Вы тут

Мастацтва застаецца. Як сёння выглядаюць афішы мінскіх тэатраў?


Сусветныя абставіны прымусілі культурнае жыццё прыпыніцца. У тэатрах, кінатэа­трах, музеях зачынены галоўныя ўваходы і  пу стуюць залы. Але зусім знішчыць культурнае жыццё горада практычна немагчыма — яно пра­ цягваецца, асвойвае новыя фарматы. Мастацтва застаецца побач з людзьмі і працягвае выкон­ ваць свае задачы: натхняе, супакойвае, вучыць і заклікае падумаць.


Купалаўскі

Сцэна са спектакля «Радзіва “Прудок”».

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы скарыстаўся нагодай для таго, каб паказаць свае найлепшыя спектаклі ўсім жадаючым незалежна ад месца знаходжання. Дванаццаць пастановак Купалаўскага з бягучага рэпертуару даступны ў відэазапісе. Гэта шэсць класічных спектакляў: «Паўлінка», «Шляхціц Завальня», «Рэвізор», «Чайка», «Пан Тадэвуш», «Кароль Лір». Да іх у анлайн-рэпертуары Купалаўскага далучыліся творы сучасных драматургаў, якія звычайна ідуць на Камернай сцэне: «Ураджай» Паўла Пражко, «Радзіва “Прудок”» паводле кнігі Андруся Горвата, «Зямля Эльзы» Яраславы Пуліновіч, «Каханне як мілітарызм» Пятра Гладзіліна. Таксама анлайн можна паглядзець спектакль-канцэрт паводле твораў Марка Мермана «Вельтмайстар-акардэон» і французскую камедыю Луі Вернэра і Жоржа Бера «Школа падаткаплацельшчыкаў». Пасля аплаты відэа спектакля будзе даступна сем дзён.

А ўжо 15 чэрвеня тэатр зноў адчыніць свае цэнтральныя дзверы. Купалаўскі, што традыцыйна адкрывае новы тэатральны сезон «Паўлінкай», гэтым разам скарыстаўся магчымасцю «адкрыць яго двойчы». Найбліжэйшыя спектаклі, акрамя «Паўлінкі», — «Рэвізор» 16 чэрвеня, «Шляхціц Завальня» 17 чэрвеня. 22 чэрвеня са спектакля «Зямля Эльзы» пачне сваю працу Камерная сцэна. Рассадка гледачоў — з пэўнай дыстанцыяй. Зала Галоўнай сцэны будзе запоўнена менш чым на траціну (100 месцаў з 338), а Камернай — толькі на палову (40 месцаў з 80).

РТБД

Сцэна са спектакля «Бетон». Фота з сайта afisha.tut.by

Для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі сітуацыя ў свеце стала нагодай для адкрыцця адмысловага анлайн-праекта #АНТРАКТ_З_РТБД. На ютуб-канале тэатра з’яўляюцца відэа ў розных рубрыках. Першым героем рубрыкі Public Talk стаў Дзмітрый Багаслаўскі. У межах рубрыкі «Дорага.багата. Інтэрв’ю па-свойску» выйшла ўжо дзве відэаразмовы — з Уладзіславам Ноздрыным і Ганнай Анісенкай. У рубрыцы «Смачна есці» артысты тэатра дэманструюць кулінарныя здольнасці, паказваюць віды са сваіх вокнаў у аднайменным раздзеле, у рубрыцы «Казкі» чытаюць казкі на ноч, а ў рубрыцы «Рыхтуем цела да мінскага лета» дзеляцца спосабамі падтрымання выдатнай фізічнай формы. У раздзеле «Сезон сяброў» сабраны відэапрывітанні ад сяброў тэатра.

Зразумела, што тэатр не абмяжоўваецца інтэрактывамі і прадстаўляе гледачам магчымасць прагляду анлайн-спектакляў. У запісе 2017 года можна паглядзець спектакль «Белы анёл з чорнымі крыламі», а 12 чэрвеня на ютуб-канале з’явіцца запіс спектакля «Сталіца Эраўнд». Тэатр прапануе па жаданні падтрымаць яго, набыўшы квіток на ютуб-паказ спектакля або квіток на майстар-клас. РТБД працягвае працаваць і афлайн, хаця ў рэпертуары рэгулярна адбываюцца змены. 13 і 19 чэрвеня можна будзе паглядзець пластычны спектакль «Бетон» рэжысёра Яўгена Карняга, 16 чэрвеня  — спектакль «Шлюб з  ветрам»,18 чэрвеня — сатырычную камедыю «Мудрамер» па п’есе Мікалая Матукоўскага, а  20  — спектакль «Сірожа» пра юнацтва і сталасць, «жыццё ў дзвюх эпохах» паводле п’есы Юліі Чарняўскай.

ТЮГ

А ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача ўсе чэрвеньскія спектаклі адменены. Глядацкая зала працягвае пуставаць, але тэатр не перастае радаваць наведвальнікаў анлайн. У сацыяльных сетках у 18.00 праходзяць трансляцыі відэазапісаў спектакляў. Дзіцячыя спектаклі транслююцца праз дзень, спектаклі для дарослых — у пятніцу і суботу. Афіша аднаўляецца кожны тыдзень. Так, 12 чэрвеня можна будзе паглядзець спектакль «Зацюканы апостал» па творы Андрэя Макаёнка, 13 чэрвеня — перастварэнне байкі «Ліса і вінаград», а  ў  нядзелю 14 чэрвеня — казку «Таямніцы вялікага Гудвіна» паводле кнігі Аляксандра Волкава.

Акрамя гэтага, супрацоўнікі Тэатра юнага гледача распачалі серыю анлайнчытанняў «Свае ў свеце». У відэафармаце з’яўляюцца мініяцюры пісьменніка і драматурга Аркадзя Крумера ў выкананні артыста ТЮГа Андрэя Каламійца. Гэта яшчэ адзін фармат, які дазваляе ўсталяваць супрацу паміж прадстаўнікамі розных творчых прафесій.

Тэатр оперы і балета

Сцэна са спектакля «Шляхціц Завальня». Фота з сайта afisha.tut.by

Вялікі тэатр Беларусі зусім нядаўна адзначыў свой дзень нараджэння ў  анлайн-фармаце, прадставіўшы гледачам невялікі відэаканцэрт, а таксама відэападарожжа па закуліссі тэатра, рэпетыцыях спектакляў да новага тэатральнага сезона і інтэрв’ю з многімі дзеячамі тэатра. Падтрымліваць сувязь з гледачамі і згадваць трыумфальнае мінулае тэатру дапамагае супольны праект з Белтэлерадыёфондам. У сацыяльных сетках праекта пад назвай #ЗАЛАТЫФОНДБДТ рэгулярна з’яўляюцца не толькі мастацкія і дакументальныя фільмы, але і запісы спектакляў Тэатра оперы і балета.

Праект працягваецца з пачатку мая. Сёння анлайн ужо можна паглядзець некалькі легендарных спектакляў. Сярод іх — аднаактовы балет «Альпійская балада» Яўгена Глебава па аднайменнай аповесці Васіля Быкава, пастаўлены ў 1967 годзе; адзін з першых нацыянальных спектакляў Вялікага тэатра Беларусі — пастаўленая ў 1939 годзе опера «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова. У аснове лібрэта, створанага Яўгенам Рамановічам, — аповесць «Дрыгва» Якуба Коласа.

Яшчэ адзін балет — «Балеро» на музыку Марыса Равеля пастаўлены Валянцінам Елізар’евым у 1984 годзе. Тэмай гэтага спектакля балетмайстар вызначыў «духоўнае супраць стаянне жорсткасці і гвалту, незгінальную мужнасць перад набліжэннем катастрофы».

У праекце перамяжоўваюцца публікацыі запісаў опер і балетаў. Апошнім, прадстаўленым у маі, спектаклем стала опера-прытча Сяргея Картэса «Візіт дамы». Лібрэта створана Уладзімірам Халіпам па матывах п’есы «Візіт старой дамы» Ф. Дзюрэнмата. Прэм’ера ў Беларусі адбылася ў 1995 годзе. Гэта самы малады спектакль, паказаны ў межах праекта.

Сцэна са спектакля «Паўлінка». Фота з сайта belta.by

Апошнім з апублікаваных архіўных пастановак аказалася вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» Карла Орфа. Гэта кантата, напісаная кампазітарам на аснове тэкстаў вандроўных паэтаў вагантаў ХІІ—ХІІІ стагоддзяў. У 1937 годзе кантата была ўпершыню выканана ў Беларусі і з тых часоў дэманстравалася толькі ў канцэртным фармаце да 1983 года. Тады Валянцін Елізар’еў зрабіў яе сцэнічную пастаноўку, аб’яднаў танцы і спевы і стварыў аўтарскую сюжэтную лінію.

Новыя архіўныя запісы пастановак Вялікага тэатра Беларусі з’яўляюцца ў сацыяльных сетках праекта #ЗАЛАТЫФОНДБДТ кожную пятніцу.

Новыя магчымасці

Амаль усе тэатры намагаюцца так ці інакш падтрымліваць сувязь з гледачамі, нават калі тэатральны сезон закрыты да верасня. Так, тэатр імя Горкага ладзіць прамыя эфіры-інтэрв’ю з артыстамі ў інстаграме, Музычны тэатр рэгулярна публікуе тэатральныя дзённікі — невялікія дакументальныя відэазамалёўкі, а Маладзёжны тэатр стварыў тэлеграм-канал, каб дзяліцца навінамі з гледачамі. Здаецца, многія артысты і супрацоўнікі тэатраў сапраўды ўспрынялі гэтую сітуацыю як выклік крэатыўнасці і вынаходлівасці. Для іх гэта лішняя нагода паказаць, што тэатр — нешта значна большае, чым набор пастановак, — гэта штодзённая праца, сувязь з мінулым і, самае галоўнае, людзі.

Праз больш блізкую сувязь з аўдыторыяй, якая ўсталёўваецца дзякуючы анлайн-камунікацыі, павышаецца і цікаўнасць да тэатра. Бо людзі на сцэне перастаюць быць проста выканаўцамі роляў і імёнамі ў праграмцы. Яны запамінаюцца як асобы. На відэа прасцей разгледзець іх твары, чым седзячы ў глядацкай зале, нават на самых блізкіх да сцэны месцах.

 Гэта спрацоўвае не толькі ў тэатры, але і ва ўсіх астатніх відах мастацтва. Калі ў абстрактнай культурнай установы з’яўляюцца чалавечыя твары, асобы, якія штодня працуюць дзеля мастацтва, яно перастае ўспрымацца як нешта далёкае, незразумелае або занадта элітарнае. Таму, калі тэатры, музеі і іншыя культурныя ўстановы звыкнуць да сацыяльных сетак, анлайн-інтэрактываў і шчыльнай камунікацыі з гледачамі і працягнуць яе і тады, калі ўсе вернуцца да нармальнага жыцця, гэта пойдзе толькі на карысць. І магчыма, стане адной з прычын, па якіх свет сапраўды непапраўна зменіцца.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.