Вы тут

Мая мама — анiматар!


Алеся Гайдук у родных Баранавiчах — асоба досыць вядомая: не толькi таму, што некалькi гадоў узначальвала сектар па рабоце з дзецьмi ў гарадскiм палацы культуры, але яшчэ i таму, што ў яе ўлюбёная дзецьмi розных узростаў прафесiя. Алеся — анiматар, арганiзатар i вядучая свят (у гэтым амплуа яна «Алеся Клаўнеса»), а таксама вядучая дзiцячай праграмы «Казкi на ноч» на мясцовым тэлеканале «Iнтэкс». Дадайце да партрэта яркую i смелую прычоску — i стане зразумела, чаму побач са сваёй дачкой Надзеяй Алеся выглядае хутчэй старэйшай сяброўкай, чым мацi.


— Усё люблю рабiць разам з мамай — гуляць, катацца на ролiках i веласiпедзе, здымаць вiдэа, — крыху сарамлiва прызнаецца 7-гадовая Надзя — у такой самай сукенцы i з такiмi ж каляровымi коскамi, як у Алесi.

— Тады раскажы i нам пра яе. Цi ведаеш, як яна стала анiматарам?

Надзя: Папраўдзе кажучы, не ведаю...

Алеся: Напэўна, Надзя ўжо нарадзiлася ў сям'i, дзе ўсе былi анiматарамi, — i я, i мая сястра Даша, i яе муж Дзянiс скончылi тэатральнае аддзяленне (паводле дыплома Гродзенскага каледжа мастацтваў, Алеся — арганiзатар культурна-дасугавай дзейнасцi, рэжысёр народных абрадаў i свят. — «СГ».) i працавалi на святах для дзяцей i дарослых. Я ў дэкрэце нават i паўгода не прабыла, таму Надзя з маленства бачыла, што мама ўнутры свят, для яе мама — Снягурка i тата — Дзед Мароз — гэта такiя будзённыя, звыклыя рэчы. У нас нават ёсць фота практычна адразу пасля радзiльнi, дзе я ў касцюме клоўна трымаю дачушку на руках, дый потым яна ў калясцы ездзiла з намi на ўсе рэпетыцыi i выступленнi.

...Некалькi гадоў таму Алеся разам з сястрой Дар'яй прыдумала iдэю тэлепраграмы «Дзеткi-непаседкi», якую яны праз сяброў прапанавалi баранавiцкаму тэлеканалу «Iнтэкс» — i, адразу атрымаўшы «дабро», лiтаральна назаўтра знялi першы выпуск. Потым змянялiся аператары, сышоў адзiн з вядучых — i Алеся стала вядучай у iншай праграме, «Казкi на ноч», дзе чытае дзецям казачныя гiсторыi. «Муж, хоць ён i працуе аператарам, адразу сказаў: «Мая камера гэта не здымае» — таму некаторыя вiдэасюжэты мне здымае сястра цi нават Надзя, але не наш тата», — смяецца суразмоўца.

— Надзя, табе мама больш падабаецца ў вобразе, калi яна ва ўсякiх забаўных касцюмах — Понi, Фiксiк, Аднарог — цi калi яна проста мама?

Н.: Калi проста мама. Я нават па тэлевiзары яе праграму не гляджу, казкi дома чытаем. Мульцяшныя героi для маленькiх мне таксама ўжо нецiкавыя, я ведаеце каго люблю — Хлебакачак з мультканала Nickelodeon! А якi ўбор з мамiнага рабочага гардэробу найбольш падабаецца? Ну-у... Не ведаю, як ён называецца — з TikTok, такi аранжавы, яркi, з маскамi i кепкамi.

А.: Гэтыя «супрацьвiрусныя» касцюмы пашыла наша бабуля, мая мама. Даўно прыдумалi iх, але ў сувязi з напружанай сiтуацыяй i мы баялiся, i самi нашы клiенты засцерагалiся замаўляць анiматараў, цяпер неяк усе ачунялi. Канешне, працаваць у такiх шчытках i масках няпроста, але затое выглядае сучасна, ярка i цiкава — не так, як ва ўсiх.

Зрэшты, згадвае Алеся, дачка пазнае яе ў любым уборы: «Аднойчы мяне папрасiлi тэрмiнова правесцi свята ў дзiцячым садку — патэлефанавалi лiтаральна за паўгадзiны да пачатку. Трохгадовую дачку не было з кiм пакiнуць, дамовiлiся, што вазьму з сабой i пасаджу ў групе. I вось я ў касцюме Кiцi працую з маленькiмi, двух-трохгадовымi дзеткамi, усё iдзе добра, нiхто не плача, малым падабаюцца мыльныя бурбалкi, усiм весела... I тут раптам чую гучны Надзiн шэпт: «Ведаеце што? Гэта не Кiцi, гэта мая мама! Ма-ма, чуеш, ма-а-ма!» Потым я пыталася: «Надзя, навошта ты гэта казала?» — а дачка выдае: «Бо падманваць — непрыгожа». I цяпер гэтая праўдзiвасць i шчырасць у яе захавалiся, так што нiякiх дзявочых сакрэтаў захаваць ад таты ў нас не атрымлiваецца».

Слова за слова, i Надзя расказвае, што яна без пяцi хвiлiн другакласнiца i далёка не навiчок на сцэне. Па-першае, клас — з харэаграфiчным ухiлам, а па-другое, дзяўчынка яшчэ да паступлення ў звычайную школу наведвала заняткi ў тэатральнай студыi, якiя вядзе яе родная цётка Дар'я Шыманец, так што можа i верш прачытаць як мае быць, выразна, i спяваць, i танцаваць. Напаўжартам цiкавiмся: «Напэўна, рыхтуешся пайсцi ў мамiну каманду анiматарам?»

Н.: Ой, не! Калi б я штосьцi i рабiла ў арганiзацыi свят, то здымала б мерапрыемствы на вiдэа.

А.: Я неаднойчы прапаноўвала Надзi паўдзельнiчаць у святах, але пакуль такога жадання ў яе няма. Паколькi яна па характары гэтакi крэмень, якi не будзе саступаць i ў якога «не» значыць «не», то прымушаць яе зрабiць штосьцi супраць жадання бессэнсоўна, дый не трэба. Калi дачка была маленькая, то любiла выступаць на ранiшнiках — i Снягуркай была, i Эльзай з «Халоднага сэрца», ды й цяпер лёгка можа выступiць, аднак катэгарычна не любiць рэпецiраваць i выслухоўваць заўвагi рэжысёра. А вось тэлевядучай дачка стаць не супраць: вясной мы прыдумалi «каранцiнныя» сюжэты для дзяцей, якiя з бацькамi знаходзяцца ў самаiзаляцыi, — вясёлую размiнку з казачнымi персанажамi, вiдэавiншаваннi з днём нараджэння, — i Надзя запiсвала некаторыя сюжэты.

— Што ў прафесii анiматара самае складанае?

Н.: Проста выступаць на сцэне — гэта адно, гэта не страшна i нескладана. А вось калi вакол многа людзей i ад цябе залежыць, якое будзе iх свята, а ты не ўпэўнены, цi ўсё атрымаецца...

А.: Напэўна, самае складанае — знайсцi кантакт з людзьмi, будзе гэта публiка ў вялiкай канцэртнай зале цi госцi на дзiцячым днi нараджэння. Як бы там нi было, сустракаюць па адзежцы, i трэба спадабацца людзям, каб яны разняволiлiся i зацiкавiлiся, — тады цябе пачынаюць слухаць. Часта задавала сама сабе пытанне, з кiм цяжэй працаваць — з дзецьмi або дарослымi, — i адназначнага адказу дагэтуль даць не магу. Напрыклад, з дзецьмi адразу бачыш, падабаецца iм тое, што ты робiш, альбо не, якi ў iх настрой, як цябе ўспрымаюць. Калi гаворка пра вяселле цi юбiлей, дзе збольшага дарослыя, iх прасцей угаварыць на нейкiя рэчы. Асобная гаворка — выпускнiкi школ, яшчэ не зусiм дарослыя, але ўжо не дзецi, з якiмi трэба быць i сяброўкай, i арганiзатарам, што адказвае за правядзенне свята. Але мне пашанцавала ў тым сэнсе, што ўся наша сям'я — творчая: i муж, якi працуе аператарам, i мая сястра з мужам, i наша мама, якая сама шые многiя касцюмы... Таму не бывае свят, якiя раблю я адна, мы ўсе разам, мы — каманда i падтрымлiваем адно аднаго.

— Тады што для вядучага самае прыемнае?

Н.: Не ведаю... Калi свята скончылася, усе гледачы задаволеныя i пляскаюць у далонi. Або калi ставяць «лайкi» пад тваiм вiдэа.

А.: Па вялiкiм рахунку, так i ёсць, самае галоўнае — апладысменты i задаволеныя гледачы незалежна ад узроўню i маштабу свята. Мне здаецца, хто хоць аднойчы адчуў удзячнасць публiкi, гэту зваротную сувязь, той ужо не зможа развiтацца са сцэнай, бо гэта неверагоднае эмацыянальнае сiлкаванне. Узяць мяне: хоць паўгода, як я сышла з гарадскога палаца культуры ў самастойнае плаванне, але некаторыя кiрункi не пакiдаю дагэтуль — напрыклад, творчыя i дабрачынныя праекты для дзяцей з абмежаванымi магчымасцямi, да якiх заўжды прыязджаю з радасцю.

Месяц-два таму, кажа Алеся, былi запатрабаваныя «бескантактавыя святы» з роставымi лялькамi. Цяпер усе больш распранутыя, i дзецi зноў чакаюць у госцi ўлюбёных персанажаў: дзяўчаты — лялек LOL, понi i аднарогаў, хлопчыкi — «Шчанюковы патруль» i герояў «Майнкрафт».

— Якое свята на працягу года для вас самае любiмае?

Н.: Дзень нараджэння. Чаму? Таму што атрымлiваеш мноства падарункаў i вiншаванняў. У мяне, дарэчы, дзень нараджэння 6 кастрычнiка, а ў мамы — 7-га.

А.: Напэўна, Новы год. Як бы нi было шмат работы i стомленасцi, усё адно гэта неверагоднае адчуванне казкi, i нават калi ты ўжо дарослы i сам працуеш на навагоднiх святах i карпаратывах да ранiцы (а я працую ў Новы год, мабыць, гадоў з 17), хочацца крышачку верыць у Дзеда Мароза. Мы з Надзяй пiшам лiсты сапраўднаму Дзеду Марозу, чакаем яго прыходу, а 1 студзеня абавязкова шукаем падарункi пад ёлкай. Сёлета, напрыклад, Дзед Мароз за добрыя паводзiны прынёс тэлефон, i цяпер бацькам трэба кантраляваць час баўлення з iм.

— Калi сказаць пра вядучага свят трыма словамi, анiматар — якая гэта прафесiя?

Н.: Прыгожая... А яшчэ добрая i харошая. Як мама.

А.: Як апiсаць сваю работу? Шчырая, на мой погляд, высакародная i, канешне, любiмая. Мне ў ёй усё падабаецца, нават калi здараюцца нейкiя неспадзяванкi цi экстрэмальныя акалiчнасцi i трэба перарабляць сцэнарый па ходзе. У свой час я падпрацоўвала i ў краме, i складаннем букетаў займалася, i як быццам падабалася, але — не тое, няма такiх сапраўдных, непадробных эмоцый. Магчыма, будзе змяняцца фармат правядзення свят, з'явяцца новыя тэхналогii, але застануцца жывыя стасункi з людзьмi — вось у чым сутнасць.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ i з архiва гераiнi

Баранавiчы — Мiнск

Загаловак у газеце: Свята кожны дзень, альбо Мая мама — анiматар!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».