і параўнаць, для кагосьці — падарункам для тых, хто яшчэ не чытаў. Больш за тое, сусветная класіка па-беларуску — гэта яшчэ адзін шлях для ўмацавання пазіцый беларускай мовы ў свеце. Як інструмент папулярызацыі сярод незацікаўленых чытачоў можа спрацаваць дваяка: або «навошта мне па-беларуску, калі ёсць па-руску», або як экзотыка. Пра магчымасць абсалютна іншага ўспрымання масавы чытач хутчэй за ўсё не задумаецца. А дарма, бо пераклады, зразумела, робяцца з арыгінала, а не з рускага перакладу.

Другая катэгорыя — гэта новыя кнігі. У іх часам ёсць бясспрэчная перавага перад класікай: перакладаў на рускую яшчэ няма. Складана сказаць, колькі чытачоў аказваюцца безабароннымі перад адсутнасцю больш звыклай альтэрнатывы. Але нават калі беларускі пераклад з’яўляецца не першым, для масавага чытача тут спрацоўвае яшчэ і адукацыйны момант: нават калі ты не сочыш за сучаснай замежнай літаратурай, то даведваешся пра кнігу і пра аўтара з навін беларускага кнігавыдання.

Насамрэч, кожнаму — сваё. Немагчыма прагназаваць, што выкліча большую зацікаўленасць у абстрактнага наведвальніка кнігарні: вядомая і  прачытаная ў рускім перакладзе кніга, якая цяпер даступная і па-беларуску, або абсалютна невядомая кніга па-беларуску з замежным імем аўтара на вокладцы. Але тое, што і першых, і другіх кніг паступова з’яўляецца ўсё больш, сведчыць толькі пра пашырэнне беларускамоўнага кніжнага рынку. Тэндэнцыя, адназначна, добрая.

Асноўную ролю ў выданні замежнай мастацкай літаратуры па-беларуску адыгрываюць прыватныя выдавецтвы. Цяпер у сувязі з сітуацыяй у свеце кнігі сталі выдавацца заўважна радзей, а спісы ў адказ на пытанне «Што пачытаць?» пачалі з’яўляцца паўсюль і ў вялікіх колькасцях.

Самае заўважнае

Самыя заўважныя пераклады замежных кніг на беларускую — гэта падлеткавыя і дзіцячыя кнігі.

У свеце асабліва цэніцца шведская дзіцячая літаратура: многія яе ўзоры ў  апошнія гады займаюць паліцы беларускіх кніжных крам і, нядоўга затрымліваючыся на іх, хатнія кніжныя паліцы беларускіх сямей з дзецьмі. Сярод такіх кніг — серыя пра Маму Му, пра Пэтсана і Фіндуса, іншыя творы Юі Вісландэр, Свэна Нурдквіста і іншых шведскіх аўтараў.

Адным з лідараў продажу ў пачатку гэтага года стала першая кніга з серыі пра Гары Потэра — «Гары Потэр і філасофскі камень», якая выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч» у перакладзе Алены Пятровіч. Наўрад у свеце знойдзецца шмат тых, хто нічога не ведае пра Гары Потэра, таму з’яўленне кнігі пабеларуску сустрэлі вельмі гучна. Застаецца толькі спадзявацца, што гэта будзе не аднаразовая акцыя і праз некаторы час атрымаецца сабраць усю калекцыю па-беларуску. Выданне кніг пра Гары Потэра стала вельмі ўдалай акцыяй яшчэ і таму, што перавыданне з новым рускім перакладам, якое выйшла некалькі гадоў таму, не задаволіла фанатаў. Таму ў беларускіх дзяцей ёсць яшчэ больш шансаў упершыню сустрэцца з легендарнай гісторыяй менавіта па-беларуску.

Следам за гіперпаспяховым «Гары Потэрам» з’явіўся «Вядзьмар. Апошняе жаданне» — першая кніга з цыкла польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага. Гэтае крыху змрочнае фэнтэзі з элементамі постмадэрнізму, створанае на базе славянскай міфалогіі, таксама атрымала неверагодную папулярнасць у свеце, у тым ліку за кошт камп’ютарных гульняў па матывах кніг. Момант для беларускай адаптацыі быў падабраны ідэальна  — да выхаду рыхтаваўся серыял ад Netflix па матывах серыі. Пераклад з польскай здзейсніла Кацярына Маціеўская.

Самае вядомае

Самыя знакамітыя творы сусветнай класікі, якія сёння можна прачытаць па-беларуску, — «Пыха і перадузятасць» Джэйн Осцін у перакладзе Ганны Янкуты, «Каханне падчас халеры» Габрыэля Гарсіі Маркеса, перакладзенае легендарным Карласам Шэрманам, «Знак чатырох» Артура Конан Дойла ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай і Ганны Янкуты, «Бойня № 5» Курта Вонегута і «Трое ў чоўне і пёс з імі» Джэрома К. Джэрома ў перакладзе Паўла Касцюкевіча.

Калекцыю сусветнай інтэлектуальнай прозы папаўняюць кнігі нобелеўскіх лаўрэатаў. Па-беларуску можна прачытаць зборнік навел «Смерць у Венецыі» Томаса Мана, аднаго з  заснавальнікаў інтэлектуальнай прозы; раман «Пячора» партугальскага пісьменніка Жазэ Сарамагу, стыль якога спалучае элементы традыцыйнага рэалізму і магічнага рэалізму, барока і мадэрнізм; «Стамбул. Горад і ўспаміны» Архана Памука — «нобелеўскі» раман, які адкрыў свету турэцкую літаратуру; «Не адпускай мяне» Кадзуа Ісігура — псіхалагічны раман, што ўваходзіць у спіс ста найлепшых англамоўных твораў стагоддзя па версіі часопіса Time.

Замежнай літаратуры, вартай увагі, па-беларуску становіцца ўсё болей, яе спіс папаўняюць нетрывіяльныя імёны і назвы: шведская пісьменніца Іда Ліндэ, аўтарка дэтэктыўна-філасофскага рамана «Паехаць на поўнач, каб памерці»; адзін з найлепшых французскіх раманістаў ХХ стагоддзя Рамэн Гары і яго кранальны аўтабіяграфічны твор «Абяцанне на досвітку»; раманмістэрыя «Месія з роду Эфраіма» знакамітага яўрэйскага пісьменніка Мойшэ Кульбака, падзеі якога адбываюцца на тэрыторыі Беларусі, а тэкст перакладзены з ідыш.

Вядома, што проза сёння выклікае большую цікаўнасць, чым паэзія, але калі размова заходзіць пра класічную паэзію, гэтая розніца ў чытацкай прыхільнасці становіцца крыху менш вострай. Асаблівае месца ў перакладах замежнай літаратуры на беларускую займае серыя «Паэты планеты», якая з  2016 года рэалізоўваецца выдавецтвам Змітра Коласа. У маленькім фармаце і аднастайным афармленні выйшла ўжо больш чым 70 кніг. У іх — выбраныя творы сусветна і лакальна вядомых паэтаў з розных краін свету. Складана выбраць некалькі імёнаў з гэтага агромністага спіса, бо ў ім дастаткова і тых, што звернуць увагу нават незацікаўленага паэзіяй наведвальніка кнігарні. Пераклады зроблены дасведчанымі беларускімі літаратарамі і прафесійнымі перакладчыкамі.

Гэта, безумоўна, далёка не поўны пералік сучаснай і класічнай літаратуры, якую можна сёння прачытаць на беларускай мове. І такія кнігі маюць надзвычайную важнасць як сродак устанаўлення сувязей паміж менталітэтамі. Літаратурныя пераклады  — гэта заўсёды шлях паразумення розных культур. І калі мы чытаем па-беларуску нязвыклых аўтараў, бачым замежныя імёны герояў і незвычайныя абставіны, то набываем абсалютна арыгінальны досвед успрымання. Для тых, хто рэдка чытае і размаўляе па-беларуску, гэты чытацкі досвед можа стаць вызначальным. Хто ведае, магчыма, камусьці ён нават дапаможа ў асэнсаванні нацыянальнай прыналежнасці, а камусьці — проста забяспечыць некалькі гадзін у кампаніі з добрай кнігай.

Самае новае

Самыя апошнія і самыя актуальныя навінкі замежнай літаратуры па-беларуску якраз дэманструюць унікальныя і каштоўныя прыклады — па-беларуску раней, чым па-руску.

Па-першае, гэта кніга «Канец адзіноты» польскага аўтара Януша Леона Вішнеўскага, працяг бестселера «Адзінота ў сеціве», рамана пра чалавечыя стасункі ў  часы інтэрнэту. Падзеі рамана адбываюцца з тымі ж героямі, якія дзейнічалі ў першай частцы, але праз дваццаць гадоў. Да іх далучаецца новае пакаленне персанажаў. Пераклад на беларускую зроблены Кацярынай Маціеўскай і Ганнай Янкутай. Пераклад рамана на рускую мову планаваўся на вясну, але пакуль не з’явіўся. Калі б пандэмія не парушыла планы, то ў  красавіку аўтар сам прэзентаваў бы сваю кнігу падчас фестывалю «Прадмова».

Другая кніга лічыцца адным з галоўных выданняў года ў  Еўропе, бо прынесла свайму аўтару месца ў шорт-лісце Букераўскай прэміі 2020 года. Гэта «Тыль» Даніэля Кельмана. Папярэдні твор пісьменніка «Вымярэнне свету» паставіў рэкорд па колькасці продажаў сярод нямецкамоўных кніг з часоў «Парфумы» Патрыка Зюскінда. А новы раман атрымаў яшчэ большую папулярнасць. Аўтар пераносіць сярэднявечнага штукара Тыля Уленшпігеля ў падзеі Трыццацігадовай вайны (1618—1648). Тыль — вандроўны артыст, блазан, і дзякуючы такой ролі галоўнага героя аўтар паказвае цяжкія і  жорсткія гістарычныя падзеі з розных пунктаў погляду і пры гэтым захоўвае бадзёры тон апавядання. Пераклад на беларускую мову здзейсніла Вольга Гронская.

Беларускі літаратурны працэс уяўляецца ў пэўным сэнсе цікавым аб’ектам для даследавання і назірання. Ён пастаянна імкнецца да пашырэння кантэксту — беларускія аўтары ўсё часцей абіраюць больш папулярныя і арыгінальныя жанры і формы апавядання. Часам атрымліваюцца прадметы ўсеагульнага захаплення, часам — нагоды для спрэчак і дыскусій на розных узроўнях. Быццам бы перад кожным з аўтараў, якія пішуць па-беларуску, стаіць задача зрабіць так, каб усе зразумелі, што беларуская літаратура можа быць вельмі цікавай і ўжо даўно не падпадае пад школьныя стэрэатыпы. Перакладчыкі да гэтай маштабнай кампаніі далучаны таксама.

 Кожны замежны твор, перакладзены на беларускую і выдадзены ў Беларусі, надзвычай важны. Хаця б таму, што не проста павышае колькасць чытва на беларускай мове, а ўносіць у яго разнастайнасць. Калі мы чытаем па-беларуску нешта ўмоўна нязвыклае — раман пра віктарыянскую Англію, антыўтопію, класічны дэтэктыў або падлеткавае фэнтэзі, — гэта пашырае не толькі нашу карціну свету, але і месца для беларускай мовы ў гэтай карціне свету.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».